Прывітанне ад Францыска Скарыны

Завяршылася падарожжа па Беларусі 11 выданняў беларускага першадрукараВандроўка скарынаўскіх кніжак, як паведамляла газета, пачалася ў Гёрліцы, шлях вёў у Мінск, у Нацыянальную бібліятэку, потым у Нясвіж. Цяпер канвалют (сумесна пераплецены камплект кніг) з 11 розных выданняў скарынаўскага перакладу Бібліі) вярнуўся ў Гёрліц. Але чаму менавіта там захаваўся адзіны ў Германіі “збор кніг” Скарыны? Адказу на пытанне не было ні ў выступленнях прамоўцаў, ні ў водгуках друку. Мы пастараемся даць яго ў канцы артыкула.
Нягледзячы на амаль 500-гадовы ўзрост, кнігі Францыска Скарыны добра захавалісяЗавяршылася падарожжа па Беларусі 11 выданняў беларускага першадрукара
Вандроўка скарынаўскіх кніжак, як паведамляла газета, пачалася ў Гёрліцы, шлях вёў у Мінск, у Нацыянальную бібліятэку, потым у Нясвіж. Цяпер канвалют (сумесна пераплецены камплект кніг) з 11 розных выданняў скарынаўскага перакладу Бібліі) вярнуўся ў Гёрліц. Але чаму менавіта там захаваўся адзіны ў Германіі “збор кніг” Скарыны? Адказу на пытанне не было ні ў выступленнях прамоўцаў, ні ў водгуках друку. Мы пастараемся даць яго ў канцы артыкула.
На ўрачыстасці ў Мінску Матыяс Венцэль, дырэктар Верхнелужыцкай навуковай бібліятэкі, у фондах якой захоўваецца рарытэт, адзначыў: Скарына адыграў у беларускай культуры тую ж ролю, што сусветны першадрукар Гутэнберг і перакладчык Бібліі на нямецкую мову, а таксама стваральнік пратэстанцтва Лютэр для Нямеччыны. Прамоўца падкрэсліў, што нямецкі бок даў згоду, каб беларусы зрабілі лічбавую копію ўнікальных выданняў на льготных умовах. Апладысментамі сустрэлі такое выяўленне добрай волі: для даследчыкаў гэта азначае вяртанне гёрліцкіх выданняў на радзіму, бо ім карыстацца добрай копіяй нават лягчэй, чым арыгіналам. У сваю чаргу, сказаў госць, беларускія кнігазнаўцы дапамаглі ў ідэнтыфікацыі іншых выданняў на царкоўнаславянскай мове, якія захоўваюцца ў Гёрліцкай бібліятэцы, выказаў падзяку за гэта.
На ўрачыстасці выступілі міністр культуры Беларусі Павел Латушка, пасол Германіі Вальфрам Маас, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, загадчыца аддзела кнігазнаўства бібліятэкі Галіна Кірэева. Апошняя вяла паказ і на выставе, дзе дэманстраваліся і тыя 10 кніг у шасці вокладках выданняў Скарыны, якія захоўваюцца ў фондах нашай бібліятэкі. Яна патлумачыла, што ў канвалюце прадстаўлены і кнігі, якіх няма ў Беларусі. Сярод іх кніга Быццё з гравіраваным тытульным лістом, чатыры кнігі Царстваў з вядомым партрэтам Скарыны і, самае важнае, невядомая раней у нас першая, уступная старонка да ўсёй Бібліі. Усяго ў канвалюце 1316 старонак. Наведвальнікаў здзіўляла добрая якасць паперы выданняў, якой амаль 500 гадоў! Гаварылі і пра дробныя загадкі, напрыклад, чаму на тым месцы, дзе ў адным з выданняў бачна пчала-працаўніца, у гёрліцкім экзэмпляры — лацінская літара “Z”? Пыталіся, якім чынам кнігі Скарыны трапілі ў Гёрліц, але… гаварылася толькі пра тых, хто іх выявіў у бібліятэцы. Гэта пастар Пітар Лаберз, а як эксперт знаходку пацвердзіў прафесар Норберт Рандаў. Дарэчы, яшчэ ў 1993 годзе гэты беларусіст, прыехаўшы ў Мінск, зрабіў на журфаку БДУ першае ў Беларусі паведамленне пра знаходку. Шырока, са здымкам выклаў у друку тую навіну “Голас Радзімы”.
З Мінска рарытэт паехаў у Нясвіж. Здавалася б, што агульнага паміж магнатамі Радзівіламі і купецкай сям’ёй Скарынаў? Але ж менавіта ў Нясвіжы Сымон Будны працягнуў справу Скарыны і выдаў “Катэхізіс” — першую беларускую кніжку на тэрыторыі сучаснай Беларусі! І менавіта Радзівіл Чорны выдаў так званую Брэсцкую Біблію!
І, урэшце, пра галоўную загадку “канвалютнай гісторыі”: якім чынам кнігі трапілі ў Гёрліц — і больш на германскіх землях нікуды? Адгадка тоіцца ў назве: Верхнелужыцкая навуковая бібліятэка. Гэта, побач з Будышыным, духоўны цэнтр лужычан — заходніх славян. Гёрліц вядомы і пад славянскай назвай Згажэлец: яна падказвае, што горад згарэў, а потым адбудаваўся. І ў часы Скарыны ён быў і цяпер застаецца цэнтрам культуры для верхніх (па Шпрэе) лужычан… Дарэчы, у Мінску нават анталогія паэзіі лужыцкіх сербаў была выдадзена: “Там, дзе Шпрэвя шуміць”.
Дык ці мог Скарына забыцца пра суседніх з Прагай сербаў, калі нават пра аддаленых маскавітаў ведаў, памятаў і збіраўся паехаць да іх?! Ён жа адрасаваў свае выданні ўсім хрысціянам, якія карысталіся ці маглі карыстацца стараславянскім алфавітам. Можа, меў сувязі з сербамі яшчэ ў Празе? І, відаць, таму, калі ў 1519 ці 1520 годзе рашуча накіраваўся з абозам у Вільню, выбраў шлях не праз вядомы яму па ўніверсітэце Кракаў, а праз блізкі да Гёрліца-Згажэльца Вроцлаў. Як сведчаць дакументы, туды да яго прыходзілі розныя людзі, там у яго ўлады (сапраўды ці для прыліку?) канфіскавалі пераклады Бібліі. Але ў вроцлаўскіх архівах і бібліятэках (адзін з аўтараў артыкула там працаваў тройчы і падоўгу) іх проста няма. Вывад напрошваецца такі: пайшлі выданні па гарадах, мястэчках і вёсках лужыцкіх сербаў, як больш зразумелыя (“прастамоўныя”), чым царкоўнаславянскія. А потым 11 з іх трапілі ў Гёрліцкую бібліятэку, дзе іх, як і належала тады, пераплялі ў канвалют, што трапіў сёлета у Беларусь і стаў сенсацыяй.

Людміла Малей, Адам Мальдзіс
На здымку:
Нягледзячы на амаль 500-гадовы ўзрост, кнігі Францыска Скарыны добра захаваліся
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter