У Цэнтры беларускай культуры прайшлі майстар-класы “Беларуская пісанка: выраб велікодных яек”

Прыгожыя і яркія абярэгі

Майстрыха з Браслаўшчыны вучыла супляменнікаў распісваць велікодныя яйкі ў Даўгаўпілсе, у Цэнтры беларускай культуры
Майстрыха з Браслаўшчыны вучыла супляменнікаў распісваць велікодныя яйкі ў Даўгаўпілсе, у Цэнтры беларускай культуры

У Цэнтры беларускай культуры прайшлі майстар-класы “Беларуская пісанка: выраб велікодных яек”, якія правяла метадыст Браслаўскага музея традыцыйнай культуры Ларыса Дарафейчык. Як вядома, Вялікдзень сёлета ў каталікоў і пратэстантаў прыпадае на 5 красавіка, і напярэдадні свята Цэнтр зрабіў такі падарунак гараджанам. Дарэчы, слова пісанка з націскам на першую літару а, расказала госця, на санскрыце азначае: прыгожы, яркі. Выраб пісанак лічыўся на Беларусі выключна жаночай справай. Позна ўвечары, калі сям’я засынала, гаспадыня распачынала карпатлівую, амаль ювелірную працу: распісвала арнаментальнымі ўзорамі яйкі-абярэгі. Для таго выкарыстоўваўся воск.

Майстар-клас у Даўгаўпілсе праводзіць Ларыса Дарафейчык (злева)

А ці ведаеце вы, што раней яйкі распісвалі беларускі не толькі да Вялікадня? Такія маленькія творы мастацтва рабіліся яшчэ з часоў язычніцтва да вяселля, нараджэння дзіцяці, як абярэг на далёкую дарогу, на пачатак новай справы ці будаўніцтва дома. Жанчына перадавала каштоўную традыцыю дочкам і ўнучкам. Раней  для велікодных пісанак браліся яйкі маладзенькіх курачак, знесеныя ў пару першага вясновага маладзіка. Яшчэ патрэбны чысты пчаліны воск ды “вада дзевяці крыніц”: гэта ўжо магічная сіла зямлі. Малюнак наносіўся пяром ці саломінкай. З кропелек і кропак нараджаліся мудрагелістыя ўзоры, але абавязковымі былі знакі Сонца, Дрэва Жыцця. Пісанкі ніколі не прадаваліся — толькі дарыліся.

Прыгожыя пісанкі ўсім на радасць

Ларыса Дарафейчык падзялілася сакрэтамі вырабу беларускіх пісанак у сучасных умовах. У пакоі, дзе ішоў майстар-клас, былі яйкі, пчаліны воск, фарбавальнікі (прыродныя і з крамы), гарэлкі-спіртоўкі. Тэхналогія нескладаная. Спачатку яйкі кладуць у халодную падсоленую ваду і адварваюць. Астуджаюць. На пачатку роспісу яйка праціраюць воцатам, каб абястлусціць паверхню, потым простым алоўкам на шкарлупіну наносіцца малюнак. Затым ён абводзіцца воскам, для чаго апошні разаграюць у ёмістасці. Ролю пяра ў спадарыні Ларысы выконвае пісачок — яго лёгка зрабіць са шпількі, пэндзліка ці нечага падобнага. Пакрытае васковым малюнкам яйка апускаецца на час у раствор фарбы. У нас то была ўжо гатовая фарба, у якую дадалі лыжку воцату. А можна ўзяць шалупінне цыбулі (чырвоны колер), лісточкі бярозы (зялёны), галінкі маладой яблыні (жоўты). І вось яйка насуха выціраецца, вызваляецца ад воску. Для гэтага яго акуратна падаграваюць над полымем спіртоўкі і здымаюць часцінкі воску анучкай. І яшчэ тонкасць: каб пісанка блішчала, яе націраюць алеем.

Удзельніцы майстар-класа радаваліся першым і ўдалым сваім пісанкам, як дзеці. Увогуле ж у нашым Цэнтры ёсць усе ўмовы для падобных творчых сустрэч, каб людзі маглі самавыяўляцца, дакрануцца да беларускай культуры. У нас спяваюць і танцуюць, праходзяць тэатральныя імпрэзы, вернісажы, гучыць высокая паэзія. Аднак народным промыслам, дэкаратыўна-прыкладному мастацтву раней мы не надта надавалі ўвагу. Цяпер гэта — новы кірунак дзейнасці ЦБК. Будзем вучыць усіх, хто пажадае, працаваць рукамі, ствараючы прыгажосць. На бягучы год у нас запланаваны семінары і творчыя майстэрні па вырабе глінянай свістулькі, разьбяной драўлянай лыжкі. Будзем вучыцца плесці традыцыйныя паясы, рабіць лялькі-абярэгі, саламяныя кветак ды іншыя рэчы, якія ўласцівыя для традыцыйнай беларускай побытавай культуры. У гэтым нам дапамогуць спецыялісты з Беларусі. Дарэчы, і майстэрня “Беларуская пісанка: выраб велікодных яек” працавала ў нас дзякуючы Пагадненню аб супрацоўніцтве паміж аддзелам ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага выканкама і ўстановай Даўгаўпілскай гарадской думы “Цэнтр беларускай культуры”.

А чытачоў “Голасу Радзімы” беларусы з Даўгаўпілса-Дзвінска віншуюць са светлым святам Вялікдня, якое ўжо, як кажуць, на парозе. Жадаем усім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, гармоніі ды прыгажосці ў душы.

Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter