Прынцып “аднаго прыпынку” ўжо дзейнічае

Беларускую мяжу на брэсцкім напрамку цяпер можна перасекчы за адну хвіліну
Беларускую мяжу на брэсцкім напрамку цяпер можна перасекчы за адну хвіліну.

Усе аддзяленні памежнага кантролю Брэсцкай памежнай групы, за выключэннем грузавога пункта пропуска “Казловічы”, перайшлі на работу па прынцыпе “аднаго прыпынку”. Асноўная мэта новаўвядзення, як паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага памежнага камітэта, — скараціць час на афармленне дакументаў і забяспечыць максімальную камфортнасць для грамадзян, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу Беларусі. Цяпер для асоб, якія рухаюцца па “зялёным канале”, час на афармленне дакументаў скарочаны з трох хвілін да адной.

Засноўваючыся на новых правілах, пасажыры, прыбыўшы ў зону памежнага і мытнага кантролю на “зялёны канал”, цяпер не пакідаюць транспартны сродак. Прадстаўнік памежнай службы сам падыходзіць да грамадзян і ажыццяўляе пашпартны кантроль.

Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі генерал-маёр Ігар Рачкоўскі асабіста наведаў міжнародны аўтадарожны пункт пропуску “Брэст” і праверыў дзеянне прынцыпу “аднаго прыпынку”. Пасля рэканструкцыі праектная прапускная здольнасць пункта пропуску “Брэст” складае больш за дзве тысячы легкавых аўтамашын, 200 аўтобусаў і 12 тысяч чалавек за суткі.

Алена Цімафеева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter