Прынёманскiя Шчорсы

З сiвых вякоў даўнiны бярэ свае вытокi слынная iх гiсторыя

З сiвых вякоў даўнiны бярэ свае вытокi слынная iх гiсторыя

Першае вядомае пiсьмовае ўпамiнанне пра Шчорсы адносiцца да сярэдзiны XV стагоддзя i звязана са знакамiтым родам Храпто-вiчаў. Ужо ў той час тут iснавала Свята-Дзiмiтраў-ская царква, у якой захоў-валася цудатворная iкона Святога Дзiмiтрыя Салунскага. Паданне сведчыць, што яе падараваў адзiн з пачынальнiкаў роду Храп-товiчаў як удзячнасць гэтаму святому за сваё цудадзейнае выратаванне ў час няўдалай бiтвы з татарамi.

Найбольш яркiм прадстаў-нiком гэтага магнацкага роду з’яўляецца выдатны дзяржаўны, палiтычны i грамадскi дзеяч Вялiкага княства Лiтоўскага Iяхiм Лiтавор Храптовiч, якi нарадзiў-ся ў маёнтку Шчорсы 4 студзеня 1729 года. У памяцi нашчадкаў ён застаўся i як збiральнiк кнiг, рукапiсаў, карт, эстампаў. Больш як 10 тысяч экзэмпляраў гэтых матэрыялаў склалi бiблiятэку ў яго родавым маёнтку ў Шчорсах. Тут захоўвалiся творы найвялiкшых фiлосафаў, класiкаў iтальянскай i французскай мастацкай лiтаратуры, працы па гiсторыi. Храптовiч прывозiў кнiгi з-за мяжы, купляў у iншых заўзятых бiблiяфiлаў, набываў iх пры распродажы маёмасцi закрываемых манастыроў. З часам яго бiблiятэка стала адным з самых значных прыватных кнiгазбораў у Беларусi, ператварылася ў своеасаблiвы культурна-асветнiцкi цэнтр. Гаспадар дазваляў карыстацца кнiжнымi скарбамi ўсiм жадаючым. Ён i сам з’яўляўся аўтарам шэрагу кнiг, вершаваных твораў на польскай мове. У 70-я гады XVIII стагоддзя стварыў у Шчорсах палацава-паркавы ансамбль i пабудаваў новую мураваную Свята-Дзiмiтраўскую царкву. Памёр Храптовiч 4 сакавiка 1812 года.

Прадаўжальнiкам справы Храптовiча на нiве асветнiцтва, мецэнацтва навукi i мастацтва на беларускiх землях стаў яго сын Адам. У Шчорсах ён адкрыў школу, у якой навучалася звыш 300 дзяцей мясцовых сялян. Кнiгазбор бiблiятэкi ў Шчорсах Адам давёў да 20 тысяч тамоў. Дзейнасць яе звязана з такiмi слыннымi iмёнамi, як Адам Мiцкевiч, Ян Чачот, Уладзiмiр Сыракомля i iншыя.

Яшчэ ў 30-я гады мiнулага стагоддзя маёнтак у Шчорсах, якi належаў графу Апалiнарыю Канстанцiнавiчу Храптовiчу-Буцянёву, лiчыўся ўзорнай гаспадаркай, а ў яго сыраварнi праходзiлi практыку многiя сыравары. I сёння ў Шчорсах жывуць людзi, якiя памятаюць апошнiх прадстаўнiкоў слаўнага роду Храптовiчаў.

Шчорсаўская зямля ў ХХ стагоддзi ўзгадавала многiх герояў хлебаробскай працы, двух знакамiтых беларускiх вучоных-акадэмiкаў. Адзiн з iх — вядомы беларускi вучоны, грамадскi дзеяч, празаiк, адзiн з першых акадэмiкаў Беларускай акадэмii навук Iван Андрэевiч Пятровiч (Янка Нёманскi). Ён нарадзiўся 31 сакавiка 1890 года ў вёсцы Краскоўскiя Горы, якая ў сярэдзiне ХХ стагоддзя была аб’яднана са Шчорсамi. Iван Пятровiч скончыў пачатковую школу ў роднай вёсцы, а затым Нясвiжскую семiнарыю i гiсторыка-фiлалагiчны факультэт Пецярбургскага ўнiверсiтэта.

У 1916 годзе быў прызваны ў царскую армiю, ваяваў на германскiм фронце. Адразу пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi працаваў у беларускiм нацыянальным камiсарыяце. Разам з Цiшкам Гартным выдаваў першую савецкую беларускую газету “Дзяннiца.” У радах Чырвонай армii абараняў заваёвы рэвалюцыi. У 1922 годзе Пятровiч вярнуўся ў Мiнск. Будучы чалавекам шырокай эрудыцыi i iнтарэсаў, актыўна ўключыўся ў будаўнiцтва сацыялiстычнай эканомiкi i нацыянальнай культуры. Працаваў у планава-эканамiчных органах БССР. Быў абраны членам ЦВК БССР, з’яўляўся адказным сакратаром Эканамiчнага савета, намеснiкам старшынi Дзярж-плана БССР, прымаў актыўны ўдзел у рабоце Iнбелкульта.

Пасля заснавання ў 1928 года Беларускай акадэмii навук Iвана Пятровiча адразу абралi яе правадзейным членам. Праз тры гады ён стаў членам прэзiдыума акадэмii, вучоным сакратаром Iнстытута эканомiкi. Пасля працаваў загадчыкам кафедры фiнансавых дысцыплiн у Дзяржаўным iнстытуце народнай гаспадаркi.

У 20—30-я гады Iван Пятровiч (Янка Нёманскi), вядомы як пiсьменнiк з пачатку 20-х гадоў, напiсаў шмат навуковых прац, прысвечаных эканамiчнаму становiшчу Беларусi, яе гiсторыi i культуры. У шматлiкiх артыкулах Янка Нёманскi як бы назапашваў факты, назiраннi, якiя пазней былi выкарыстаны iм у мастацкiх творах. Пятровiч стаў ахвярай рэпрэсiй i быў расстраляны ў 1937 годзе. Рэабiлiтавалi яго праз дваццаць год.

У 1990 годзе на радзiме Янкi Нёманскага прайшлi мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя з дня яго нараджэння. Тады ж было прынята рашэнне аб адкрыццi на будынку Шчорсаўскай школы мемарыяльнай дошкi ў гонар Iвана Пятровiча. Яе ўстанавiлi 2 верасня 1991 года.

Сярод ураджэнцаў гэтага знакамiтага краю i наш сучаснiк, вядомы беларускi нейрахiрург, акадэмiк Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Фёдар Васiльевiч Аляшкевiч. Ён нарадзiўся 5 мая 1936 года ў вёсцы Балотца. У Шчорсах скончыў сярэднюю школу, а затым Мiнскi медыцынскi iнстытут. Працоўную дзейнасць пачынаў у Iўеўскiм раёне. Доўгiя гады працаваў у Мiнскiм мед-iнстытуце ў якасцi загадчыка курса нейрахiрургii, загадчыка кафедры нервовых i нейра-хiрургiчных хвароб. Абаранiў кандыдацкую i доктарскую дысертацыi, стаў прафесарам, галоўным нейрахiрургам Беларусi. У 1996 годзе яго абралi акадэмiкам Нацыянальнай акадэмii навук. Навуковыя даследаваннi Фёдара Аляшкевiча прысвечаны сасудзiстым парушэнням, пухлiнам галаўнога мозга, чэрапна-мазгавым траўмам, эпiлепсii, балявым сiндромам.

Ён распрацаваў i прымянiў новыя метады лячэння артэрыяльнай спазмы мазгавых сасудаў, упершыню вывучыў ролю i значэнне некаторых бiяхiмiчных працэсаў пры чэрапна-мазгавых траўмах. На яго рахунку многiя i многiя выратаваныя чалавечыя жыццi. Аляшкевiч уваходзiў у склад Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi.

Сёлета Федару Васiльевiчу споўнiлася б 75 гадоў. Нядаўна на будынку Шчорсаўскай сярэдняй школы была ўрачыста ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Аляшкевiча. На ўрачыс-тасцi разам з землякамi знакамiтага ўрача, кiраўнiцтвам мясцовых органаў улады прысутнiчалi многiя знакамiтыя госцi. Сярод iх былы прэм’ер-мiнiстр краiны i старшыня Мiнскага гарвыканкама Уладзiмiр Ярмошын, першы намеснiк старшынi прэзiдыума, акадэмiк НАН Беларусi, заслужаны дзеяч навукi Пётр Вiцязь, рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта Анатоль Сiкорскi, вучань Аляшкевiча, прафесар Аляксандр Сямак, брат Фёдара Васiльевiча Уладзiмiр, яго сябры... Было вырашана стварыць у школе музейную экспазi-цыю, прысвечаную знакамiтым ураджэнцам шчорсаўскай зямлi.

Iмёнамi Iяхiма Храптовiча, Янкi Нёманскага, Фёдара Аляшкевiча названы вулiцы горада Навагрудка.

Iван ГРЫНЬ, галоўны спецыялiст аддзела iдэалагiчнай работы Навагрудскага райвыканкама

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter