Беларусь робіць крок у бок «зялёнай эканомікі»

Прыслухацца да прыроды

Тэхналагічныя працэсы не спыніць. Чалавецтва з кожным годам асвойвае ўсё больш тэрыторый, павялічваючы спажыванне незаменных прыродных рэсурсаў. Як зрабіць гэты працэс цывілізаваным і прадуманым? Як упісаць нашы патрэбы ў магчымасці планеты? Прагрэсіўныя краіны свету, у іх ліку і Беларусь, робяць крок у бок «зялёнай эканомікі». «Наша краіна ўмее прыслухоўвацца да прыроды», — сказаў учора ў Мінску на 13-м экалагічным форуме намеснік Прэм`ер-міністра Міхаіл Русы.

«Пазіцыя Беларусi грунтуецца на сімбіёзе развіцця эканомікі і захаванні экалогіі, — лiчыць ён. — У аснову новай праграмы развіцця краіны на чарговую пяцігодку закладзена паняцце «зялёнай эканомікі», гэта значыць, мы гаворым аб рацыянальным выкарыстаннi прыродных рэсурсаў, стварэнні магчымасцей для развіцця эканомікі, а таксама камфортных умоў для пражывання людзей».

Згодна з прынятай у краіне стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2030 года, экалогія ўваходзіць у лік асноўных складальнікаў, з якіх будуюцца стратэгічныя прыярытэты доўгатэрміновага развіцця. І гэта лепшае пацвярджэнне стаўлення да экалогіі нашай дзяржавы, адзначыла на экафоруме першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна. Паводле яе слоў, мы ўкараняем новыя сучасныя энергазберагальныя тэхналогіі, пашыраем выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц энергіі, будуем новыя зялёныя жылыя кварталы і мікрараёны, удасканальваем сістэму кіравання адходамі. Усё гэта сведчыць аб тым, што зялёная мадэрнізацыя краіны набірае тэмпы. Таксама агульныя намаганні ў гэтым накірунку прывялі да таго, што Беларусь па індэксе экалагічнай эфектыўнасці з 73-га месца ў 2005 годзе перамясцілася на 32-е ў 2014-м.

Але гэта не значыць, што прыйшоў час спачываць на лаўрах. Краіна мае патрэбу ў далейшым экалагічным пераўтварэнні, укараненні новых экатэхналогій. І прыклады такіх падыходаў, паводле слоў Іі Малкінай, у нас ужо ёсць. Напрыклад, сістэма збору і выкарыстання адпрацаваных масел. У цэлым, гаворыць яна, сусветны вопыт паказвае, што прыватныя кампаніі паспяхова працуюць на вытворчасць экалагічнай прадукцыі. «Мы спадзяёмся, што цяперашні экафорум стане стартавай пляцоўкай для айчыннага бізнесу ў прасоўванні ідэй укладання сродкаў у зялёныя тэхналогіі», — сказала Ія Малкіна.

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter