Беларуская школа ў Рызе адсвяткавала 20-годдзе

Прытулак любові, купалаўскі дом...

“Прытулак любові, купалаўскі дом...” — хораша кладзецца радок з верша Сяргея Панізьніка на пачатак нататак пра нашу Рыжскую Беларускую асноўную школу імя Янкі Купалы, якая сёлета святкавала 20-годдзе.


Ганна Іванэ (трэцяя злева) з сябрамі і гасцямі ўрачыстасці
Ганна Іванэ (трэцяя злева) з сябрамі і гасцямі ўрачыстасці

Ва ўпрыгожанай зале сабраліся дарослыя і дзеці, настаўнікі, госці, прадстаўнікі Пасольства. Гарталі разам старонкі школьнай гісторыі, якая пачалася яшчэ ў 1991-м, калі на чале з Вячкам Целешам і пры яго ўдзеле з мастацкай студыі “Вясёлка” паўстала нядзельная школа. А праз тры гады пачаў працу і першы беларускі клас. Першым настаўнікам быў паэт і перакладчык Андрэй Гуцаў, які цяпер жыве ў Мінску. Крыху пазней прыйшла Тамара Антонаўна Станкевіч. Яна прыклала шмат намаганняў дзеля адраджэння беларускага школьніцтва ў Латвіі. То  была не проста настаўніца, а вялікі энтузіяст, ініцыятар правядзення беларускіх свят і проста добры і надзейны сябар усім, хто меў тады дачыненне да школы. Тамара Антонаўна ўжо адышла ў Вечнасць, але памяць пра яе захоўваецца ў нашых сэрцах.

Цяпер у Беларускай школе 150 вучняў, 25 настаўнікаў. Моцная каманда, якая працуе на захаванне гісторыі, традыцый беларусаў, ладзіць духоўную повязь маладых пакаленняў з продкамі. Жадаючы зберагчы нацыянальную адметнасць, “беларусамі звацца”, мы клапоцімся пра захаванне моўных, песенных, музычных скарбаў. Прыемна, што рыжскі Дэпартамент па адукацыі, культуры і спорце ў асобе спадарыні Сандры Упітэ даў высокую ацэнку педкалектыву школы. Усе настаўнікі атрымалі пахвальныя лісты.

Кранула і парадавала нас, што на свята прыехаў намеснік Міністра адукацыі Беларусі Сяргей Руды. Высокі госць станоўча ацаніў працу школы, выказаў меркаванні наконт будучыні. Сяргей Валянцінавіч запэўніў: Беларусь з вялікім клопатам і ўвагай ставіцца да Рыжскай школы, будзе так і надалей. Цёплыя словы прагучалі і ад Пасла Беларусі ў Латвіі Марыны Далгаполавай. Пасол упэўнена, што настаўнікі робяць усё дзеля таго, каб вучні сталі адукаванымі, творчымі, адказнымі людзьмі.

Так, у школе працуюць сапраўдныя прафесіяналы, шчырыя энтузіясты, патрыёты, у якіх, можа, крыху больш напружана, чым у іншых, б’юцца сэрцы. Дарагі настаўнік, усміхніся, стань святлейшым ад гэтай усмешкі сам, людзям падары яе, і найперш вучням сваім! Свята ў школе запомніцца нам і музыкаю, спевамі, прыгажосцю беларускіх строяў. Мы адчувалі адзінства і гонар за справу, якую робім. “Беларуская школа ў Латвіі — вельмі каштоўны здабытак усёй нашай дыяспары”, — лічыць Валянціна Піскунова, старшыня Саюза беларусаў Латвіі і даўні сябар школы. А мы ўдзячны ўсім, хто ўдзельнічае ў яе жыцці не толькі ў святы, але і ў будні. З гэтай нагоды — вялікая падзяка нашым сябрам, прадпрымальнікам-мэцэнатам.

У нашым Купалаўскім доме святла і згоды хапае, падаецца мне, на ўсіх. Пяшчотна і пранікнёна гучалі шчырыя віншаванні ад рыжскіх беларускіх суполак “Прамень” і “Сьвітанак”, ад гуртоў “Надзея” і “Вытокі”. Свята нам помніцца, і праца доўжыцца. Я жадаю сваёй роднай школе, каб яшчэ шмат гадоў працвітала яна ў святой любові да малога чалавека. Каб хапала ўсім у яе сценах дабрыні і цярплівасці ў перадоленні цяжкасцяў, каб як мага болей таленавітых і ўдзячных вучняў было. Светлага табе шляху ў будучыню, родная школа!

Ганна Іванэ, дырэктар Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter