Читатель «СБ»: свой взгляд на мир сверяю с газетой «СБ. Беларусь сегодня»

Прыслухацца да сэрца

Якi нелiтасцiвы час! Круцiць свае няспынныя жорны, сыпле бель сiвiзною на скронi. Кожны год бяжыць усё хутчэй. Пэўна, таму яшчэ больш хочацца проста жыць, радавацца i часцей заглядаць у дзень мiнулы. Пра гэта мой роздум.

Узгадваю сапраўднага сябра нашай сям’i — газету. Некалi ў наш дом паштальён прыносiў цэлы стос перыядычных выданняў. Мы, дзецi, адразу пачыналi ў iх разглядваць цiкавыя фотаздымкi, шукалi адказы на вiктарыны. Тата захоўваў нумары газет, дзе друкавалiся матэрыялы пра ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, i радаваўся, калi бачыў знаёмыя твары i прозвiшчы. Запомнiлiся шчаслiвыя татавы вочы, калi пазней я, брат i сястра хвалiлiся сваiмi замалёўкамi, рэпартажамi на старонках перыядычных выданняў. А напярэдаднi Дня Перамогi ён заўсёды казаў: «Не забудзьце, дзецi, напiшыце ў газету…» I мы пiсалi, бо разумелi, што нататка пра ваенныя гады для таты як глыток свежага паветра, гэта тое, што дапамагала яму жыць.

Зараз свой погляд праз гады звяраю з табой, паважаная «СБ. Беларусь сегодня».

Мне вельмi даспадобы вёрстка газеты. У журналiстаў рэдакцыi шпаркае i вельмi вострае пяро. На дзiва высакародны i непаўторны стыль, чысцiня думак! I як прыемна, што кожны з вас, шаноўныя журналiсты, дзелiцца са шматлiкай чытацкай аўдыторыяй кропелькай свайго цуду — талентам. Праменьчыкаў дабра ўсiм вам i пазiтыву!

У жыццi ўсё магчыма, калi праца ў радасць. Прыгожае побач, толькi трэба гэту прыгажосць заўважыць, прытулiцца да яе сэрцам… Iскрынкi майго шчасця — гэта дзецi. Iх вучу таму, што ўмею сама, вучуся ў iх i разам з iмi iду па жыццi.

У час урока прапанавала вучням паразважаць над прыказкай «Жыццё пражыць — не поле перайсцi». Адзiнаццацiкласнiкi выказалiся так: жыццёвае поле — гэта месца сустрэч з людзьмi, i добрымi, i дрэннымi. I вымяраецца яно не колькасцю пражытых гадоў, а колькасцю добрых спраў. Калi чалавек сам каваль свайго шчасця, то ўсё ж такi гэтае шчасце шмат у чым залежыць i ад таго, якiя людзi сустрэлiся на шляху. У той момант мне падумалася: мабыць, нiхто з нас нават i не заўважаў, у якi час ён жыве. А калi i рабiў гэта, то мiмаходам. Спытаем любога чалавека, як ён ацэньвае сваё матэрыяльнае цi нематэрыяльнае становiшча. I напэўна, у адказ пачуем шмат скаргаў, незадаволенасцi. А як жа станоўчыя моманты? Няўжо iх зусiм няма?

А можа, сёння так звыклiся з добрым, што яно проста стала чымсьцi звычайным цi нязначным?

Як важна iсцi па зямлi i заўважаць перш за ўсё добрае ў чалавеку. З маленькiх штрыхоў-момантаў i складаецца наша жыццё. Галоўнае — слухаць сваё сэрца i ўсе цяжкасцi перамагаць разам. I тады ўсё абавязкова будзе добра: у сям’i, на працы i ў краiне.

Ганна ПЕРВАЯ, настаўнiк рускай мовы i лiтаратуры гiмназii № 1 Дзяржынска.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter