Нататкі з 15-гадовай гісторыі Беларускай абшчыны Львоўскай вобласці

Прыцягненне Бацькаўшчыны

Нататкі з 15-гадовай гісторыі Беларускай абшчыны Львоўскай вобласці

Сёлета 8 студзеня Беларуская абшчына Львоўскай вобласці адзначыла 15-гадовы юбілей. Пра тое, як ішло станаўленне суполкі, я ўжо расказваў у пазамінулым нумары газеты (“Голас Радзімы”, 5.03.2015). Аналізую шлях, які пройдзены, і раблю выснову: у тым, што і цяпер у абшчыны шмат цікавых спраў, што яна баявая і жыццяздольная, заслуга многіх актывістаў. Мы здолелі правільна размеркаваць абавязкі, падключыць да грамадска карыснай працы сотні супляменнікаў. На мой погляд, не варта кіраўнікам суполак за ўсё брацца самім, як не варта і спадзявацца, што ўсё неяк “само зробіцца”.  

Хор “Белая Русь” — адзін з самых удалых творчых праектаў Беларускай абшчыны Львоўскай вобласці
Фота: Ігар Савосценка

Пагартаем далей старонкі летапісу нашай абшчыны.

2009 год. У абшчыне — каштоўнае папаўненне. Далі згоду і сталі членамі савета суполкі архіепіскап Львоўскі і Галіцкі Аўгустын і Ганаровы консул Беларусі ў Львове Ігар Драцяк. Іншыя супляменнікі былі таксама абраны ў савет абшчыны. У прыватнасці, галоўрэдам газеты “Весткі з Беларусі” стаў Вячаслаў Баровіч. З ім разам мы ў ліпені былі ў Кіеве дэлегатамі з’езду Усеўкраінскага саюза беларусаў. Крыху раней ад беларусаў Украіны мяне, як старасту абшчыны Львоўшчыны, абралі членам Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, што ўтварыўся пры Мінкультуры Беларусі. Я ўдзельнічаў у яго працы 25 чэрвеня ў Мінску. Дэлегацыя абшчыны была на этнафэсце “Чыстыя вытокі Буга”, — ля вытокаў ракі, у сяле Верхнебуж Залачоўскага раёна Львоўшчыны. Там збіраліся мастацкія гурты і дэлегаты ад Украіны, Беларусі, Польшчы, выступаў знакаміты ансамбль “Песняры”.

Пачалі ў 2009-м дзейнічаць пагадненні з землякамі, і дэлегацыя Ганцавіцкага райвыканкама Брэстчыны наведала нашу суполку. Тады ж госці падпісалі дагавор аб дружбе, супрацоўніцтве, абмене досведам працы і ўсталяванні гандлёва-эканамічных сувя­зяў з Самбарскім райвыканкамам Львоўшчыны. Дэлегацыю прымаў уладыка Аўгустын. У той жа год больш за 20 актывістаў абшчыны наведалі Пачаеўскую лаўру (Тэрнопальская вобласць), мы шмат, грунтоўна  папрацавалі і дзеля правядзення Гандлёва-прамысловай выставы-кірмашу Беларусі ў Львове.

2010 год. Знакавая падзея года — мой удзел у працы чацвёртага Усебеларускага сходу народных прадстаўнікоў у Мінску. Ён праходзіў у снежні ў Палацы Рэспублікі, было каля трох тысяч прадстаўнікоў Ураду і іншых галін улады, дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. Прыемна, што і супляменнікаў з замежжа Бацькаўшчына паклікала.

2011 год. Па запрашэнні Міністра культуры Беларусі хор абшчыны “Белая Русь” паўдзельнічаў у Першым Міжнародным фестывалі мастацтваў беларусаў свету. 18 нашых харыстаў былі ў Беларусі з 6 па 8 ліпеня, у тым ліку і на ХХ міжнародным фэсце “Славянскі базар у Віцебску”.

Прадаўжаюцца стасун­кі з беларускімі сябрамі-партнёрамі. У прыватнасці, па персанальным запрашэнні старшыні Ганцавіцкага рай­выканкама (Брэстчына) мы з уладыкам Аўгустынам удзель­нічалі ў святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах. Клапоціцца і Пасольства, каб не пары­валіся нашы сувязі з Бацькаўшчынай: па яго запрашэнні Вячаслаў Баровіч з актывістамі беларускіх суполак шасці абласцей Украіны 11-13 кастрычніка наведалі Мінскую і Гомельскую воб­ласці. Дарэчы, у той год двойчы сустракаліся з членамі абшчыны Пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка і Ганаровы консул Беларусі ў Львове Ігар Драцяк. А пад канец года нас з намеснікам старасты абшчыны Рыгорам Осіпавым запрасілі на Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “20 гадоў без СССР — СНД — Еўразійскі саюз”, якая праходзіла на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”. Удзельнічалі навукоўцы, палітыкі, дыпламаты, грамадскія дзеячы і прадстаўнікі СМІ многіх краін.

2012 год. У ліпені пра­васлаўная абшчына Львоўш­чыны шырока адзначыла 60-я ўгодкі архіепіскапа Львоўскага і Галіцкага Аўгустына, а таксама Дзень памяці яго нябеснага апекуна блажэннага Аўгустына. Мы ганарымся, што вядомы духоўны лідар — наш земляк-беларус, сябар савета абшчыны. Цяпер уладыка Аўгустын служыць мітрапалітам Белацаркоўскім і Багуслаўскім у Кіеўскай вобласці, падтрымлівае з суполкай добрыя стасункі.

У верасні я паўдзельнічаў у заснаванні “Канфедэрацыі беларусаў памежжа”, новай міжнароднай грамадскай арганізацыі. Быў запрошаны ініцыятыўнай групай беларусаў Літвы і Латвіі. Падпісалі ўстаноўчыя дакументы ў літоўскім Вісагінасе. Ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі ды Украіны, з якімі Беларусь мае агульныя межы, запрасілі па адным дэлегаце. Усе пытанні загадзя ўзгаднілі з міністэрствамі замежных спраў Літвы і Беларусі. Я абраны сустаршынёй праўлення арганізацыі. Меў магчымасць паглядзець некаторыя выдатныя мясціны Літвы і Латвіі, пазнаёміцца з цікавымі супляменнікамі.

Па запрашэнні беларускіх дзяржаўных арганізацый наш Вячаслаў Баровіч удзельнічаў у семінары “Фарміраванне іміджу Беларусі ў СМІ суайчыннікаў за мяжой”. Значыць, і наша газета “Весткі з Беларусі” ўжо мае пэўную вагу.

А ў круглым стале ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, калі абмяркоўваўся закон “Аб беларусах замежжа”, удзельнічаў Алег Гур’еў — ён намеснік старасты абшчыны, заслужаны юрыст Украіны, кіраўнік грамадскай прыёмнай прававой абароны нашай арганізацыі.

У 2012-м абшчына ўра­чыста адзначыла 20-я ўгодкі: мы ж “вядзем радавод” ад 1992-га. Віншаванні, узнагароды актывісты атрымалі ад Пасла Беларусі ва Украіне Валянціна Вялічкі — праз Ганаровага консула Ігара Драцяка.

Прызнаннем заслуг абшчыны, вялікім гонарам для ўсіх нас стала прапанова Міністра культуры Беларусі: выступіць мне ад імя беларусаў Украіны з дакладам на Міжнароднай канферэнцыі “Міжэтнічны дыялог і міжэтнічныя ўзаема­адносіны на тэрыторыі СНД”. Я гаварыў, як наша суполка на Львоўшчыне дапамагае беларусам зберагаць нацыянальную ідэнтычнасць, прэзентуе ва Украіне беларускую культуру. Расказаў пра аргструктуру і склад абшчыны, пра кантакты з мясцовымі органамі ўлады, з іншымі этнасуполкамі. Рас­павёў, як Пасольства і Консульства Беларусі супра­цоўнічаюць з намі, дапамагаюць падтрымліваць рознабаковыя сувязі з этнічнай радзімай і прывёў прыклады. Падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за клопат пра ветэранаў вайны і працы, пра нашых дзяцей. Шмат ганаровых грамат, каштоўных падарункаў і прэмій атрымалі актывісты абшчыны. Я ж, як стараста, за актыўную грамадскую працу быў ушанаваны Мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны ардэнамі “Святога роўнаапостальнага князя Ула­дзіміра” і “Ільі Мурамца”. Я падкрэсліў: такой увагі з боку сваёй этнічнай Радзімы не мела і не мае ніводная іншая нацыянальная суполка Львоўшчыны. Словы былі сустрэты апла­дысментамі. З улікам таго, што на канферэнцыі былі розныя міністры і іх намеснікі, я выказаў просьбу: матэрыяльна, фінансава дапамагчы беларускім нядзельным школам у краінах СНД. Паспрыяць таму, каб была там трансляцыя беларускіх тэлепраграм, каб сістэмна выходзілі ў Беларусі гістарычна-этнаграфічныя кнігі — напрыклад, “Беларусы Львоўшчыны”, “Беларусы Крыма” і гэтак далей.

Абшчына прымае дэлегацыю з Беларусі. Лістапад 2013 г.
Фота: Ігар Савосценка

2013 год. Маштабная падзея для абшчыны — гасцяванне ў Львове 8-11 лістапада беларускай дэлегацыі: 45 чалавек. Гэта прадстаўнікі 15 нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі. Былі дзе­лавыя і творчыя сустрэ­чы з этнасуполкамі Львоўшчыны і абмен досведам працы. Прайшла сустрэча з губернатарам, іншымі адказнымі асобамі вобласці, было знаёмства з горадам і яго славутасцямі. Госці паказалі свае канцэртныя праграмы, прайшоў круглы стол для кіраўніцтва этнасуполак горада і вобласці. Кі­раўніцтва Львоўскай абласной адміністрацыі ладзіла ўрачысты прыём у гонар гасцей, ім уручылі памятныя сувеніры і падарункі. Вялікую дапамогу суполцы ў правядзенні ўнікальнага 3-дзённага мерапрыемства ака­зала Пасольства Беларусі ва Украіне, Ганаровы консул Беларусі ў Львове.

2014 год. Ён пачаўся ў складанай для Украіны ўнутрыпалітычнай і міжна­роднай абстаноўцы. Адмі­ністрацыя вобласці і прад­стаўнікі Цэнтра правялі су­стрэчы з кіраўнікамі нацыянальных абшчын горада і вобласці. З улікам абставінаў дзейнічала і наша суполка. Па ініцыятыве прадстаўнікоў Еўрасаюза і Прадстаўніцтва ААН ва Украіне члены савета абшчыны мелі чатыры сустрэчы з іх упаўнаважанымі, гутарылі з імі па пытаннях бягучых падзей, пра дзейнасць нашай суполкі. У верасні я ўдзельнічаў у пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замеж­жа ў Мінску. Гаварылі, у прыватнасці, аб тым, як паўплывае на жыццё дыяспары новы закон “Аб беларусах замежжа”, і што куратарам Кансультатыўнага савета паводле яго стала Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Узорна і паказальна прай­шоў у тыя ж дні другі Фэст мастацтваў беларусаў свету. Госці знаёміліся з Мінскам і яго славутасцямі, выступалі на розных канцэртах. Працавалі фотавыстава “Мы — беларусы”, выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ла­дзіліся творчыя сустрэчы. Быў вялікі гала-канцэрт у Беларускай дзяржфілармоніі, дзе выступалі салісты і мастацкія гурты беларусаў з розных краін. Усе ўдзельнікі фэсту атрымалі памятныя падарун­кі.

Чым жыве наша абшчына цяпер? Мы завяршаем збор і падрыхтоўку гістарычна-этнаграфічных матэрыялаў для выдання кнігі “Беларусы Львоўшчыны”. Рыхтуемся правесці справаздачна-выбарчы сход, абраць новае кіраўніцтва абшчыны. Дарэчы, усяго за 15 гадоў мы правялі 48 агульных сходаў і 18 пасяджэнняў савета абшчыны.

І на заканчэнне. Актывісты Беларускай абшчына Львоўс­кай вобласці адкрыты для супрацоўніцтва з іншымі бе­ларускімі суполкамі, гатовы падзяліцца сваім вялікім досведам працы. Спадзяюся, нешта карыснае нашы супляменнікі возьмуць для сябе і з гэтых нататак.

Сяргей Кулікоў, стараста Беларускай абшчыны Львоўскай вобласці
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter