Прымалі з удзячнасцю

Дні культуры Беларусі ў Азербайджане атрымалі шырокі рэзананс у сродках масавай інфармацыі
Дні культуры Беларусі ў Азербайджане атрымалі шырокі рэзананс у сродках масавай інфармацыі.

Мерапрыемствы Дзён шырока асвятлялі азербайджанскія СМІ, у тым ліку вядучыя тэлеканалы краіны. Сама ж іх праграма знайшла жывы водгук у грамадскасці. Дні культуры Рэспублікі Беларусь былі прымеркаваныя да 15-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма дзяржавамі.

Урачыстае адкрыццё Дзён адбылося ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі. Тут жа прайшоў гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі. Азербайджанскі глядач змог пазнаёміцца з творчасцю Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, ансамбля “Сябры”, Тэатра песні Ірыны Дарафеевай, пераможцы дзіцячага конкурсу “Еўрабачанне-2005” Ксеніі Сітнік, салісткі Белдзяржфілармоніі Людмілы Лазарчык, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Пятра Ялфімава і Гюнеш Абасавай.

Беларускія майстры мастацтваў таксама выступілі з вялікім канцэртам у Сумгаіце, пабраціме горада Магілёва, а ў тэатры песні імя Рашыда Бейбутава прайшоў сольны канцэрт Ірыны Дарафеевай. У Мастацкай галерэі Баку адкрылася выстава работ народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі, а ў сталічных кінатэатрах дэманстраваліся новыя беларускія фільмы: камедыя “На спіне ў чорнага ката” Івана Паўлава і “Шчыт Айчыны” Дзяніса Скварцова.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter