Прыгожая душа Вэлты Лоцэ

Мастачка з Даўгаўпілса мае родавыя карані ў вёсцы Крукі Браслаўскага раёна
У даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры адкрылася выстава карцін “Мая душа” Вэлты Лоцэ (Velta Loce). І быў перфоманс, прысвечаны 5-гадоваму — творчаму! — юбілею мастачкі. Вось так прыгожа адкрылі мы 25 верасня новы творчы сезон у вялікім памяшканні ЦБК, якое змянілася непазнавальна дзякуючы карцінам Вэлты Лоцэ.


Мастачка Вэлта Лоцэ – уся ў кветках

Яе 56 палотнаў на сценах — і нават пад столлю! —  пераўтварылі залу ў карцінную галерэю. Усе чакалі выхаду мастачкі — а нечакана, імкліва пад россыпы гукаў-мелодый з Усходу выбегла... босая танцорка. Бачылі б вы агністы танец жывата! А яна, адарыўшы залу энергіяй, нечакана знікла... І вярнулася ўжо ў вобразе дзелавой жанчыны: Вэлты Лоцэ. Гэтае імя добра вядомае ў Даўгаўпілсе: Вэлта піша карціны, выстаўляецца ў Латвіі, Літве і Вялікабрытаніі. Праводзіць дабрачынныя майстар-класы ў сацыяльных і культурных установах, спявае ў беларускім ансамблі “Спадчына”, танчыць. Актывістка беларускай суполкі “Уздым”. Ганарымся такой актывісткай! Дарэчы, летась па выніках конкурсу школьных сачыненняў (!) пра людзей, якімі можа ганарыцца Даўгаўпілс, наша Вэлта Лоцэ ўшанавана тытулам “Гонар Даўгаўпілса”.

Выставу мастачка назвала “Мая душа”, уклаўшы ў карціны свае перажыванні, настроі, парыванні. Светлы талент пакідае яркую згадку-часцінку-яскарку сябе ў кожным пейзажы, нацюрморце. А чаму ж экспазіцыя выстаўлена ў ЦБК? Бо пяць гадоў таму Беларускі дом адкрыў гораду мастачку. Потым была выстава ў Рускім доме, а далей... Ужо і працэс натхнёнай творчасці не спыніць, і карцін не злічыць. Але адна з іх, прызнаецца Вэлта, асабліва ёй дарагая: пейзаж з хаткай у вёсцы Крукі ля латвійскай мяжы, дзе прайшло яе дзяцінства. Распытала я падрабязней: гэта Браслаўскі раён, адтуль, з сям’і Храпан, родам яе маці. Там жылі яе дзед, Іван Іванавіч Храпан, і бабка Генавефа Іванаўна, а таксама цёткі ды дзядзькі. Усе лічылі сябе палякамі: можа, з-за каталіцкага веравызнання? Такое ў Беларусі часта сустрэнеш. Маці Вэлты паехала працаваць у Даўгаўпілс у 50-я гады. Хаты дзяцінства Вэлты ў Круках ужо няма — хіба на яе карціне. Засталіся магілы родных, і Вэлта туды наведваецца.

Вернемся, аднак, у залу ЦБК. Мастачка не доўга заставалася ў “дзелавым вобразе”, увесь час не пераставала здзіўляць гледачоў: танчыла і варажыла ў вобразе цыганкі, спявала са “Спадчынай” песні на беларускай, рускай, польскай, украінскай і латышскай мовах. А яшчэ частавала гасцей — таксама вельмі арыгінальна: хлебам, мармеладам і беларускімі стравамі ўласнага прыгатавання. Дарэчы, у Вэлты — вышэйшая адукацыя тэхнолага харчавання, яна працавала ў гэтай сферы і ў гандлі. А ў апошнія гады жыццё яе змянілася карэнным чынам: цяпер яна жыве як сапраўдная мастачка — малюе карціны. Ну і танцуе, спявае... 

Консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Дзмітрый Канстанцінаў, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра рускай культуры Гераіда Багданава, старшыня беларускай суполкі “Уздым” Валерый Амбросаў ды многія іншыя ўдзячныя гледачы не шкадавалі для Вэлты Лоцэ на вернісажы добрых слоў, кветак і песень.

Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter