Прыклад паказалі… дзеці!

МЕРКАВАЛАСЯ, што адразу з дакладам па гэтым пытанні выступіць старшыня райвыканкама Алег МОРХАТ. Аднак першымі на сцэну Дома культуры выйшлі … дзеці.

Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, ідэалагічны актыў раёна падвялі першыя вынікі рэалізацыі раённай праграмы па беражлівасці

МЕРКАВАЛАСЯ, што адразу з дакладам па гэтым пытанні выступіць старшыня райвыканкама Алег МОРХАТ. Аднак першымі на сцэну Дома культуры выйшлі … дзеці.

Спачатку свой мастацкі нумар на тэму эканоміі вады і электраэнергіі паказала агітбрыгада раённай гімназіі, пераможца абласнога конкурсу. Потым вучні Прошкаўскай сярэдняй школы Канстанцін Кміта і Дзяніс Ціманоўскі падзяліліся вынікамі ўласных даследаванняў па беражлівасці электраэнергіі. Канстанцін паведаміў, што іх вясковая сям’я, карыстаючыся лазняй, замест душа, у якім стаіць электранагравальнік вады, сэканоміла сродкаў на двухмесячную аплату за электраэнергію. Дзяніс расказаў, што выкарыстанне люмінісцэнтнай лямпачкі замест звычайнай скарачае расход электраэнергіі на 80 працэнтаў. За 5 год, а менавіта такі тэрмін яе службы, 10 люмінісцэнтных лямпачак дадаткова прынясуць у сямейны бюджэт 2 мільёны рублёў. Вучаніца Удзелаўскай сярэдняй школы-сада Кацярына Кушнярэвіч даказала, што люмінісцэнтныя лямпачкі да таго ж станоўча ўплываюць на зрок.

У дваццатку лепшых у акцыі БРСМ «100 ідэй для Беларусі» ўвайшлі вучні Глыбоцкай гімназіі Андрэй Аніськовіч, Святлана Цяліца і Юлія Баран. Яны не толькі паказалі на практыцы, што апалае лісце выдатна можа прымяняцца як паліва, замяняць прыродны газ і дровы, але і прыдумалі апарат для яго брыкетавання.

— Бачыце, якога плёну ў беражлівасці дасягнулі нашы дзеці! — з гэтых слоў пачаў сваё выступленне старшыня райвыканкама Алег Морхат. — Гэта прыклад нам, дарослым!

Хаця дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў 2012 годзе ў Глыбоцкім раёне нямала зроблена ў плане эканоміі, і асабліва энергарэсурсаў. Так, у цэлым па раёне забяспечана выкананне паказчыка па энергазберажэнні, які склаў «мінус» 9,1 працэнта пры даведзеным заданні «мінус» 8 працэнтаў.

Доля мясцовых відаў паліва ў ацяпляльны сязон дасягнула 47,1 працэнта пры заданні 45.

За мінулы год арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, дзякуючы шэрагу мерапрыемстваў па энергазберажэнні, сэканомлена 5245 тон умоўнага паліва. Эканамічны эфект склаў амаль 8 мільярдаў рублёў.

Аднак, як падкрэсліў Алег Морхат, рэзервы па эканоміі тых жа энергарэсурсаў далёка не вычарпаны. Ён прывёў наступны яскравы прыклад:

«Сярэдняя адпускная цана рэалізацыі 1 куб. м дроў за 2012 год па райпаліўзбыту склала 120571 рубель, а рознічная — 43885 рублёў. Субсідыі на пакрыццё розніцы толькі за 1 кубічны метр дроў склалі такім чынам 76881 рубель. Усяго ж летась домаўладальнікам з бюджэту за мінулы год было даплачана ажно 3 мільярды 808 рублёў. Таму актуальным застаецца пытанне нарыхтоўкі дроў уласнымі сіламі, што дазволіць сэканоміць бюджэтныя сродкі.

Прыарытэтнымі накіраваннямі ў Год беражлівасці ў раёне стануць мерапрыемствы на зніжэнне затрат пры аказанні жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву не менш чым на 10 працэнтаў. Узровень матэрыялаёмкасці прадукцыі (работ, паслуг) — на 6 працэнтаў. Паказчык па энергазберажэнні не павінен быць ніжэй «мінус» 8 працэнтаў».

Раённы выканаўчы камітэт знаходзіць магчымасць заахвоціць лепшых у гэтым накірунку і маральна, і матэрыяльна. Так, вучань Чарневіцкай СШ Юліян Казак, які сабраў за мінулы год 16250 пластыкавых бутэлек, атрымаў ноўтбук. Анастасія Ганчаронак, вучаніца СШ № 3, на рахунку якой 1400 кілаграмаў, — фотаапарат, а Яўген Брахун з Празароцкай школы за 3300 кілаграмаў металалому — ДVД. Усяго ж падарункамі заахвочаны каля дваццаці вучняў.

У 2013 годзе раённай Праграмай па энергазберажэнні запланавана 91 мерапрыемства, на што выдаткоўваецца 59 мільярдаў рублёў. Прычым 49,6 мільярда — уласныя сродкі. Эканамічны эфект павінен скласці 6 мільярдаў рублёў.

Немалаважная роля ў паказе перадавога вопыту адведзена прэсе. Аб гэтым гаварыў на мерапрыемстве галоўны рэдактар газеты «Белорусская нива» Сяргей Міховіч. Ён падзякаваў кіраўніцтву раёна і асабіста яго старшыні Алегу Морхату за значны рост падпіскі ў раёне на выданне ў 2013 годзе, уручыў Дыпломы лепшым сябрам газеты: намеснікам дырэктараў па ідэалагічнай рабоце Віктару Дубаўку з ААТ «Глыбоцкая птушкафабрыка», Жанне Шынкевіч з СПФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» і Наталлі Спасібёнак з філіяла «Ломашы-Агра» ААТ «СРБУ № 3» г. Наваполацка.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота Алены АДЭДЭДЖЫ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter