Прысожжа — светлая радзіма. Жыццё — як падарожжа.

У Чэрыкаўшчыны на яе гістарычным шляху было шмат знамянальных і значных падзей. Тут жылі і жывуць працавітыя, добразычлівыя, міралюбівыя людзі, дбайныя гаспадары. Яны свята захоўваюць гісторыю сваёй радзімы і з годнасцю працягваюць дарогу жыцця сваіх продкаў.

У Чэрыкаўшчыны на яе гістарычным шляху было шмат знамянальных і значных падзей. Тут жылі і жывуць працавітыя, добразычлівыя, міралюбівыя людзі, дбайныя гаспадары. Яны свята захоўваюць гісторыю сваёй радзімы і з годнасцю працягваюць дарогу жыцця сваіх продкаў.

400-гадовы волат
Недалёка ад былой вёскі Рамідаўшчына, у маляўнічай пойме ракі Сож расце, здаецца, звычайны дуб. Ад іншых дрэў ён адрозніваецца хіба што сваімі волатаўскімі памерамі. Пры вышыні 26 метраў яго дыяметр 2,5 метра.
Мясцовыя жыхары называюць гэты дуб па-рознаму: Пятроў дуб, дуб-волат. Узрост велікана набліжаецца да 400 гадоў. Гісторыя сведчыць, што паблізу гэтага дрэва праходзіла пераправа рускіх войскаў пад камандаваннем Пятра I. Пра тыя падзеі нагадваюць сёння назвы населеных пунктаў: Маластоўка (ад месца малой стаянкі або стаянкі рускіх войскаў) і Драгунскія Хутары. Бітва 27 верасня 1708 года ў вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна закончылася перамогай рускіх войскаў над перавышаючымі сіламі шведаў. Паводле гістарычных звестак усяго ўцалела крыху больш за чатыры тысячы чалавек.
Пятроў дуб на месцы пераправы — нібы жывы помнік — сведка тых далёкіх часоў.

“Бразкун”
У дзень святых апосталаў Пятра і Паўла 12 ліпеня каля крыніцы паблізу вёскі Наркі штогод збіраецца шмат народу, каб паслухаць слова боскае і набраць гаючай вадзіцы.
Здаўна гэта народнае праваслаўнае свята тут называюць “Бразкун”. А ведаеце, чаму? Як сведчыць паданне, калісьці на гэтым месцы нечакана ў дзень святых апосталаў Пятра і Паўла з-пад зямлі ў вышыню вырваўся моцны струмень вады.  У часы атэізму шмат разоў тут грукаталі рыдлёўкі, закопваючы крыніцу. Але святы выток зноў ажываў на радасць людзям.
Ад продкаў дайшла да нашых дзён ікона святых Пятра і Паўла. Уцалела яна ў гады вайны. Па традыцыі ікона перадаецца на год для захоўвання ў адну з вясковых хат. Адбываецца гэта менавіта на Бразкуна. Там жа ўсе, хто жадае (а такіх шмат), тройчы праходзяць пад вялікай іконай Пятра і Паўла. А ў самой іконы людзі просяць здароўя і дапамогі ў жыцці.
А крынічная вада і сапраўды гаючая. Яна валодае лячэбнымі ўласцівасцямі. Крыштальна чыстая бразкунская вадзіца захоўваецца ў хатніх умовах працяглы час і не губляе сваёй цудадзейнай сілы.

Кацярынінскі парк
У Чэрыкаве, каля раённага Дома культуры, знаходзіцца парк адпачынку (бульвар), які здаўна ў народзе называюць Кацярынінскім. У 1787 годзе, у час падарожжа ў паўднёвыя правінцыі Расіі, імператрыца Кацярына II наведала Чэрыкаў. Пры ўездзе ў горад у яе гонар стралялі з пушак. Ёй нават былі ўручаны ключы ад горада. Кацярына II падаравала на ўсе чэрыкаўскія праваслаўныя цэрквы 300 рублёў. Вясной 1852 года ў гонар гэтай падзеі ў Чэрыкаве пасадзілі шмат дрэў і кустоў. Прычым ліпы размясцілі ў форме літары “Е” (першая літара імя імператрыцы на рускай мове). Дарэчы, да сённяшняга часу гэтыя ліпы ў парку захаваліся.

Помнік эпіграфікі
У лістападзе 2005 года ў час будаўнічых работ на вуліцы К.Маркса ў Чэрыкаве быў знойдзены камень з відарысам крыжа і надпісамі.
Па сведчаннях відавочцаў, камень выпадкова паднялі з глыбіні 1,5 метра. А разам з ім — і астанкі чалавека. Цяпер ужо вядома, што гэта знаходка — аб’ект вывучэння эпіграфікі (дапаможнай гістарычнай дысцыпліны, якая вывучае старажытныя надпісы, спосабы іх напісання і г.д.). Знаходка прадстаўляе сабою валун ледніковага паходжання памерам 77х42х40 см.
На камені ёсць контурны вобразатвор крыжа на падстаўцы з двума прамымі перакрыжаваннямі. Пад ніжнім перакрыжаваннем з двух бакоў  — скарочаны надпіс: “ІС” і “ХС” (“Иисус” і “Христос”). Ніжэй пад крыжам ідзе надмагільны надпіс: “ЗДЕ  ЛЕЖИТ РАБ БОЖИ ПИЛИП В (или Б) АХМЕ”.

Музей якараў
Вёска Мірагошч знаходзіцца на ўзбярэжжы ракі Сож. А па рацэ некалі праходзіў шлях варагаў у грэкі — праз Днепр да самага Чорнага мора. Гэта была водная артэрыя, якая злучала Візантыю з Руссю.
Пазней на Сожы былі верфі і прыстані, па рацэ хадзілі пасажырскія і грузавыя судны.
Магчыма, гэтая гістарычная акалічнасць і прывяла ў Мірагошч Сяргея Дубягу — падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы, які ў вольны час — марак і канструктар. 12 гадоў гэты чалавек стварае музей якараў. Паводле яго слоў, сёння на постсавецкай прасторы падобнага музея няма нідзе.
У кожнага з якараў, якія ўсталяваны на пастамент, свой лёс і гісторыя. Ёсць у калекцыі звычайныя баржавыя якары, бакенныя, нават з нямецкага парахода (якар датаваны ХVIII ст.). Цікавасць прадстаўляе якар для невялікага варажскага судна. Яго ўзрост — стагоддзяў дзесяць.

Сведка даўніны
У 1792 годзе ў Чэрыкаве пабудавалі драўляны касцёл. Аднак у 1856 годзе на яго месцы ўзвялі мураваны храм у стылі рэтраспектыўнай готыкі, якая ў ХIХ стагоддзі стала модным павевам у еўрапейскай архітэктуры.
У час вайны ў будынак трапіў снарад. Рэканструкцыя  пачалася ў 1946 годзе.

Вепрынская дуброва
Любому падарожніку будзе цікава пабываць на тэрыторыі Вепрынскай дубровы, якая з 1963 года з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
Зараз яна знаходзіцца ў Вепрынскім доследным лясніцтве і займае плошчу 16 гектараў. Ужо 206 гадоў шумяць яе магутныя кроны.  Некалі тут знаходзіўся мужчынскі манастыр з двюма драўлянымі цэрквамі. У рэвалюцыйныя гады з манастырскай царквы знялі
15-пудовы звон і спрабавалі перавезці яго праз раку Сож. Але нечакана плот перакуліўся. Звон пайшоў на дно, а ўсе спробы яго падняць не далі выніку. Даўно ўжо няма манастыра. На ягоным месцы сярод лесу засталіся толькі невялікія “копанкі-азёрцы” і неглыбокія равы, якія калісьці абкружалі пабудовы манастыра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter