Прыцягальны музычны свет

Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” у чарговы раз сабраў у Паставах аматараў народнай музыкі з розных краінСтаражытныя Паставы сёлета прымалі лепшых выканаўцаў музычнага інструментальнага фальклору з Беларусі, Расіі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Усяго на працягу трох фестывальных дзён у Паставах звыш за 600 самадзейных выканаўцаў здзіўлялі гледачоў каларытнымі здабыткамі народнай творчасці.
Вясёлай музыкай і спевамі віталі гасцей на Пастаўскім міжнародным фестываліМіжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” у чарговы раз сабраў у Паставах аматараў народнай музыкі з розных краін
Старажытныя Паставы сёлета прымалі лепшых выканаўцаў музычнага інструментальнага фальклору з Беларусі, Расіі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Усяго на працягу трох фестывальных дзён у Паставах звыш за 600 самадзейных выканаўцаў здзіўлялі гледачоў каларытнымі здабыткамі народнай творчасці.
Сапраўды, пастаўскі фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” стаў адметнай з’явай у культурным жыцці краіны. У яго склалася свая гісторыя, з’явіліся і шматлікія прыхільнікі. Гэты яскравы форум народных выканаўцаў нарадзіўся ў Віцебску дваццаць тры гады таму, двойчы праходзіў у Магілёве, а ўрэшце назаўжды прапісаўся менавіта ў Паставах.
І разгадка таму простая: справа ў тым, што жыхарам Паазер’я ўдалося зберагчы народныя музычныя традыцыі, захаваць адметнасць рэпертуару і самабытнасць ігры на музычных інструментах. А ўсё таму, што захапленне нацыянальнымі музычнымі інструментамі дагэтуль перадаецца тут з пакалення ў пакаленне. І сёння ніводнае свята не абыходзіцца на Пастаўшчыне без цымбалаў, гармоніка і скрыпкі.
Вядома, што музычная школа была заснавана ў гэтых мясцінах яшчэ ў ХVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам. Аднак і цяпер яе здабыткі беражліва захоўваюцца, перш за ўсё дзякуючы мясцовым самабытным калектывам. Сярод іх — і Груздаўскі цымбальны аркестр, што быў створаны ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя. Цяпер гэта заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль “Паазер’е”, у складзе якога — выкладчыкі Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Цікава, што, напрыклад, Ванда Мацкевіч іграе ў гурце не на сучасным музычным інструменце, а на тым, на якім гралі продкі яшчэ сто гадоў таму. Менавіта пад старадаўнія цымбалы танчылі полькі, кадрылі, вальсы нашы прабабулі і прадзядулі. Такі інструмент — сапраўдная сямейная рэліквія, прызнаецца Ванда Іванаўна.
Ды не толькі песнямі здзіўляе гасцей Пастаўскі фестываль. Вабіць яшчэ і знакамітымі пачастункамі. “Ёсць такая прыкмета, — гаворыць кіраўнік народнага клуба нацыянальнай кухні, гульняў і абрадаў “Традыцыя” Ганна Балаш. — Хто паспрабуе пастаўскую гарбату з зёлкамі, пірагі ці іншыя ласункі і прысмакі, прыгатаваныя па старадаўніх беларускіх рэцэптах, той абавязкова вернецца сюды зноў. І не аднойчы”.

Кацярына Аляксандрава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter