“Лістападзік” і конкурс кінашкол назвалі пераможцаў

Прыгожы подых лістапада

Золата дзіцячага конкурсу атрымала французская стужка «Падарожжа Фані»
Тыдзень «Лістапада» на зыходзе. Заўтра адгучаць фанфары 24-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю, але ўжо зараз можна гаварыць, што сёлета ён атрымаўся! Атрымаўся нягучным, камерным, без скандалаў і сенсацый. Камусьці такі «Лістапад» не падабаецца. Але іншым ён і не будзе. Нашу публіку прывучаюць да добрага, якаснага кіно, а не да дэкальтэ і кароткіх спадніц. Гэтым хай захопліваюць іншыя кінафестывалі. У нас свая марка.

Скончыліся школьныя канікулы, а разам з імі і «Лістападзік». Дзеці мелі магчымасць убачыць дзясятак фільмаў на любы густ. Германія, Францыя, Кітай, Нідэрланды — што ні краіна, то значныя кінематаграфічныя традыцыі, а значыць, і сур’ёзная заяўка на ўзнагароды фестывалю.

Фота БелТА

Дзіцячы конкурс — гэта той выпадак, калі загадзя нельга вызначыць пераможцу, бо звычайна ў дарослага журы і школьнікаў розныя перавагі. Так адбылося і сёлета. Французскае «Падарожжа Фані» атрымала Гран-пры, а нямецкі «Цім Талер, або Прададзены смех» — прыз глядацкіх сімпатый. Але ўсё ж адна карціна на мінскім фестывалі стаяла асобна — гэта «Подых жыцця». Сёлета менавіта яна будзе прадстаўляць Іран на «Оскары». У яе рэжысёра Наргес Абіяр ужо ёсць узнагароды за гэтую працу, цяпер у скарбонцы будзе і мінскі прыз. Наша журы ўсхваляваў не толькі погляд Абіяр на жахі вайны вачыма дзіцяці, але і выкананне галоўнай ролі Сарэх Нур Мусаві. Рэжысёр расказала, што гэтую дзяўчынку выбіралі з дзвюх тысяч чалавек. Прыйшлося аб’ехаць амаль усе правінцыі Ірана, каб знайсці яскравы прыклад разбураных дзіцячых надзей:

— Спадзяюся, што фільм — гэта не проста аповед пра вялікую трагедыю, але і дарога да міру і ўзаемаразумення.

Вынік жа сёлетняга «Лістападзіка» можна падвесці словамі члена журы, сцэнарыста і пісьменніцы Марыі Бершадскай:

— На фестывалі дзеці не чакаюць толькі забаўляльнага кіно, яго і так шмат у паўсядзённым жыцці. Яны хочуць чуць і бачыць пра сябе. І яны гэта атрымалі.

У гэтыя дні падведзены і вынікі конкурсу нацыянальных кінашкол. Звычайна ў гэтым раздзеле «Лістапада» ўдзельнічала пяць-шэсць кінашкол. Сёлета іх было ажно трынаццаць. І гэта той выпадак, калі колькасць і якасць супадаюць. Прыемна, што на конкурсе была і работа студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандра Камісарчука «Май».

Тон жа ў гэтым годзе задавалі кінашколы, якія маюць больш важкі аўтарытэт на сусветнай прасторы. Па-першае, гэта расіяне: Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны інстытут кіно і тэлебачання і Школа дакументальнага кіно і тэатра Марыны Разбежкінай і Міхаіла Угарава. Па-другое, Польская нацыянальная школа кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі. Менавіта работа Зоф’і Кавалеўскай «Узы» і была прызнана лепшым фільмам. Стужка студэнткі-трэцякурсніцы пра тое, што прымушае людзей жыць разам, нягледзячы на былыя крыўды і штодзённыя бытавыя бязладзіцы. Дарэчы, гэта дакументальная кароткаметражка ўжо мае амаль два дзясяткі ўзнагарод на міжнародных кінафестывалях і зараз знаходзіцца ў шорт-лісце прэміі «Оскар». Гэта прыклад, варты пераймання не толькі студэнтамі нашай акадэміі, але і больш сталымі рэжысёрамі.

Іншыя праграмы «Лістапада» ў самым разгары. Як ніколі цікавым атрымаўся Нацыянальны конкурс. Было заяўлена больш за трыццаць стужак. Здавалася б, адкуль столькі? І калі ў аніматараў у асноўным прадстаўлены работы «Беларусьфільма», то ў ігравым кіно якраз наадварот, большасць — прыватныя кінакампаніі або незалежныя рэжысёры. Атрымаўся разнамасны мікс. Мікс з асобнымі, рэдкімі выбліскамі. Але дачакаемся прысуду журы, бо ў гэтым конкурсе прыз глядацкіх сімпатый не прадугледжаны.

А вось за лепшы ігравы фільм ідзе сапраўдная барацьба. Яшчэ да пачатку было вядома, што адным з фаварытаў будзе «Арытмія». Гэтая стужка ўжо нарабіла шмат шуму ў Расіі.Таму кінаманы, якім не пашчасціла трапіць на два сеансы на фестывалі, у чаканні шырокага пракату. А той, хто ўсё ж трапіў, паставіў драме пра будні работнікаў «хуткай дапамогі» і іх уласнае жыццё высокія балы. Фаварыт у гонцы глядацкіх сімпатый можа змяніцца ў любы момант, але ўчора на першай прыступцы трымалася якраз «Арытмія». Трымалася ненадзейна. Лічаныя сотыя бала ёй саступаў «Лістапад». Аднолькавую назву з нашым фестывалем мае стужка эстонца Райнера Сарнэта. Гэты фільм-казка для дарослых вабіць чорным гумарам і рамантычным каханнем, якія існуюць побач.

Але прыз глядацкіх сімпатый — гэта толькі бронза фестывалю. Хто ж атрымае золата і іншыя ўзнагароды, засталося чакаць нядоўга.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter