Пра гэты гурт, якім кіруе Клаўдзія Зуева (на фота), выдатніца народнай асветы Расіі, добра ведаюць чытачы “Голасу Радзімы”. Вось і на гэты раз Клаўдзія Міхайлаўна прыклала шмат сіл, каб парадаваць і здзівіць прыхільнікаў гурта. “Лянкоўцы” выйшлі на сцэну з залы, спявалі сваю каронную песню “Ох і сеяла Ульяніца лянок” і сеялі перад сабой збожжа з кошыкаў-сявенек. І такая дзея, пэўна ж, сімвалізавала пасеяныя імі на Цюменьскай зямлі дабро, шчодрасць беларускай душы, традыцыі народнай культуры.
Іх песні — заўсёды душэўныя, заўсёды абуджаюць высокія, светлыя пачуцці. Цудоўна гучала акапэльная народная “Гарэла сосна”, запісаная калісь у Гомельскай вобласці. А потым паплылі, паляцелі і іншыя чароўныя творы: “Скажы мне, далёкая Радзіма”, “Беларусь — імя святое”, “Крынiчэнька”, “Мы вам жадаем”... Паказвалі майстэрства дуэты “Сустрэча”, “Каханне” і трыа “Радзіміч” (мужчынскае) ды “Рэчэнька” — яны склаліся за 16 гадоў “пад крылом” “Лянка”. Выступілі сямейныя дуэты Святланы і Сяргея Яфімчыкаў, Марыі ды Мікалая Піскуноў, парадавалі гледачоў Алена Гардубей і Святлана Фёдарава. Паказаў сваё высокае майстэрства і Аляксандр Вахнічаў, нязменны акампаніятар ансамбля, лаўрэат і дыпламант розных фэстаў ды конкурсаў. Ну проста сузор’е талентаў!
У складзе “Лянка” другі год выступаюць і ўдзельнікі сямейнага вакальнага гурта “Спадчына”: Марыя і Мікалай Піскуны, Надзея Падкарытава (іх дачка). А дапаўнялі канцэртную праграму вершы ў выкананні цюменьскіх школьнікаў ды танцы харэаграфічнага гурта “Акварэль”. “Кожны чалавек, які любіць зямлю, на якой нарадзіўся, які ўбірае ў сябе традыцыі і добрыя справы продкаў, становіцца моцным і мудрым, — звярнулася да гледачоў Клаўдзія Зуева. — Народная песня жыве ў душы, у сэрцы кожнага чалавека — і перадаецца з пакалення ў пакаленне. І мы ў гэтай справе як можам — спрыяем тым, хто цягнецца да сапраўнай прыгажосці. То няхай і надалей наш “Лянок” застаецца для ўсіх сімвалам прыгажосці, працавітасці, чысціні, абярэгам для душы і цела — як і тое беларускае палатно, якое ткуць з лёну. Цюменьскі паэт Іван Радкавец прысвяціў нашаму гурту цёплыя радкі: “Здесь обычаи в народе прежние,/ Их оберегают даль и ширь./ Пой, “Лянок”! Пусть переливы нежные/ Восхитят морозную Сибирь”. Што ж: будзем і надалей вас захапляць!”
Беларускі “Лянок” каларытна глядзіцца на фоне снегу і сібірскіх бяроз
Старшыня беларускай суполкі ў Цюмені Сяргей Яфімчык і сам, і жонка яго Святлана — актыўныя спевакі “Лянка”. Сяргей Аляксандравіч лічыць, што дзякуючы багатаму і прыгожаму досведу “лянкоўцаў” асвоены вялікі пласт песеннага мастацтва, пераважна беларускага. Вось на такой, старанна ўробленай ніве і “выраслі” прызнанне ды поспех “Лянка”. Артыстаў цёпла сустракаюць на самых розных сцэнічных пляцоўках, у розных аўдыторыях, яны жаданыя госці ў школах, дзіцячых дамах, ветэранскіх суполках. Па запрашэннях супляменнікаў — беларусаў-сібіракоў — “Лянок” выступае ў іншыя гарадах і пасёлках Сібіры. Цяпер гурт дае сольныя канцэрты ў гонар 70-годдзя Перамогі, абнаўляе багаты рэпертуар. Так і ідуць таленавітыя беларусы: з песняй па жыцці.
Людміла Бакланава, г. Цюмень