Прыстань яе лёсу

У чыстым небе над прыгожымi i велiчнымi купаламi царквы мiгцелi зоры...

У чыстым небе над прыгожымi i велiчнымi купаламi царквы мiгцелi зоры. Над горадам шырока распасцерла самлелыя крылы лiпеньская спёка. Ногi Таццяны Ражэвай абдавала гарачым паветрам ад перагрэтай за дзень асфальтавай стужкi тратуара, але яна нiбыта i не звяртала на гэта нiякай увагi. Iшла i засяроджана думала аб адным: як заўтра правесцi нараду з маладымi спецыялiстамi — культасветработнiкамi, прадстаўнiкамi самадзейных творчых калектываў, якiм неўзабаве давядзецца выступаць у Смаргонскiм i суседнiх раёнах. Як-нiяк, а наперадзе гарачая ўборачная кампанiя.

Iшла па разагрэтым тратуары, абдумвала заўтрашняе выступленне. Думкi аб рабоце крыху адступiлiся, калi нехта паспешна прайшоў побач з ёй, павiтаўся. Жанчына звярнула з тратуара на сваю вулiцу, неяк мiжволi зiрнула на шырокае акно хаты – у iм гарэла святло: «Дачка, вiдаць, зачакалася».

***

...На стале настойлiва зазвiнеў будзiльнiк. Таццяна ўскочыла з ложка, басанож прайшла да акна, адкiнула фiранку, прачынiла фортку. У пакой дыхнула вiльготным паветрам. Сонечны прамень слiзгануў па шыбах, зайграў на шкле шафы. Пакуль гатавала каву, у памяцi прамiльгнулi даўнiя днi: неяк сам па сабе ўсплыў успамiн пра тое, што мiнула, пра тыя ўжо далёкiя днi, што праляцелi хуткакрылай ластаўкай, i нават пра тое, што ў памяцi пазарастала бур’яном разнастайнага клопату.

…Стаяла спакойнае, цiхае надвор’е. Струменiла марозная свежасць. Дзяўчаты i маладыя жанчыны, iх кавалеры i мужы сабралiся ў той вечар ля навагодняй ёлкi. Адны танцавалi пад залiхвацкую мелодыю гарманiста, спрытна пера-бiралi ножкамi ў зiмовых боцiках, другiя пасля выпiтага бакала шампанскага цi чаго мацнейшага падтанцоўвалi жанчынам. У адным кутку плошчы гучала гуллiвая мазурка, у другiм — нехта з аматараў-музыкаў выконваў паланез.

Пад ёлкаю, дзе ўзвышалася вялiкая сцэна, iшло прадстаўленне, выступалi самадзейныя калектывы.

Таццяна Ражэва (на здымку), дзяўчына-красуня, увесь час, колькi вучылася ў школе, падчас святкавання Новага года звычайна выконвала ролю Снягурачкi, але ў той вечар ёй выпала сыграць ролю Бабы-ягi, а другой дзяўчыне, яе сяброўцы, — пераўвасобiцца ў вобраз кiкiмары. Дзяўчаты, апранутыя ў сцэнiчныя касцюмы, павiнны былi, як нечысць, адпуджваць Снягурку. Дзея пачалася. Баба-яга i кiкiмара ўжо ў якi раз пераказалi свае кароткiя тэксты, а Снягуркi ўсё не было. Пасля, не разгубiўшыся, пачалi расказваць гледачам розныя небылiцы, анекдоты, як маглi, адцягвалi час, а галоўная гераiня прадстаўлення з Дзедам Марозам нiбыта скрозь зямлю правалiлiся. Таццяна i Наталля Юркевiч (сёння яна працуе ў галiне культуры вядучым спецыя-лiстам) пачалi нервавацца, а нястрыманыя гледачы ўзнялi свiст i крык, маўляў, хопiць пудрыць мазгi: «Снягурку на сцэну! Няхай дорыць цукеркi. I кропка...» Таццяне падалося ў тую хвiлiну, што Снягурка з Дзедам Марозам наогул ужо не з’явяцца. «Хiба ж можна гэтак! Божачка!» – на вочы Таццяны набеглi слёзы, у грудзях закалацiлася сэрца. А нехта з гледачоў ужо бэсцiў iх. Юныя артысткi у чаканнi благога раз-пораз азiралiся: дзе ж яны падзелiся?

«Што тут нечысць вычвараецца», — ускочыў на сцэну, вытрашчыўшы вочы на артыстак, ап’янелы мужчына. «Псiк са сцэны... Снягурку давайце», – пляская у далонi, пахiстваючыся з боку ў бок, злосна выгукнуў ён. Дзяўчат цi то жартам, цi то ўсур’ёз сцягнулi са сцэны i ледзь не надавалi кухталёў. На шчасце, да гэтага не дайшло. А вось касцюмы Бабы-ягi i кiкiмары папсавалi. У той момант дзяўчатам, вядома ж, было не да смеху. Гэта ўжо крыху пазней акрыялi.

...Але што б нi ўсплыло ў памяцi, над чым бы нi бiлася думка ў гэты лiпеньскi свiтанак, а трэба збiрацца на працу.

***

 Асаблiва хвалюючая тэма i для смаргонцаў, i для культасветработнiкаў раёна – гiсторыка-краязнаўчы музей. Нядаўна яму споўнiлася 25 гадоў. Раней ён месцiўся пад дахам былога касцёла Cвятога Архангела Мiхаiла. Потым, паколькi будынак быў узведзены ў далёкiм ХVI стагоддзi i з’яўляецца гiсторыка-культурным помнiкам, музейцам прапанавалi перасялiцца ў iншае месца – у двухпавярховы будынак былога магазiна. Тут i размяшчаецца музей сёння. На другiм паверсе — выставачная зала. Цiкавая экспазiцыя распрацавана калектывам музея на чале з яго дырэктарам Марыяй Майсевiч i для першага паверха, там будзе ахоплены рэдкiмi гiстарычнымi экспанатамi, дакументамi лiтаральна кожны сантыметр плошчы. Тут размясцяцца чатыры залы, чатыры экспазiцыi, прысвечаныя Крэўскаму замку, Вялiкай Айчыннай вайне i Першай сусветнай вайне, гораду Смаргонi, знакамiтым землякам, дзе, у прыватнасцi, будуць ушанаваны такiя вядомыя дзеячы культуры, мастацтва i лiтаратуры, як заслужаны дзеяч культуры Беларусi Аляксандр Дзяруга, прафесар музыкi Вiктар Роўда i iншыя.

Думаецца, неўзабаве гiсторыка-краязнаўчы музей стане адным з важных духоўных цэнтраў у жыццi не толькi смаргонцаў, але i iх гасцей з Ашмян, Астраўца, Маладзечна, Вiлейкi...

Чаму ж у музеi з’явiцца экспазiцыя, прысвечаная Першай сусветнай вайне (1914—1918 гг.)? «Справа ў тым, — кажа Таццяна Ражэва, — што акурат па тэрыторыi Смаргоншчыны праходзiла лiнiя абароны, якая доўжылася ў той цяжкай вайне (у крывавую бойню былi ўцягнуты 38 дзяржаў свету, загiнула больш за дзесяць мiльёнаў чалавек, а дваццаць мiльёнаў засталiся калекамi) аж 810 дзён. Наконт тых падзей сярод змагароў з iнтэрвентамi нават iснавала такая прымаўка: хто пад Смаргонню не бываў, той i вайны не бачыў. Многiя з удзельнiкаў баёў за праяўленую мужнасць былi ўзнагароджаны Георгiеўскiмi крыжамi. А вось горад быў знiшчаны цалкам: ад урагану вайны, якi вогненным шквалам пранёсся над Смаргонню, з 16 тысяч насельнiцтва засталося ўсяго 160 чалавек». Думаецца, неўзабаве на адной з вулiц цi плошчаў горада з’явiцца помнiк, прысвечаны Першай сусветнай вайне. Ва ўсякiм выпадку, у кiрунку ўшанавання памяцi ахвяр той вайны iдзе iнтэнсiўная праца. Ужо адлiты элементы кампазiцыi для будучага скульп-турнага збудавання-помнiка, вызначана i месца размяшчэння мемарыяла для ўвекавечвання памяцi тых, хто загiнуў у часы Першай сусветнай вайны. Застаецца толькi адшукаць фундатара, якi б даў фiнансавыя сродкi на ажыццяўленне гэтага грандыёзнага праекта.

Такiм чынам, у межах Смаргонi ярка вымалёўваецца «Лiтаратурна-гiстарычнае i турыстычнае кальцо»: Крэва–Кушляны—Залессе—Жодзiшкi. У апошнiм з пера-лiчаных населеных пунктаў таксама ёсць што паказаць айчынным i замежным турыстам: касцёл, езуiцкi каледж, вадзяны млын – гэтыя помнiкi ахоўваюцца дзяржавай. У Кушлянах жа i Залессi жылi i тварылi паэт ды кампазiтар — Францiшак Багушэвiч i Мiхал Клеафас Агiнскi. Ну а Крэва... Гэта перш за ўсё замак, далёкая гiсторыя.

«Я ўжо амаль дваццаць гадоў у сферы культуры, — гаворыць Таццяна Мар’янаўна. — Абрала спецыяльнасць не спантанна, а па падказцы ўласнага сэрца. Яшчэ калi вучылася ў Смаргонскай сярэдняй школе, будучы камсамолкай, актыўны ўдзел прымала ў рабоце культмасавага сектара, нават крыху спявала».

Пасля заканчэння школы Таццяна пайшла працаваць iнструктарам гарадскога Дома культуры (дарэчы, на той час iснавалi два аддзелы культуры – гарадскi i раённы). I, па сутнасцi, тыя гады, мусiць, i былi рашаючымi ў жыццi Таццяны. Некалькi гадоў яна заўзята аддавала сэрца справе i душою зразумела, што культура няхай i вельмi турботная справа (на працягу кароткага тэрмiну змянiлася аж 6 цi 7 дырэктараў Дома культуры), але гэта яе вiрлiвая «бухта», яе прыстанак, яе надзённы хлеб, няхай iншым разам i не дужа салодкi, але той, да якога прыкiпела душою.

***

У Смаргонскiм раёне на сённяшнi дзень спраўна працуюць 52 установы культуры. З iх — 18 клубаў, але гэта не звычайныя ў нашым разуменнi «пляцоўкi» культуры пад дахам, а адгалiнаваннi новага тыпу. Ёсць, напрыклад, дамы фальклору, народнай творчасцi, сацыяльна-культурных паслуг, рамёстваў. Што ж да сеткi раённай цэнтралiзаванай бiблiятэчнай сiстэмы (РЦБС), то ў ёй 28 публiчных бiблiятэк – шэсць у горадзе i астатнiя ў вёсках.

Належная ўвага надаецца музычнай адукацыi падрастаючага пакалення. А ўвогуле ў гэтым прыгожым мастацтве задзейнiчаны аж чатыры ўстановы. Тры з iх знаходзяцца ў вёсках Залессе, Солы, Жодзiшкi.

«Мы працуем у розных кiрунках i, вобразна кажучы, жанрах, звязаных з развiццём народнай творчасцi, рамёстваў, мастацкай самадзейнасцi, – распавядала у час гутаркi Таццяна Ражэва. — Ганарымся, што 21 творчаму калектыву прысвоены ганаровыя званнi народных i ўзорных. Напрыклад, высокiм выканаўчым майстэрствам вызначаецца ансамбль песнi i танца iмя М. Кл. Агiн-скага. Дарэчы, гэта i самы старэйшы, i самы вялiкi творчы калектыў, у якi ўваходзяць харавая, танцавальная i аркестровая групы. Пры Залескiм доме культуры даўно i плённа працуе таксама тэатр лялек «Батлейка».

Яркай iндывiдуальнасцю i ў мастацкiм, i ў эстэтычным сэнсе вызначаюцца народныя калектывы «Кантрасты», «Явар», «Субiта», якiя працуюць пры Смаргонскай школе мастацтваў. У гэтай жа музычнай «акадэ-мii» дасягнулi вышынь майстэрства i ўзорныя дзiцячыя калектывы «Гулянок» i «Вiлляначка».

Безумоўна, асноўнае культурна-асветнае асяроддзе ў жыццi i вяскоўца, i гараджанiна – гэта бiблiятэкi. Але апошнiм часам колькасць iх тут прыкметна зменшылася ў сувязi з тым, што некаторыя «кнiжныя скарб-нiцы» прыйшлi ў непрыдатнасць, маральна састарэлi. Але святое месца пустым не бывае. Двойчы ў тыдзень у аддаленыя i неперспектыўныя вёскi выязджае мабiльная бiблiятэка на колах. Аддзел культуры атрымаў ад людзей добрыя водгукi i парады наконт таго, якiя кнiгi цi перыядычныя выданнi найбольш iх цiкавяць. Высветлiлася, што цяперашнi чытач неабыякавы не толькi да твораў мастацкай лiтаратуры, але цiкавiцца i кнiгамi эканомiка-гаспадарчага, прававога зместу (клапоцяць лю-дзей пытаннi прыватызацыi, афармлення дагавораў дарэння кватэр i лецiшчаў i г.д.), лiтаратурай па гiсторыi, фiласофii.

«Як i ў суседнiх раёнах, у нас iдзе працэс камп’ютэрызацыi бiблiятэк, — працягвае размову Таццяна Мар’янаўна. — Ужо камп’ютэрызавалi iх у аграгарадках: Жодзiшкi, Залессе, Солы, Сiнькi, Лылойцi, Вiшнева, Крэва, Асiнаўшчызна. Гэта цэнтры гаспадарак i дастаткова вялiкiя вёскi. Без афармлення папяровых картак працуе i наша Цэнтральная раённая бiблiятэка: усе даныя на чытача захоўваюцца на электронных носьбiтах. У горадзе працуе шэсць публiчных i дзiцячых бiблiятэк, яны ёсць лiтаральна у кожным з нашых мiкрараёнаў – Каранях, Усходнiм i Цэнтральным».

Штогод фонд мясцовых бiблiятэк, дзякуючы бюджэтным сродкам, што выдаткуюцца на фiнансаванне бiблiя-тэк, папаўняецца на пятнаццаць працэнтаў новай лiтаратурай. Для патрэб чытачоў выпiсваюцца часопiсы i газеты. Сярод iх – «Рэспублiка», «Звязда», «Народная газета», часопiсы «Нёман», «Полымя» i iншыя рэспублiканскiя выданнi.

«У нашых культасветустановах, якiмi з’яўляюцца бiблiятэкi, iснуюць кнiгi запытаў, — расказала далей Таццяна Мар’янаўна, — запiсы, якiя робяцца ў iх чытачамi, мы дэталёва аналiзуем».

***

 Пасля атрымання дыплома аб заканчэннi рэжысёрскага факультэта Мiнскага iнстытута культуры (цяпер Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт культуры i мастацтваў) Таццяна Мар’янаўна працавала шмат на якiх «дзялянках» у сiстэме культасветустаноў горада, паколькi ўвесь час iснаваў нейкi кадравы рух, iшло перасоўванне спецыялiстаў як «па вертыкалi», так i «па гарызанталi»: была iнструктарам Дома культуры, загадчыцай сектара, метадыстам, намеснiкам дырэктара, дырэктарам, пасля перайшла працаваць рэжысёрам у раённы метадычны цэнтр народнай творчасцi. Тут у крапатлiвай працы (пiсала сцэнарыi да тэатральных вiдовiшчаў i свят, канцэртаў i фестываляў) неўпрыкмет праляцелi некалькi гадоў. Яе творчы падыход да справы быў заўважаны, i Таццяну Мар’янаўну Ражэву прызначылi начальнiкам аддзела культуры райвыканкама, дзе i працуе ўжо дзевяць гадоў.

Як бы нi складваўся лёс у Таццяны Мар’янаўны, яна добра разумее адно: што працуе не для сябе, а дзеля людзей. З iх жа дапамогаю вырашае i праблемы, што час ад часу ўзнiкаюць у культурна-грамадскiм асяроддзi. I калi справы ў калектывах ладзяцца, калi тое цi iншае мерапрыемства ўдалося, фестываль прайшоў на ўра i людзi задаволены, то i яна, як кажуць, на сёмым небе. Радуецца, што праца яе не патанула ў халодных цi пахмурных буднях, а засталася ў кагосьцi ў памяцi i душы, няхай нават на дзень цi два. Такая ўжо спецыфiка яе прафесii, яе адказнай пасады.

«Мне падабаецца мой горад i нiкуды б я адсюль не паехала, няхай бы нават нехта абяцаў залатыя горы... — прызнаецца Таццяна Мар’янаўна. — Тут i бацькi мае пахаваны. А песнi як спяваюць у вёсках! Люба-мiла паслухаць! Бацькаўшчына даражэй за ўсё. Дарэчы, мой тата, Мар’ян Iосiфавiч, працаваў печнiком у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, а мама, Валянцiна Якаўлеўна, усё жыццё — тэлеграфiсткай на раённым вузле сувязi. Яны выхавалi трох дачок – я самая малодшая. Усе мы закончылi музычную школу, яна была побач, цераз дарогу ад хаты. Сярэдняя мая сястра, Марына, закончыла музычнае вучылiшча ў Маладзечне i там жа ўладкавалася па спецыяльнасцi ў адным з дзiцячых садкоў, а старэйшая Алена працуе на прамысловым прадпрыемстве».

***

...Разышлiся позна. Неба праяснi-лася на даляглядзе. У гэты вячэрнi час лёгка дыхалася тут, у парку, сярод купалаў царквы i стромкасцi касцёла, памiж якiмi цямнела стужка рачулкi, што падзяляе горад як бы на дзве часткi. У небе серабрыўся месяц. Я крочыў па вулiцы Юбiлейнай, што пралягла ад цэнтра горада, да дома нумар 26, дзе мяне чакалi добрыя людзi — Тамара i Саша Куцэнка, i прыгадваў гутарку з начальнiкам аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццянай Мар’янаўнай Ражэвай. «Ведаеце, — сказала яна, — нехта, пэўна, думае, што культура – гэта прыстань у цiхай бухце. Але гэта не так. Час ад часу ў гэтай «бухце» ўздымаецца такая моцная бура, што хвалi не могуць супакоiцца аж да наступнага штармавога папярэджання».

Вобразна сказана i справядлiва. Бо так яно i ёсць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter