Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На абласныя “Дажынкі-2017”, якія пройдуць у верасні ў старажытным Давыд-Гарадку, што ў Столінскім раёне Брэстчыны, запрошаны і госці з далёкага замежжа

Прыгожы твар горада

Ні для каго не сакрэт, што прыгажосць беларускай зямлі — у прыродзе, а таксама ў працавітых і таленавітых людзях. Неяк шлях прывёў мяне ў цудоўную мясціну, старажытны Давыд-Гарадок, да ракі Гарынь. Сёння там кіпіць праца: упрыгожваюцца вуліцы, плошчы, будынкі. Усюды — кветкі. Прыгажосць! Мяне ж, як фалькларыста і танцмайстра, запрасілі быць рэжысёрам пляцоўкі “Давыдгарадзецкія дранікі-бульбянікі”. Напярэдадні сустракаліся са старшынёй гарвыканкама Вячаславам Стаднікам. Ён расказваў, як рыхтуецца горад да свята, якія творчыя пляцоўкі будуць працаваць, якія запланаваны выставы і сустрэчы з вядомымі землякамі. Дарэчы, запрошаны госці і з далёкага замежжа. Ёсць сярод іх і ўраджэнцы Давыд-Гарадка.
Старажытны Давыд-Гарадок сёння
Фота БелТА

А пакуль яго жыхары разам, талакой, упрыгожваюць родны горад. Асабліва актыўныя — настаўнікі ды вучні школ, студэнты, удзельнікі моладзевых суполак. Рыхтуюцца да “Дажынак-2017” і мастацкія сама-дзейныя калектывы раёна і вобласці.

На вялікай канцэртнай фальклорнай пляцоўцы “Давыдгарадзецкія дранікі-бульбянікі” артысты будуць радаваць гасцей свята песнямі, жартамі, танцамі. Майстар-класы правядуць народныя ўмельцы. Разгорнецца й кулінарны падворак: там будуць гатаваць дранікі, калдуны, бабку... Можна будзе нават паспрабаваць такую нацыянальную страву, як свежаспечанае смакоцце са скваркамі, цыбуляй ды смятанай.

Пройдзе паказ народных строяў. Гледачы пабачаць і ўнікальныя давыдгарадзецкія нацыянальныя касцюмы. Яны былі адроджаныя дырэктарам Палаца культуры горада Міхаілам Шакунцом, удзельнікамі мастацкай самадзейнасці. На пляцоўцы выступяць і школьныя тэатральныя калектывы. А ў заключным агульным карагодзе сяброў на галоўнай плошчы Давыд-Гарадка збяруцца ўсе жыхары горада: возьмуцца за рукі прадстаўнікі розных пакаленняў.

Да свята ў Давыд-Гарадку рыхтуюцца яго ўраджэнцы. Так, нядаўна выйшла ў свет кніга члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Георгія Марчука “Давыдгарадзецкія каноны”. Цяпер ён піша вершы песень і прысвячае іх дарагому сэрцу куточку. Выставу карцін з выявамі горада стварае вядомы мастак, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Віктар Барабанцаў. Выйшла кніга аб здаровым ладзе жыцця прафесара медыцыны, хірурга Рыгора Рычагова. І яна таксама будзе прадстаўлена на “Дажынках-2017”. 

Думаю, свята ў Давыд-Гарадку абавязкова атрымаецца, бо столькі таленавітых людзей да яго з энтузіязмам рыхтуюцца. Прыязджайце на Гарынь, каб адчуць водар і шчырасць беларускай душы!

Голас Радзімы № 31 (3535), чацвер, 17 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter