Прыналежнасць да Радзімы

Мяне гэта, шчыра кажучы, не толькі здзівіла, нават уразіла — калі мой пяцігадовы сын папрасіў паказаць яму новы сцяг Беларусі. Павяла да аблвыканкама, над якім чырвона-зялёнае палотнішча так прыгожа развяваецца на ветры. Тады і падумала: ці не з гэтага пачынаецца краіна — з адчування кожнага да яе прыналежнасці?

Прыналежнасць да сваёй Радзімы на Брэстчыне святкавалі, як заўжды, талакой. У маленькіх ды вялікіх залах гарадоў і  вёсак  напярэдадні Дня Незалежнасці гаварылі ўзнёслыя словы, бібліятэкі ладзілі адпаведныя выставы, у кінатэатрах дэманстраваліся стужкі па тэме. Улады  разам з народам ускладалі кветкі да мемарыялаў.
— Я ўпэўнены, што Дзень Рэспублікі — якраз такое свята,  што яднае ўсіх людзей светлай думкай аб Радзіме, — гаворыць старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў. — Нам пашчасціла жыць у цудоўнай краіне, гарантам будучыні якой — вывераная з народам, глыбока прадуманая палітыка, што праводзіцца кіраўніком  дзяржавы, і найперш — яе накіраванасць у бок дабрабыту беларусаў.
Было і жалобнае. Пад Баранавічамі, у Калдычэўскім лесе, на месцы былога лагера смерці, дзе  скончылася жыццё 22 тысяч мірных жыхароў, адкрылі «сцяну жалю». Арка, што вядзе да могілак, — азначана трыма сімваламі: праваслаўным і каталіцкім крыжамі і зоркай Давіда.
А Беларускі саюз афіцэраў не мог не адзначыць 65-годдзе дня фарміравання 31-й Бранска-Берлінскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава ракетнай дывізіі. Да 90-х гадоў яна была раскватэравана ў Пружанскім раёне. Баявы шлях прайшла, як можна здагадацца, ад Бранска да Берліна.
Аб краіне яшчэ спявалі ў Камянцы — тут адбыўся абласны конкурс патрыятычнай, аўтарскай і бардаўскай песні «Табе мае спевы, Белая Русь».
— Пачынаючы з 1994 года тут традыцыйна штогод праходзіць фестываль самадзейнай песні, — гаворыць начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Рыгор Бысюк. — Ёсць шмат клубаў, пра якія хацелася б расказаць падрабязней, але з нагоды хачу напомніць, што першы абласны фестываль патрыятычнай песні «Табе мае спевы, Белая Русь» адбыўся ў Камянцы ў 1998 годзе. Потым быў конкурс у Брэсце, але менавіта Камянецкі край, дзе існуюць моцныя традыцыі  развіцця бардаўскага жанру, шчыра прымаў абласное свята патрыятычнай песні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter