Прынёманне людзьмі і дзівосамі славіцца

Гродзеншчына — цудоўны куточак беларускай зямлі, адна з багацейшых абласцей па колькасці помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку сусветнай каштоўнасці. Сапраўдным цудам з’яўляюцца і яе краявіды: у рэгіёне знаходзіцца Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, ландшафтныя заказнікі “Котра”, “Ліпічанская пушча”, “Сарачанскія азёры” і многія іншыя. Вельмі прыемна, што чытачы “НГ” пастаянна пашыраюць гэты спiс цудамi са сваiх мясцiнаў.Сёння мы папрасiлi скласцi свой пералiк цудаў Гродзеншчыны доктара гістарычных навук, прафесара Вячаслава Шведа і членаў краязнаўчага клуба абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Вячаслаў Швед лічыць, што кожны чалавек, нават зыходзячы з узросту, разумее тэрмін “цуд” па-свойму. Для дзіцяці, напрыклад, цудам можа з’яўляцца і невялікая рачулка ў яго мясцовасці. Цудам прыроды, безумоўна, можна назваць Белавежскую пушчу, частка якой раскінулася і на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Але, на думку вучонага, дарэчы, аўтара значных даследаванняў і кніг па гісторыі Гродна і Гродзеншчыны, сапраўдныя цуды, гэта тыя, якія створаны рукамі чалавека. Вячаслаў Вітальевіч склаў спiс самых значных рукатворных помнікаў гісторыі і культуры Гродзеншчыны разам з калегамі з кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы, загадчыкам якой ён з’яўляецца.
У Гродзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі працуе цэлы шэраг краязнаўчых гурткоў. Гэта і экскурсаводы па Гродне, і эколагі-краязнаўцы, і турыстычныя праваднікі. Гурткоўцы краязнаўчых груп нават аб’ядналіся ў клуб, які арганізуе сумесныя экскурсіі, паходы і сустрэчы з экспертамі. На сустрэчы клуба, прысвечанай заканчэнню навучальнага года, вырашана было прыняць удзел у ініцыятыве “Народнай газеты” і скласці свой спіс-прапанову на сем цудаў Гродзеншчыны.
Спiс цудаў, складзены навукоўцамi i энтузiястамi-краязнаўцамi, атрымаўся вось такім.

1. Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр

Быў заснаваны ў ХVI стагоддзі на месцы, дзе ў 1470 годзе з’явіўся вобраз Жыровіцкай Маці Божай. Месца вякамі намоленае. Сюды і сёння, як дзесяцігоддзі і стагоддзі таму, сцякаюцца патокі вернікаў з усяго свету, каб атрымаць благаславенне ад Маці Божай Жыровіцкай, цудадзейны вобраз якой знаходзіцца ў манастыры. Яна адна з найбольш ушаноўваемых ікон у Беларусі як праваслаўнымі, так католікамі і уніятамі. Гэта адна з самых маленькіх ікон, памерам з дзіцячую далонь (5,6х4 см), уяўляе сабой авал з яшмы з нерукатворным лікам Багародзіцы.
Пры манастыры дзейнічаюць Мінская духоўная семінарыя і акадэмія. А непадалёк ад яго б’е цудадзейная крыніца.

2. Возера Свіцязь

З даўніх часоў таямнічая прыгажосць возера нараджала легенды.
“Стаяў на гэтым месцы горад, цудоўны, як мара. Але аднойчы напалі на зямлю навагрудскую ворагі. І стары і малы, узяўшы зброю, пайшлі змагацца з чужынцамі, засталіся ў горадзе толькі бездапаможныя жонкі, маці і дочкі. Вось ужо трашчаць каваныя меддзю вароты, ужо рыхтуюцца нязломныя свіцязянкі памерці ў пламені. Але раптам здараецца цуд. Расступілася зямля і прыняла ў свае недры горад — не аддала яго ворагу на ганьбаванне. На тым месцы разлілося возера непаўторнай прыгажосці, чыстае як сляза. А на яго празрыстай паверхні з’явіліся дзіўныя кветкі — такіх няма больш нідзе...”
Возера Свіцязь, якое знаходзіцца непадалёк ад старажытнага горада Навагрудка, невыпадкова называюць цудам: і сёння возера славіцца сваёй чыстай вадой. Вучоныя сведчаць, што яго катлавіна ўтварылася больш за 12 тысяч гадоў назад. Вадаём мае надзвычай важнае прыродаахоўнае і рэкрэацыйнае значэнне для рэгіёна і краіны. Ён з’яўляецца цэнтрам дзяржаўнага ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння “Свіцязянскі”.

3. Сынкавіцкая царква

Шэсць стагоддзяў прыцягвае душы людскія адзін з самых загадкавых храмаў Беларусі — Сынкавіцкая царква святога Архангела Міхаіла. Яе нездарма называюць жамчужынай дойлідства: тут аб’ядналіся готыка і традыцыі візантыйскай культуры. Царква-крэпасць, авеяная легендамі, знаходзіцца ў аддаленым куточку Зэльвенскага раёна, за 10 кіламетраў ад Слоніма. Магутныя, паўметровай таўшчыні сцены, гранёныя башні — элементы крэпасці, якая калісьці стаяла на насыпным астраўку і з усіх бакоў была акружана вадой.
Царква, якая доўгія гады была зачынена, зараз дзейнічае. Тысячы паломнікаў з усяго свету знаходзяць сюды дарогу. Гэта адзін з найбольш наведваемых храмаў Беларусі.
На працягу многіх стагоддзяў храм, найбольш верагодным перыядам будаўніцтва якога можна лічыць канец ХV пачатак ХVI вякоў, амаль не змяніў свой знешні выгляд.

4. Аўгустоўскі канал

Гэта помнік гідратэхнічнай архітэктуры першай паловы ХIХ века, які злучыў Нёман з Віслай. У свеце існуюць толькі два водныя шляхі, падобныя гэтаму: у Швецыі і Вялікабрытаніі. Па тэрыторыі Беларусі пралягае прыблізна 21 кіламетр Аўгустоўскага канала, маштабная рэканструкцыя якога была праведзена ў наш час. Зараз гэты цуд, створаны рукамі чалавека, а таксама непаўторная прырода, якая яго ахінае — найбольш любімае месца адпачынку гродзенцаў, а таксама шматлікіх гасцей вобласці.

5. Мірскі замак

Гэты раскошны дварцова-паркавы комплекс, прыгажуні-башні якога ўзвышаюцца над Мірам з 1522 года, па праву ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Спалучэнне рысаў ваенна-фартыфікацыйнага кірунку і мяккасць, пышнасць, велічнасць дварцовай пабудовы, робяць замак адметным. Здаецца, што захаваліся да нашага часу не толькі яго старажытныя сцены, але жыве за імі і сам дух той гістарычнай эпохі рыцарства.
6. Барысаглебская (Каложская) царква
Гэты храм, пабудаваны ў 80-я гады ХII стагоддзя, называюць “сэрцам Гродна”. Каложа — вяршыня дасягненняў самабытнай Гродзенскай архітэктурнай школы, аб чым сведчаць яе асаблівасці: выкарыстанне ў кладцы апрацаваных валуноў, якія служылі таксама і для ўпрыгажэння сцен, наяўнасць мноства галаснікоў, якія не толькі паляпшалі акустыку, але і аблягчалі сценавыя канструкцыі. Прысутнічае тут і “візітка” гродзенскай школы — дэкаратыўнае ўпрыгажэнне фасаду каменем і пліткамі, характар якога вучоныя суадносяць са старажытнаславянскімі традыцыямі вышыўкі і ткацтва.
...Калі ступаеш пад старажытныя зводы таямнічай Каложы, якая ўзвышаецца на абрывістым беразе Нёмана, адчуваеш дзівосную сувязь часоў.

7. Гальшанскі замак

Ад замка, праўда, застаўся толькі ўспамін ды руіны, у якіх ужо вельмі слаба ўгадваецца велічны гатычны палац. А вось барокавы касцёл у мястэчку сапраўды унікальны. Алтар у ім фактычна не існуе — ён намаляваны на сцяне галаграфічным роспісам (гэтаксама, як выявы пад купалам нясвіжскага касцёла). Такіх храмаў, дзе намаляваны алтар, толькі тры ва ўсёй Еўропе. Але самы цікавы аб’ект у Гальшанах — францысканскі кляштар, які захаваўся з самага пачатку XVII стагоддзя. Менавіта там з’яўляецца славуты гальшанскі прывід. Праўда, супрацоўнікаў філіяла нацыянальнага мастацкага музея, які месціцца ў старажытным будынку, гэта зусім не палохае.

8. Касцёл дабравешчання найсвяцейшай Дзевы Марыі і былы кляштар брыгітак у Гродне

Гэта адзіны адметны помнік архітэктуры ранняга барока ў Гродне, зальны храм якога з паўцыркульнай апсідай накрыты агульным высокім чарапічным дахам. Дэкор фасаднага фрыза выкананы ў спецыяльнай тэхніцы (раслінны арнамент у спалучэнні з выявамі міфалагічных істот) — адзіны прыклад падобнай тэхнікі на Беларусі, што добра захаваўся.
У двары кляштара драўляны лямус, аздоблены галерэяй, гэта самы стары драўляны будынак, ён пабудаваны ў 1630-я гады.
Дарэчы, партрэты фундатараў гэтага кляштара ўпрыгожваюць экспазіцыю нацыянальнага музея Рэспублікі Беларусь, як і фрагменты разнога алтара.

9. Касцёл святога Міхаіла Архангела

ў вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна
Пабудаваны ў 1653—1962 гг. з цэглы паводле праекта віленскага архітэктара бельгійца К.Пенса пры кляштары аўгусцінцаў. Сціплы знешні выгляд храма хавае ў сабе залу унікальнай аздобы.
На паверхні сцен цэнтральнага аб’ёму дамінуюць барэльефы з выявамі святых і пышны раслінны арнамент, які, нібы карункі, накінуты на сцены і аб’ядноўвае ўвесь дэкор у адзінае пластычнае цэлае. Кожны рэльеф — гэта тонкае і віртуозна выкананае тэматычнае скульптурнае пано. Дзе ў Беларусі вы яшчэ ўбачыце выяву Хрыста не на Крыжы, а на прарослых замест яго вінаградных гронках?

10. Касцёл святога Яна Хрысціцеля

ў вёсцы Воўпа Ваўкавыскага раёна
Касцёл святога Яна Хрысціцеля пабудаваны ў 1773 годзе на месцы святыні 1478 года. Гэта помнік драўлянага дойлідства позняга барока. Выключную каштоўнасць храму прыдае разны алтар, які датуецца яшчэ першай паловай ХVІІ ст. (яго перанеслі са старога касцёла). Алтар выкананы ў стылі маньерызму і ранняга барока (падобнае захавалася толькі ў Будславе). Гледача могуць падмануць сцены, размаляваныя пад чырвоную цэглу, “мармуровыя” калоны, залатыя вінаградныя лозы з гронкамі, скульптуры Пятра і Паўла, арабескі, галоўкі анёлаў... На самай справе выключна ўсё ў гэтым храме зроблена з дрэва. Сёння гэта самы вялікі драўляны храм на тэрыторыі Беларусі.

11. Палацава-паркавы комплекс у Свяцку

Быў закладзены на сродкі Антонія Валовіча. Гэта самая лепшая па захаванасці магнацкая рэзідэнцыя Панямоння. Толькі ў чатырох палацах Беларусі захаваліся элементы аздобы інтэр’ераў: у Гомелі, Жылічах, Нясвіжы і ў Свяцку. Праект зроблены вядомым італьянскім архітэктарам Джузэпе Сакка. Майстар з Вероны, вельмі дакладна ўлічыў асаблівасці краявіду, акумуляваў два архітэктурныя стылі — барока і класіцызм — у адным будынку. Пры гэтым унутраная аздоба палаца была значна багацейшай за вонкавую. У пакоях — багаты роспіс, каміны, печы ў форме антычных абеліскаў. Дарэчы, фрагменты былой велічнасці захаваліся і да сёння. Захаваўся зарослы парк і водная сістэма, аздоба ў двух залах, а ў некаторых іншых нават роспісы пад пабелкай. Безумоўна, гэты цуд Гродзеншчыны чакае свайго аднаўлення.

12. Ландшафтны заказнік “Азёры”

Сярод шэрагу вялікіх і малых азёр заказніка, безумоўна, цудам можна назваць возера Белае, вакол якога зараз арганізаваны пешыя і веласіпедныя маршруты, а таксама размясцілася шмат аб’ектаў для адпачынку. Сярод іх вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі аздараўленчы комплекс “Азёрны”. Ён, дарэчы, з’яўляецца цудоўным прыкладам арганізацыі адпачынку.

13. Бацька Нёман

“Самая беларуская” з усіх беларускіх вялікіх рэк. Крыніцы яе на Бацькаўшчыне. Узнёслы мастакамі, паэтамі, Нёман і сёння застаецца крыніцай радасці і натхнення людзей Прынёманскага краю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter