Дні беларускай культуры ў латвійскім горадзе ўмясцілі ў сябе сустрэчы, канцэрты, майстар-клас і прэзентацыі новых кніг

Прымі дарункі, Даўгаўпілс!

Дні беларускай культуры ў латвійскім горадзе ўмясцілі ў сябе сустрэчы, канцэрты, майстар-клас і прэзентацыі новых кніг


 Майстрыха з Браслава Л. Рулевіч з супляменніцамі з Даўгаўпілса Я. Гуляевай і В. Паўловіч

Такія дні — ужо традыцыйныя ў нашым горадзе, яны праходзяць штогод у маі як важны складнік Дзён славянскай культуры. Сёлета, пачаўшыся 15 мая, Дні беларускай культуры праходзілі з песнямі, танцамі, музыкай, вершамі. Былі прэзентацыі кніг, выставы рамеснікаў, гульні з дзецьмі. Асаблівае гучанне святу надало адкрыццё ў Рызе Беларускага інфармацыйнага цэнтра. Паміж ім і Цэнтрам беларускай культуры ў Даўгаўпілсе заключана пагадненне аб супрацоўніцтве, яго падпісалі 15 мая кіраўнікі ўстаноў Уладзіслаў Рэдзькін і Жанна Раманоўская. На адкрыцці Беларускага цэнтра прававой і турыстычнай інфармацыі ў Даўгаўпілсе прысутнічаў Генконсул Беларусі Уладзімір Клімаў: падзея значная. Цяпер жыхары горада змогуць атрымаць неабходныя звесткі пра жыццё, законы ў Беларусі. Бізнесоўцам, напрыклад, будзе цікава, як весці справы ў беларускіх умовах. Электронны рэсурс для доступу да беларускіх дзяржаўных інфармацыйна-прававых крыніц прадаставіў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі (НЦПІ) Беларусі.

Яшчэ ў Даўгаўпілсе ладзіўся майстар-клас па ткацтве паясоў на дошчачках ад супрацоўніцы Браслаўскага музейнага аб’яднання Людмілы Рулевіч. Тэхніку, на першы погляд складаную, за пару гадзін асвоілі і дзеці: пад кіраўніцтвам майстра кожны сплёў нацыянальны пояс. А ў Палацы культуры прайшоў вялікі канцэрт песень “Палын і медуніца” на вершы Станіслава Валодзькі. Песні гучалі на беларускай, рускай і польскай мовах. Гледачоў віталі Генконсул Беларусі Уладзімір Клімаў, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, прадстаўнікі ўпраўлення культуры горада, цэнтраў польскай, рускай, украінскай культур. Музыку да вершаў паэта напісалі розныя кампазітары, і на сцэне былі гурты і салісты з розных этнасуполак. Вершы Станіслава Валодзькі чыталі Галіна Сантоцкая і Людміла Сінякова. Завяршала канцэрт песня “Беларускі дом” — гэта гімн даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры і Культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.

У нашым Цэнтры беларускай культуры прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй, потым супрацоўнікі ЦБК правялі цікавыя навучальна-гульнёвыя заняткі “Нашы суседзі-беларусы” ў дашкольнай установе №5. А 20 мая ў Цэнтры адкрылася выстава твораў з бісера Анастасіі Сазанковай, таленавітая ўраджэнка Полаччыны і расказвала пра такое рукадзелле. А 22 мая ў ЦБК прэзентаваўся зборнік песень “Два сэрцы” Людмілы Вілюмы і Яўціхія Канаплёва.


Канцэрт “Дзве сястры — Беларусь і Расія” з удзелам творчых гуртоў цэнтраў рускай і беларускай культуры, а таксама артыстаў з Оршы і Мёраў прайшоў 25 мая на пляцоўцы ля Рускага дома. Гледачоў і артыстаў віталі віцэ-мэр Даўгаўпілса Яніс Дукшынскі, Генконсул Расіі Алег Рыбакоў, консул Беларусі Антаніна Струнеўская. На канцэрце выступалі, у прыватнасці, нашы гурты “Пралеска” і “Спадчына”, паэт Станіслаў Валодзька, вакальны дуэт Дар’і Шук і Святланы Атопкінай з Мёраў.

Дні славянскай культуры прадоўжыліся 26 мая ў Палацы культуры — канцэртам “Падарунак роднаму гораду”. Акрамя гасцей з Беларусі, у ім удзельнічалі гурты этнасуполак, беларусаў прадстаўляў танцавальны гурт “Лянок”. Як адзначыў мэр Даўгаўпілса Яніс Лачплесіс, садружнасць людзей і культур — вялікая каштоўнасць, якую ўсім варта шанаваць. Залатыя словы!

Днямі ў ЦБК прайшла прэзентацыя кнігі “Уздым” на пачатку ХХІ стагоддзя”. Гэта аповед пра дзейнасць нашай суполкі за апошняе дзесяцігоддзе. Кніга выдадзена пры падтрымцы Даўгаўпілскага краявога самакіравання, гэта — знак прызнання нашых заслуг у культурным жыцці краю. А завяршыліся Дні беларускай культуры 3 чэрвеня. Мы не проста падвялі вынікі творчай народнай акцыі “Беларускі абярэг да 740-годдзя Даўгаўпілса”, а і падарылі гораду ўнікальны рукатвор — коўдру, пашытую з невялікіх  вязаных і вышытых шматкоў. Імёны ўсіх майстрых пералічаны ў спецыяльнай дарчай грамаце.

Такая вялікая мазаіка імпрэзаў, святаў, безумоўна, запатрабавала немалых намаганняў ад актывістаў беларускага руху ў нашым краі. Аднак, як адзначыў Генконсул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў у сваім прывітанні, мерапрыемствы Дзён беларускай культуры паспрыяюць пашырэнню культурнай спадчыны Беларусі, пазнаёмяць жыхароў Латвіі з беларускімі традыцыямі і звычаямі. Народныя песні і танцы, абрады, промыслы і рамёствы — гэта падмурак любой культуры, яны надаюць непаўторнасць кожнаму народу.

 Нам прыемна ўсведамляць: і мы, беларусы Даўгаўпілса, жывем, дыхаем, рухаемся наперад у жыццядайнай плыні роднай культуры.

Жанна Раманоўская, кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter