Вялікая прэзентацыя музейных рэліквій: 79 прыступак углыб гісторыі

Прыступкi ўглыб гісторыі

Нацыянальны гістарычны музей, які мае самую вялікую калекцыю ў краіне, нарэшце прадставіў тое, што збірае, вывучае і захоўвае, але мала каму паказвае.

Днямі там быў прадстаўлены выставачны праект «Вялікая прэзентацыя музейных рэліквій: 79 прыступак углыб гісторыі», які прысвечаны выхаду ў свет ілюстраванага альбома «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь». 

Пояс Вітаўта — адзін з самых  каштоўных экспанатаў музея
Пояс Вітаўта — адзін з самых  каштоўных экспанатаў музея

Калі вы жадаеце трапіць у іншы час – даіндустрыяльную эпоху, тады вам трэба сюды. Экспазіцыя першай залы пачынаецца з адных з самых цікавых музейных экспанатаў – грэка-рымскіх манет. Гэты ўнікальны скарб мае першую катэгорыю каштоўнасці – сусветнае значэнне. Тут жа рэдкія карты — «Мінская губерня з 10 паветамі» (1800), «Карта падарожжа Яе Імператарскай вялікасці ў Беларускія намесніцтвы ў 1780 годзе», скульптуры, якія дэманструюцца ў музеі ўсяго толькі другі раз.

Ёсць што паглядзець мужчынам – сапраўдныя калекцыі антыкварнай зброі XV—XVI стагоддзяў і вайсковае абмундзіраванне. Дарэчы, у музеі захоўваецца больш за 200 тысяч адзінак такіх экспанатаў — гэта самая вялікая калекцыя ў краiне. Тут жа кніга «Мастацтва артылерыі» — мала таго, што першае выданне, дык яшчэ і адзінае ў Беларусі. 



Рэдкія дакументы першай паловы ХІХ ст., патэнт на пацвярджэнне шляхецкай годнасці, эпітафія, пасведчанне аб заканчэнні настаўніцкай семінарыі і іншыя таксама экспануюцца ўпершыню, як і боны – грашовыя знакі часоў паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, якія былі ў абарачэнні на тэрыторыі Беларусі. Ёсць тут таксама фотаальбомы выпускаў Мінскай мужчынскай і Марыінскай жаночай гімназій, якія распавядаюць пра адукацыю на Беларусі ў самым пачатку ХХ ст.

Прадстаўлены і мусульманскі пахавальны сувой далавар, рускія какошнікі канца XVIII–ХІХ стст., мандаліна работы італьянскіх майстроў ХІХ ст.

Другая зала больш камерная, быццам разлiчаная на аднаго наведвальнiка. Тут калекцыі гадзіннікаў, медалёў, мэблі, металу, старадрукаў, абразоў беларускай школы іканапісу. Упершыню ў поўным аб’ёме экспануецца калекцыя слуцкіх паясоў і іх фрагментаў, паясоў па тыпу слуцкіх. Асаблівую ўвагу прыцягвае настольнае люстэрка, вырабленае ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. фірмай К. Фабержэ». 

Многія рэчы выстаўлены ўпершыню. Частка  з іх выканана ў адзіным экзэмпляры
Многія рэчы выстаўлены ўпершыню. Частка  з іх выканана ў адзіным экзэмпляры
  
— Калі паглядзіце ў гэта люстэрка, то памаладзееце на гэтулькі, на колькі вы хочаце, — кажа намеснік дырэктара музея Ніна Калымага, і некаторыя жанчыны адразу накіроўваюцца да яго.

Яшчэ двума скарбамі выставы з’яўляюцца пояс Вітаўта і скрыпка XVI стагоддзя, адзіная ў Беларусі і Расіі. Для гэтых музейных прадметаў можна рабіць асобную выставу. Дарэчы, ілюстраваны альбом «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь», выдадзены супрацоўнікамі музея пры фінансавай падтрымцы ААТ «Прыёрбанк», можна лічыць сучасным рарытэтам. Фотаздымкі і мастацкае афармленне падрыхтавалi Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч.

— Стварэнне гэтага альбома — вялікая калектыўная праца. Мы супрацоўнічалі з рознымі музеямі свету і хацелі, каб наш альбом не саступаў ні Луўру, ні Рускаму музею, — кажа адзін з афарміцеляў.

Сама выстава ўвачавідкі пацвярджае ўнікальнасць калекцыі, якой валодае музей. Дырэктар музея Алег Рыжкоў лічыць, што выстава ўздымае тэму захаванасці і захоўвання гэтых калекцый у нашай краіне:

— На жаль, шмат цікавага і рэдкага знаходзіцца ў часовых сховішчах, не прыстасаваных для такога захоўвання. Таму кожны наш праект адлюстроўвае і трывогу за захаванне нашага мінулага. Спадзяёмся, што ў перспектыве пабудуюць сховішча, якое будзе адпавядаць нашай гісторыі.

alinakasel@gmail.com

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter