Около 160 ярмарок и скидки до 70 процентов: какие сюрпризы готовит торговля к Новому году

Прылаўкі добрага настрою

Да новага года застаецца няшмат часу. Каб стварыць святочную атмасферу, работнікі гандлю актыўна рыхтуюцца да правядзення елачных кірмашоў і ўпрыгожваюць свае аб’екты тэматычнай атрыбутыкай. Пра гэта распавёў начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Міхаіл Жыгала:

— Праца па тэматычным афармленні вітрын аб’ектаў гандлю, грамадскага харчавання, гандлёвых і абедзенных зал, прылеглых да іх тэрыторый і фасадаў з выкарыстаннем святочных інсталяцый, ілюмінацыі і сучасных дызайнерскіх прыёмаў праводзілася з лістапада і ўжо паспяхова завяршылася.

У перадсвяточныя і святочныя дні па ўсёй краіне падаўжаецца рэжым працы гандлёвых аб’ектаў.

Да вашых паслуг

У перадсвяточныя і святочныя дні па ўсёй краіне па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі падаў­жаецца рэжым працы як гандлёвых аб’ектаў, так і грамадскага харчавання. Як правіла, буйныя аб’екты працуюць да 23:00, таму праблемных пытанняў адносна набыцця неабходных тавараў у спажыўцоў не ўзнікае. У аб’ектах грамадскага харчавання арганізаваны прыём папярэдніх заказаў ад насельніцтва на мучныя, кандытарскія, булачныя і кулінарныя вырабы, у тым ліку ў банкетным афармленні. Акрамя таго, распрацавана святочнае меню, якое ўлічвае традыцыі і асаблівасці свята. Прадстаўлены шырокі асартымент страў і напояў айчыннай вытворчасці.

Па ўсёй краіне арганізаваны прыём заказаў на абслугоўванне навагодніх і калядных агеньчыкаў і карпаратываў. Арыенціровачны кошт гэтых мерапрыемстваў у аб’ектах грамадскага харчавання ў залежнасці ад фармату правя­дзення складае ад 27 да 160 рублёў на чалавека. У навагоднюю ноч цэны будуць крыху вышэй і, паводле папярэдняй інфармацыі, будуць вар’іравацца ад 50 да 200 рублёў.

Мяркуецца арганізацыя тэматычнага пераднавагодняга абслугоўвання ветэранаў ВАВ, шматдзетных сем’яў, людзей пенсіённага ўзросту і тых, хто мае патрэбу ў сацыяльнай дапамозе.

Елка шукае гаспадароў

Ва ўсіх рэгіёнах і ў Мінску актыўна праходзіць падрыхтоўка да правя­дзення кірмашоў. Усяго па краіне ў перыяд святочных мерапрыемстваў іх запланавана правесці каля 160. На пачатак снежня праведзена 244 выставы-продажы, каля 15000 святочных распродажаў, 50 рэкламных акцый. Варта адзначыць, што ўсе мерапрыемствы па падрыхтоўцы да свят выконваюцца з улікам захавання правілаў прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі. У выпадку змянення эпідэміялагічнай сітуацыі на тэрыторыях асобных адміністрацыйных і тэрытарыяльных адзінак магчымы змены ў колькасці запланаваных мерапрыемстваў і ў фармаце іх правядзення.

З 14 снежня ў сталіцы пачнуць працаваць елачныя базары. Па краіне кошт елкі ў залежнасці ад рэгіёна і вышыні дрэва стартуе ад 6 рублёў 20 капеек (без НДС). Ва ўсіх рэгіёнах запланавана больш за 9000 мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне спажывецкага попыту. У гандлёвых аб’ектах краіны прапануюцца штучныя елкі і хвоі, больш за 100 найменняў па рознічных цэнах ад 4 рублёў 16 капеек. Асартымент карнавальных касцюмаў налічвае больш за 100 відаў коштам ад 8 рублёў.

З 18 снежня на пляцоўцы каля Палаца спорту і на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску запланавана правядзенне традыцыйнага каляднага кірмашу, на якім будзе прадстаўлены шырокі асартымент цацак, сувеніраў, навагодніх падарункаў, елачных упрыгажэнняў, падарункавых набораў, харчовых тавараў і прадукцыі грамадскага харчавання. У навагоднюю ноч кірмаш будзе працаваць да 4:00. Таксама навагоднія кірмашы пройдуць ва ўсіх адміністрацыйных раёнах Мінска і гарадах абласнога падпарадкавання.

Аб’екты гандлю на ўсю моц працуюць над тэматычным афармленнем.

Поўны стол

Зараз айчыннымі вытворцамі сумесна з прадпрыемствамі гандлю вядзецца праца па стварэнні запасу навагодніх падарункаў, кандытарскіх вырабаў, шампанскага і іншых тавараў, якія карыстаюцца павышаным попытам напярэдадні навагодніх свят. Пакупнікам прапанавана да 50 разнавіднасцей кандытарскіх навагодніх падарункаў ад 300 грамаў да трох кілаграмаў. Рознічныя цэны стартуюць ад 3 рублёў 90 капеек і залежаць ад вагі і камплектацыі.

У шырокім асартыменце прадстаўлена шампанскае: у продажы больш за 40 найменняў па цане ад 4 рублёў за 375 мілілітраў і 5 рублёў 40 капеек за 750 мілілітраў.

У мэтах папярэджання і спынення фактаў неабгрунтаванага росту цэн на гэтыя тавары МАРГ праводзіць штотыднёвы маніторынг цэн на тавары павышанага попыту: свежую гародніну і садавіну, ікру, рыбу і морапрадукты, кансерваваны зялёны гарошак, каўбасы і вяндліну, шампанскае і ігрыстае віно, шакалад і кандытарскія вырабы. У выпадку выяўлення фактаў завышэння ці неабгрунтаванага росту будуць прымацца меры аператыўнага рэагавання.

Валёнкі ў падарунак

Па словах намесніка старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці Вадзіма Ламкова, распрацоўкай святочнага асартыменту прадпрыемствы галіны займаліся яшчэ ў маі. У пачатку лістапада з канвеера ўжо сталі сходзіць святочныя вырабы, якія актыўна паступалі ў продаж. Зараз практычна ўсе прадпрыемствы гандлю забяспечаны прадукцыяй цалкам. 

Асартымент тэматычных тавараў канцэрна «Беллегпрам» велізарны: ад святочных ахоўных масак да камплектаў сталовай бялізны і валёнак. Як адзначыў Вадзім Ламкоў, добрым попытам карыстаецца тэкстыль: ручнікі, абрусы, наборы пасцельнай і сталовай бялізны, святочнае адзенне. Дарэчы, тэкстыльныя прадпрыемствы галіны абнаўляюць асартымент, арыентуючыся на апошнія тэндэнцыі: каля 50 працэнтаў прадукцыі выканана ў новых рашэннях дызайнераў. Не адстаюць і трыкатажныя, швейныя вытворчасці.

Ва ўсёй фірменнай сетцы прадпрыемстваў канцэрна «Беллегпрам» прапануюцца навагоднія зніжкі да 70 працэнтаў, якія дзейнічаюць з 1 снежня.

grudnitski@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter