Прыцягненне заронаўскай вандроўніцы.

Чаму клопаты вясковай настаўніцы сталі гонарам Віцебскага раёна.

Чаму клопаты вясковай настаўніцы сталі гонарам Віцебскага раёна.

Калі ў Віцебскім раёне ладзіцца нейкае свята ці адбываюцца значныя падзеі, ведаю: там абавязкова сустрэну заронаўскую настаўніцу Людмілу НІкІцІну. Такі ўжо яна чалавек. Сказаць пра яе — актыўны, яшчэ нічога не сказаць. Вандроўніца па натуры, нераўнадушная да ўсяго, няўрымслівая і самабытная, дасціпная і шчырая, таленавітая і гаспадарлівая. Невыпадкова яе называюць душой Заронаўскага краю. А ў гэтым годзе яна стала Чалавекам года Віцебшчыны.

Шукай сваю дарогу

Чаму вандроўніца? Зусім не таму, што не сядзіць на адным месцы. Якраз-такі прыехала ў Заронава працаваць настаўніцай у пачатку 80-х гадоў і дагэтуль засталася вернай сваёй школе. Хаця з часам колькасць дзяцей у школе скарацілася і базавая школа перайшла ў разрад пачатковай, да якой далучылі і яслі-сад. Але мясцовая дзятва і ўжо падрослыя юнакі чарадой ходзяць за сваёй настаўніцай. І калі яна куды надоўга ад’язджае, пішуць ёй лісты і пакідаюць у дзвярах кватэры ці хаткі-музея.
У чым сакрэт яе папулярнасці сярод вучняў і іх бацькоў? З ёю — цікава. Побач з Людмілай Канстанцінаўнай пачынаеш разумець сэнс чалавечага існавання на зямлі, сэнс жыцця. Калі нехта імкнецца зрабіць сваё жыццё цікавейшым, ён прыцягвае да сябе іншых. І ўсе разам грамадой яны могуць зрабіць вялікую справу, якая аднаму не падуладна.
Маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Нікіціна прыехала на Віцебшчыну з Баранавіцкага раёна. Прыгажосць Прыдзвіння захапіла дзяўчыну: вёска Заронава знаходзіцца каля вялікага Заронаўскага возера. І настаўніца пачала арганізоўваць для моладзі вандроўкі. Ёй хацелася, каб яе вучні ўбачылі свет, далёкі і блізкі. Ездзілі на радзіму Караткевіча — у Оршу, на радзіму Лынькова — у Крынкі, за кароткі час наведалі вядомыя гістарычныя цэнтры Полацк, Мінск, Кіеў, Кішынёў, Адэсу, Ленінград, Брэст.
Тады ж, у сярэдзіне 80-х, дырэктар школы Аляксандр Гушчанка і дырэктар саўгаса Валерый Бермант папрасілі энергічную настаўніцу стварыць музей баявой і працоўнай славы Заронаўскага краю. Тады ніхто і не думаў, што гэты самы музей і зробіць славу адметнаму мястэчку і яго сціплым лю-
дзям.

Не спыняйся на дасягнутым

Невялічкі музейны пакойчык за чвэрць стагоддзя вырас да саліднага гісторыка-этнаграфічнага музея, яшчэ ў 1996 годзе атрымаў званне народнага, сёння мае пяць залаў і 12 тысяч экспанатаў. Відаць, сама асоба Нікіцінай паспрыяла таму, што ў драўляную музейную хатку людзі з задавальненнем аддаюць свае рэчы, якія сведчаць пра розныя гістарычныя падзеі і моманты з жыцця краю.
— Яшчэ калі распачалі рэстаўрацыю, я сапраўды адчула зацікаўленасць амаль усіх мясцовых людзей, — прыгадвае Людміла Нікіціна. — Дапамагалі хто чым мог. Талакой зрабілі прыбудову, знаёмы бясплатна склаў печ, дзверы, вокны дапамог уставіць лясгас, столь і падлогу слалі мясцовыя майстры таксама за дзякуй. Але, безумоўна, найпершыя мае памочнікі — муж Пётр і сын Стас. Яны і дроў наколюць, і вакол музея парадак навядуць, усё лета траву косяць. Стас цяпер экскурсіі водзіць. Цікавыя рэчы знойдзены ім на берагах рэк Уцвянкі і Шчацінкі, прынёс крыцу, металічнае ядро, фрагменты керамікі.
Калі ўзнікла ідэя стварыць дзве дадатковыя залы, за тры дні вызвалілі пакоі, памылі, пафарбавалі столь і падлогу, паклеілі шпалерамі. Так з’явіліся вельмі папулярныя зараз залы “Настальгія, або Вяртанне ў СССР” і “Калекцыйная”. Да юбілейнай даты музея аддзел адукацыі Віцебскага райвыканкама зрабіў добры рамонт, і цяпер у музейнай “хаце-чытальні” стала ўтульна, тут праводзяць і семінары, і сустрэчы, і ўрокі. Сабрана бібліятэка мемуарнай і краязнаўчай літаратуры, ёсць газеты і часопісы розных гадоў выдання (самая старая газета “Губернские ведомости” пачатку ХХ ст.), школьныя падручнікі, напрыклад “Геаграфія” 1926 года выдання, “Курс лекцый па гісторыі” Ключэўскага 1901 года выдання, мастацкая літаратура 1912, 1914, 1936, 1943 гадоў, пасляваенныя выданні для дзяцей. Студэнты Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава спецыяльна прыязджаюць у Заронава, каб падрыхтаваць курсавую работу па гісторыі краю, праходзяць тут фальклорную і дыялекталагічную практыку.
Рэчы мясцовага побыту можна ўбачыць яшчэ на двары музея: лодка, плужкі, барана, колы, санкі. Ганарыцца Людміла Нікіціна калекцыяй ручнікоў, некаторым з іх па 100 гадоў. Лыжкі, трашчоткі, гармонікі, жалейкі, дудкі і іншыя музычныя інструменты, без якіх раней не абыходзілася ні адно вясковае свята. А вось “параднае шэсце” Дзедаў Марозаў, калекцыя радыёпрыёмнікаў, фарфоравых статуэтак, галаўных убораў, адзення, значкоў, грошай, календароў, бутэлек, гадзіннікаў...
Дапамагае музею і старшыня сельсавета Раіса Ярошкіна. Неяк цэлы багажнік загрузіла старымі рэчамі, якія кінулі былыя гаспадары пры зносе старых хат. Пабываўшы адзін раз у музеі, людзі вяртаюцца сюды зноў і зноў.

Ніхто не забыты

Дваццаць пяць гадоў Людміла Нікіціна адкрывае новыя імёны герояў, загінуўшых пад Віцебскам у 1941—1944 гадах. За час пошукавай работы ўстаноўлена каля 4,5 тысячы імён раней невядомых салдат.
І едуць у Заронава на брацкія могілкі вызваліцеляў нашай Айчыны родныя і блізкія, унукі і праўнукі герояў з розных куткоў Расіі, краін СНД.
— Бывалі дні, што начавалі ў мяне, у маёй суседкі і ў маіх сяброў. Во колькі прыязджала народу! — расказвае Людміла Канстанцінаўна. — Зараз трывалыя стасункі з Маркінымі з Самары, Лукачэнкам з Тальяці, Двойкінымі з Украіны, Петраковымі з Пскоўскай вобласці, Зайцавымі з Самарскай вобласці і шмат яшчэ з кім.
Да пошукавай працы настаўніца ставіцца вельмі адказна, памяць пра загінуўшых у баях на заронаўскай зямлі для яе справа святая. І нядзіўна, што на могілках каля Заронава пачалі вырастаць старадаўнія каменныя крыжы.
— Першы такі крыж мы знайшлі ў смеццевай кучы там, дзе калісьці стаяла царква Святога Ануфрыя, — гаворыць Людміла Нікіціна. — Раўнаканцовы выгляд крыжа сведчыць, што ён адносіцца да ХІІ—ХVI стагоддзяў.
З таго часу ў наваколлі вёскі “вырасла” яшчэ некалькі такіх крыжоў. Старажылы гавораць: гэта знак з неба. Калі людзі клапоцяцца аб духоўным, значыць, іх справы Гасподзь бачыць.
Малодшыя вучні Людмілы Нікіцінай вераць, што яна жыве ў музеі. Раніцай бацькі вядуць іх у школу па сцяжынцы ля музея, там гарыць святло. І позна вечарам у вокнах таксама святло. Значыць, Людміла Канстанцінаўна працуе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter