Прымнажаючы добрыя справы

Мінулы год пры ўсёй яго складанасці стаў для Гомельшчыны ў многім паспяховым. Вобласць у 2003 годзе ўпершыню за апошнія пяць гадоў дасягнула ўсіх асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. На нядаўняй сустрэчы з журналістамі старшыня Гомельскага аблвыканкома Аляксандр Якабсон асаблівую ўвагу звярнуў на здабыткі працаўнікоў вёскі. Валавая вытворчасць прадукцыі палёў і ферм у мінулым годзе перавысіла прагназуемы ўзровень і дасягнула 108 працэнтаў. Сельгасвытворцы вобласці зрабілі ўсё, што ад іх залежыць, каб недабор зерневых і зернебабовых, што ўтварыўся ў выніку неспрыяльных умоў надвор’я, кампенсаваць за кошт высокай аддачы палеткаў, занятых пад іншымі сельгаскультурамі. У абсалютнай большасці раёнаў гэту задачу вырашыць удалося. Чарнобыльская тэма – адна з хвалюючых для жыхароў найбольш пацярпелага рэгіёна рэспублікі. Застаецца яна на вастрыні ўвагі Прэзідэнта і ўрада краіны. Адны з пераканаўчых пацвярджэнняў таму – мінулагодні ўвод у Гомелі другой чаргі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, а таксама крокі па стварэнні ў рэгіёне шырокай навуковай базы чарнобыльскіх даследаванняў. 2003 год стаў і годам сур’ёзных зрухаў у фінансаванні рэалізуемых на Гомельшчыне праграм па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Сумы мэтавых сродкаў, рэальна выдаткаваных на гэтыя мэты, склалі больш як 90 працэнтаў ад запланаваных. На 9 працэнтаў павялічыўся ў мінулым годзе аб’ём капітальных укладанняў на ўзвядзенне чарнобыльскіх аб’ектаў. Чарнобыльская бяда, па вялікім рахунку, не толькі наша. На жаль, у апошнія гады ўвага міжнароднай супольнасці да чарнобыльскай тэмы прыкметна знізілася. Сваё важкае слова ў яе ажыўленні разам з журналістамі павінны сказаць і навукоўцы. Сёлета на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека плануецца правесці шырокамаштабны міжнародны семінар з прыцягненнем да ўдзелу ў ім буйнейшых вучоных свету. Адметнай падзеяй 2004 года стане правядзенне Дзён славянскай пісьменнасці. Улічваючы маштабнасць мерапрыемстваў, частку з іх вырашана перанесці з меркаванай сталіцы свята Турава ў Гомель, дзе ў рамках Дзён мяркуецца ўстанавіць помнік вядомаму асветніку славянства Кірыле Тураўскаму. Абноўленымі і прыгожымі ўступілі ў 2004 год Гомель, а таксама Нароўля, Светлагорск, Акцябрскі і некаторыя іншыя райцэнтры Гомельшчыны. Многае зроблена ў гэтым накірунку ў Мазыры і Мазырскім раёне. Праграме добраўпарадкавання ў вобласці і надалей будзе надавацца значная ўвага, падкрэсліў старшыня аблвыканкома. Як паўплывае на вырашэнне гэтай і іншых задач меркаванае аб’яднанне невялікіх раёнаў у адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку? Пытанне, вакол якога апошнім часам нямала размоў, асабліва ў раёнах — кандыдатах на аб’яднанне. Хваляванні невыпадковыя: ранейшыя эксперыменты ў гэтым накірунку ператварылі былыя райцэнтры вобласці Парычы, Азарычы, Стрэшын, Васілевічы, Журавічы і іншыя ў малаадметныя пасёлкі, са стратай статусу райцэнтраў іх развіццё прыкметна замарудзілася. Як паведаміў Аляксандр Якабсон, сапраўды аблвыканкомам па даручэнні Савета Міністраў вывучалася думка насельніцтва вобласці наконт аб’яднання малых раёнаў. Гэта пытанне таксама выносілася на разгляд сесій некаторых райсаветаў дэпутатаў. З улікам меркаванняў дэпутацкага корпуса і жыхароў Гомельшчыны аблвыканком выклаў сваю пазіцыю па гэтым пытанні: з аб’яднаннем спяшаць не трэба, праблема патрабуе глыбокага і ўсебаковага вывучэння.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter