Прыпыніцеся на станцыі Янаў Палескі.

У самым сэрцы заходняга Палесся, дзе Беларусь мяжуе з украінскай Валынню, у найпрыгажэйшым куточку нашай краіны месціцца горад Іванава.

Янова — так звалася паселішча ў XV стагоддзі. Так і дагэтуль клічуць райцэнтр старыя людзі. Яго гісторыя бярэ свой пачатак з невялічкай вёскі Порхава. Як сведчаць летапісныя крыніцы, у 1423 годзе вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Вітаўт падарыў гэтую вёску з прылеглымі землямі кафедральнаму сабору ў Луцку. А ў 1465-м епіскап Ян Ласковіч, мабыць, жадаючы ўвекавечыць сваё імя, пераназваў населены пункт у Янаў. Янаў Палескі — так і сёння называецца чыгуначная станцыя на магістралі Брэст—Гомель. Затрымаўшыся тут на некалькі хвілін, пакуль стаіць поезд, заўважыш толькі досыць прыстойны будынак вакзала, а потым — мільгаценне ў вокнах пышных шапак садоў на кожным падворку. А можа, раптам здарыцца вам прыпыніцца ў гэтым маляўнічым куточку хаця б на пару-тройку дзён. Ну дык і не пашкадуеце. Бо гэта будзе выдатная магчымасць пазнаёміцца з дзіўным, насамрэч адметным светам гісторыі і культуры.

Іванаўскі Напалеон

Напалеон Орда — знакаміты ў Еўропе мастак, музыкант, кампазітар, педагог, публіцыст XIX стагоддзя, даследчык і вучоны. Ён — аўтар “Граматыкі польскай мовы” (для французаў) і “Граматыкі музыкі”, якая пабачыла свет у Варшаве ў 1873 годзе. Напісаныя ім паланезы гучалі са сцэн Францыі, Германіі, Польшчы, Беларусі. У Францыі — культурным цэнтры Еўропы — сябрамі Орды становяцца Міцкевіч, Шапэн, Ліст, Расіні, Вердзі, Бальзак, Стэндаль. І ўсё ж у сваёй дзейнасці ён аддаваў перавагу менавіта выяўленчай творчасці і пакінуў нам больш за тысячу акварэляў і графічных прац. Зараз у вёсцы Варацэвічы, на радзіме Напалеона Орды, якога, дарэчы, лічаць сваім і Польшча, і Францыя, ствараецца музейны комплекс Вялікага Грамадзяніна Еўропы. У 2006 годзе тут адкрыта карцінная галерэя, дзе ёсць мемарыяльны пакой творцы, літаграфіі і акварэлі, архіўныя дакументы. А да 2010 года тут плануюць пабудаваць сапраўдны турыстычны комплекс з гасцініцай, рэстаранам, лазняй, майстэрняй па апрацоўцы драўніны. Урэшце — аднавіць сядзібу Орды.

Дастаеўскі — з вёскі Дастоева

Адгэтуль карані і род знакамітага Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. 6 кастрычніка 1506 года расейскаму баярыну Даніле Рцішчаву была падаравана грамата ад пінскага князя на валоданне некалькімі вёскамі (зараз гэта тэрыторыя сучаснага Іванаўскага раёна). Для будаўніцтва сядзібы ён выбраў сяло Дастоева — край непраходных пушчаў, непалоханых звяроў ды рыбнага промыслу ў міжрэччы Ясельды і Піны. Нарадзіліся ў Данілы два сыны. Першынцу Івану далі падвоенае прозвішча — Рцішчаў-Дастоеўскі. Ад яго і вядзецца род Дастаеўскіх. У свой час пры складанні генеалагічнага дрэва было знойдзена 370 яго прадстаўнікоў, адна з галін вядзе якраз да Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага.
Вядома, што прадстаўніком чацвёртага пакалення роду Дастаеўскіх быў Пётр Дастаеўскі, маршалак Пінскага павета, член галоўнага трыбунала Вялікага  княства Літоўскага. Гісторыяй свайго роду цікавіўся і Ф.М.Дастаеўскі. Вось што напісала ў 1897 годзе ў беларускае сяло Дастоева Пінскага павета жонка пісьменніка Ганна Рыгораўна Дастаеўская: “Мой покойный муж Федор Михайлович Достоевский много раз говорил мне, что его род происходит из Литвы от Пинского маршалка Достоевского, избранного в сейм в 1598 году”... Больш за чвэрць стагоддзя таму ў Дастоеўскай сярэдняй школе створаны літаратурна-краязнаўчы музей класіка літаратуры.
Вясною 2007 года вёску Дастоева наведаў праўнук Фёдара Міхайлавіча — Дзмітрый Дастаеўскі, які зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу.

Радзіма першага прэзідэнта Ізраіля

Размова — пра вёску Моталь. Гэтае мястэчка некалі было вядома ва ўсёй Усходняй Еўропе вырабамі сваіх рамеснікаў. Менавіта тут у 1874 годзе ў вялікай сям’і Вейцманаў, якая належала да так званага сярэдняга класа, трэцім з пятнаццаці дзетак нарадзіўся Хаім, якому наканавана было стаць першым прэзідэнтам маладой краіны Ізраіль. Адукацыю хлопец атрымаў у Еўропе, стаў сусветна вядомым вучоным-хімікам, выкладаў у Манчэстэрскім універсітэце. Хаіму Вейцману належыць больш за сто патэнтаў у галіне хіміі, ён дасягнуў нябачных вышыняў у палітыцы, лічыўся адным з мудрэйшых палітыкаў XX стагоддзя, сябраваў з Уінстанам Чэрчылем, Гары Трумэнам, іншымі ўплывовымі палітыкамі. На пост прэзідэнта Вейцман быў абраны ў 1949 годзе, калі яму споўнілася 74 гады.

Ад мора да акіяна — па Дузе Струве

У сасновым бары каля невялічкай вёскі Шчакоцк нядаўна з’явілася адметнасць — ні больш ні менш — сусветнага ўзроўню, з якою гасцей знаёмяць у абавязковым парадку. Зрэшты, дзеля справядлівасці трэба сказаць, што з’явілася яна нашмат раней — гадоў са дзвесце таму, толькі вось раскапалі яе зусім нядаўна — у 2006-м.
У XVIII стагоддзі перад вучонымі паўстала няпростая па тым часе задача — вымераць адлегласць паміж крайнімі кропкамі зямнога шара, каб даказаць, што Зямля ўяўляе сабою шар, а не эліпсоід. Для гэтага неабходна было пракласці дугу мерыдыяна на мясцовасці.
Знакаміты расейскі астраном Васіль Струве быў адным з ініцыятараў работ па пракладцы ланцуга замацаваных на мясцовасці геадэзічных пунктаў. Усяго іх было закладзена 258. У тым ліку 31 — на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Так з’явілася Руска-Скандынаўская дуга — Дуга Струве, якая стала адной з найважнейшых падзей у развіцці сусветнай астраноміі, геадэзіі і геаграфіі.
Цікава, што найлепшым чынам дагэтуль захаваліся менавіта беларускія пункты Дугі. Дуга Струве занесена у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Іванаўскі раён у гэтым шаноўным пераліку прадстаўлены найбольш шырока, ажно трыма пунктамі Дугі Струве, якія знаходзяцца каля вёсак Шчакоцк, Ляскавічы і Асаўніца.

За здароўем — на бабуліны вышкі

У вёсцы Стрэльна прыемна здзівіць сваёй арыгінальнасцю ўнікальны музей народнай медыцыны “Бабуліны вышкі”. Ён такі — адзіны. Уздымаешся па крутой лесвіцы і адчуваеш цудоўны пах. Зёлкі — асноўная частка экспанатаў музея. Усяго тут прадстаўлена больш за 100 відаў розных лекавых раслін. Сабраны народныя рэцэпты настояў, адвараў, мазяў, зробленых на травах. У гэтым незвычайным музеі ёсць і пакой, у якім можна даведацца, як даглядаць немаўля, каб да яго не прычапіліся розныя хваробы, а калі прычэпяцца — то чым пазбаўляцца. І ўрэшце, калі вы завітаеце на “Бабуліны вышкі”, то вас абавязкова напояць незвычайнага смаку духмянай гарбатай, і добры настрой вам будзе гарантаваны.

Звон над Моладавам

Ёсць на Іванаўшчыне невялікая вёсачка Моладава. З канца XV стагоддзя ёю валодалі Войны, старажытны ўплывовы беларускі род, у гонар прадстаўнікоў якога майстрам Марцінам Гофманам быў адліты і ўстаноўлены ў 1533 годзе ў мясцовай царкве звон, аздоблены арнаментам і родавым гербам. Ён быў адметны найперш сваімі памерамі: вышыня да правушын — 62 см, найбольшы дыяметр — 70 см, таўшчыня ліцця — каля
7 см. Але найцікавейшае ў звоне — тэксты. Яны ў некалькі стужак апяразваюць звон. Тэксты напісаны на тагачаснай беларускай мове лацінскімі літарамі.
Калі ў час Вялікай Айчыннай вайны захопнікі, даведаўшыся пра звон, вырашылі вывезці яго ў Германію, жыхары ўначы знялі яго са званіцы і закапалі ў зямлю.
Звон ужо ў наш час адкапалі этнографы Нацыянальнай акадэміі навук. Потым старажытны звон перажыў яшчэ шалёны ўраган 1997 года, быў сарваны разам са званіцай і ўпаў на зямлю. Але майстры адлілі яго такім моцным,  што ён не разбіўся і сёння сваім гучаннем нагадвае людзям пра трываласць усяго сапраўднага на зямлі.

Пакаштуйце мотальскіх прысмакаў

Кулінарны фэст, свята-конкурс страў палескай кухні “Мотальскія прысмакі”, які дэбютаваў  летась, адразу ж стаў пераможцай як “Падзея. Свята года” ў рэспубліканскім конкурсе “Спазнай Беларусь”. У сёлетнім жніўні  з не меншым поспехам прайшоў другі. Шматлікія госці пазнаёміліся з унікальнымі традыцыямі самабытнага палескага куточка, пакаштавалі знакамітыя мотальскія каўбасы ды пірагі, смакату, прыгатаваную мясцовымі гаспадынькамі, набылі прадукцыю мясцовых вытворцаў, якая была прадстаўлена ў надзвычай шырокім асартыменце. Нікога не пакінулі абыякавым і конкурсы страў беларускай нацыянальнай кухні, вясельных караваяў. На выставах-продажах госці з усіх куточкаў Беларусі, а таксама з Літвы, Польшчы, Германіі змаглі  набыць вырабы народных умельцаў, зборы лекавых траў, мёд. Усё — каб толькі на здароўе, зычаць маталяне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter