Прыцяжэнне зямлі. Ці лёгка стаць лепшым.

У сёлетнюю ўборачную пару камбайнер ЗАТ “Агракамбінат “Зара” Магілёўскага раёна Уладзімір Корсак з памочнікам Аляксандрам Разганавым намалацілі 4148 тон збожжа — больш чым хто ў краіне.

У сёлетнюю ўборачную пару камбайнер ЗАТ “Агракамбінат “Зара” Магілёўскага раёна Уладзімір Корсак з памочнікам Аляксандрам Разганавым намалацілі 4148 тон збожжа — больш чым хто ў краіне.

Калі б гаворка ішла пра год мінулы, які стаў рэкордным на Беларусі па ўраджайнасці, то такі вынік не здзівіў бы нікога. А сёлета... Падумалася, што дасягнуць яго мог, пэўна, толькі вопытнейшы хлебароб, за плячамі якога не адзін дзесятак уборак. Так, “Лексіён” — машына высокапрадукцыйная, камфортная. Аднак усяго толькі машына. Без чалавечай душы, без умелых механізатарскіх рук яна — некалькі тон металу. Вось чаму і меркавалася, што давядзецца сустрэцца з пасівелым ужо ветэранам калгаснай вытворчасці.
Але, надзіва, руку для прывітання працягнуў малады прыгожы мужчына з прыемнай усмешкай і іскрынкай у вачах. Аказалася, Уладзіміру днямі споўніцца толькі 34 гады. Канешне, для мужчыны гэта ўзрост сталасці. Але ж і вопыт, і жыццёвая мудрасць, і, нарэшце, майстэрства яшчэ наперадзе. Аднак нават зараз Корсак ужо многае паспеў. Больш як за дзесяць гадоў змог дасканала авалодаць той тэхнікай, якую яму давяралі. Трэцяе жніво — на камбайне, а астатні час — на нязменным МТЗ. Прычым ёсць ва Уладзіміра такая сапраўдная сялянская жылка — не спяшацца, каб людзей не насмяшыць. Таму, калі яму далі новенькі “Лексіён”, а такі гонар у “Зары” трэба заслужыць, першае жніво прайшло хоць і з нядрэнным намалотам, але не самым лепшым.
— Камбайн трэба было вывучыць, — каменціруе гэта Корсак. — Магчымасці яго адчуць, да ўсіх “наваротаў” прыстасавацца. Машына ж дарагая, складаная. Калі ведаеш толькі, як матор запусціць ды на ніву выехаць, толку не будзе. А па-другое, агрэгат не на адзін жа дзень далі, на ім гады працаваць належыць...
Затое ў наступнае жніво экіпаж з “Зары” намалаціў больш за ўсіх на Магілёўшчыне: таксама больш за 4 тысячы тон. Але пры падвядзенні вынікаў абласнога спаборніцтва “ўмяшаліся” каэфіцыенты, і ён аказаўся толькі другім. На “Дажынках” летась пабываў, падарункі атрымаў.
— І сёлета спачатку ніякай гонкі за лідэрства не было, — заўважае Уладзімір. — Хлеб хоць і не мінулагодні, але таксама важкі вырас, у гаспадарцы па 58,8 цэнтнера на круг сабралі. Адчуваў толькі, што сорамна будзе зрабіць менш за мінулагодняе. Ды і надвор’е спрыяла: ніводнага дажджу падчас жніва не выпала. Тут, як кажуць вяскоўцы, трэба было “ўхапіць”, выкарыстаць момант. Таму і працавалі, не гледзячы на гадзіннік.
Што гэта значыць, можна ўявіць, калі ведаць, што здараліся дні, у якія на сон адводзілася 3—4 гадзіны. А з бункера выгружалі па 300 тон збожжа.
— З жонкай Аленай размаўляў толькі па “сотавіку”, — з усмешкай зазначае камбайнер. — А дзяцей бачыў, калі яны спалі. Прыходжу дадому — усе ўжо адпачываюць, адыходжу — яшчэ адпачываюць. Зразумела, стамляўся.
Ведаеце, нават пасля непрацяглай гутаркі з Уладзімірам Корсакам склалася ўражанне, што гэта чалавек, які ведае, што і як рабіць, які ўпэўнена ідзе па жыцці, дакладна вызначыў яго мэту. Сведчанне таму — трое яго сыноў. Старэйшы, таксама Валодзя, улетку стаў навучэнцам аднаго з каледжаў Магілёва. Вадзім яшчэ школьнік, Косцік стане ім у наступным годзе. “Зараз толькі дачушкі не хапае”, — жартам зазначыў я. На што Уладзімір адказаў: “Пакуль — так. А там...”
Што такое вялікі хлеб, Корсак ведае з самага дзяцінства, бо нарадзіўся ён у Казахстане. Бацька з маці ў маладосці “запісаліся” ў цаліннікі. Паколькі канкрэтнай сельскагаспадарчай спецыяльнасці не мелі, працавалі ў паляводстве. Там і сям’ю стварылі. А калі на пенсію пайшлі, пацягнула ў родныя мясціны. Вось і пераехалі ў вёску Комсенічы, што на Кругляншчыне. Дарэчы, маці і зараз там жыве. А сын памеркаваў так: дзеці падрастаюць, ім добрыя веды патрэбны. Значыць, трэба перабірацца бліжэй да горада. Так сем гадоў назад і апынуліся Корсакі ў “Зары”.
Вёска не адразу і не без прэтэнзій прымае да сябе. Аднак ім стаць тут сваімі ўдалося параўнальна хутка. Вяскоўцы зразумелі, што гэта моцная сям’я, самастойны гаспадар: працавіты, стрыманы і ў застоллі, і ў быце. Гаспадыня Алена таксама ветлівая і паважлівая. Тыя, хто звяртаўся ў мясцовы фельдшарска-акушэрскі пункт, на сабе адчулі гэта. Аўтарытэту дабавіла і тое, што зараз не кожны ў вёсцы затрымліваецца. А Корсакі, па ўсім відаць, прыехалі надоўга.
...Зараз Уладзімір здымае з камбайна і здае на склад тыя дэталі, якія нельга пакідаць на зіму. Глядзіш на яго далоні, па велічыні падвоеныя ў параўнанні са звычайнымі, сапраўдныя рабочыя, не мазолістыя, бо не кувалдай махаць даводзіцца, але ўмелыя і спрытныя, і разумееш: яго праца ад душы. Толькі той, хто адчувае зямлю, яе прыцягненне, можа так самааддана працаваць на ёй. Не дасыпаючы, не адпачываючы. Дзеля таго каб у час сабраць тое багацце, у якое трансфармавалася праца ўсіх вяскоўцаў. Не дзеля грошай. Дзеля справы. Корсак гэта засвоіў яшчэ ў Казахстане, калі ў юнацтве працаваў памочнікам камбайнера. Тады і цягу да тэхнікі адчуў.
— Заробкам не абдзялілі? — пытаюся.
— У нашай гаспадарцы такога не бывае, — адказвае Корсак. — Тут усё па працы. За кожную намалочаную тысячу — прэміі: і ад раённай улады, і ад абласной. Прама на поле губернатар Пётр Міхайлавіч Руднік прыязджаў асабіста павіншаваць з 4-тысячатонным намалотам.
— А як наконт узнагароднай “Волгі”?
— Калі заслужыў — дык чаму б і не, — спакойна адказаў Уладзімір.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter