18 уголовных дел за три месяца: как кикшеринговые компании собираются защищать свои электросамокаты от похитителей

Прыгоды жоўтага самаката

Безумоўны трэнд гэтага лета — з’яўленне ў нас пракату электрасамакатаў, або, як яго модна называюць, кікшэрынгу. Карыстацца паслугай даволі проста: спампаваў дадатак, адсканіраваў на двухколавым транспарце QR-код, прывязаў банкаўскую карту, і ўсё — шчаслівага шляху! Прыцягвае многіх і тое, што электрасамакаты не трэба дастаўляць да спецыяльнай паркоўкі, іх можна пакінуць там, дзе зручна: каля пад’езда, будынка офіса або крамы. Такая ўседазволенасць і стала каменем спатыкнення: некаторыя людзі, думаючы, што самакат нічыйны, вырашаюць забраць яго ў больш «цёпленькае» месца — сабе дадому. Як вынік — доўгія разборкі, здзіўленне (маўляў, я ж не ведаў) і просьбы «зразумець і дараваць». Але неўзабаве ўсё павінна змяніцца: пракуратура Маскоўскага раёна Мінска абавязала галоўную кікшэрынгавую кампанію горада размясціць на сваіх пракатных самакатах інфармацыю аб іх прыналежнасці, каб ні ў каго не ўзнікла спакусы іх украсці. Карэспандэнт «Р» даведалася падрабязнасці.


Няўдалая спроба

Навіны пра тое, што хтосьці спрабаваў украсці электрасамакат, кожны дзень мільгаюць у інфармацыйных стужках. Але ці сапраўды так проста сярод белага дня забраць чужы транспарт і не напароцца на скосыя позіркі мінакоў? Каб гэта праверыць, прымяраю на сябе ролю злоснага парушальніка. Добра, электрасамакат доўга шукаць не прыйшлося, чакаў ён мяне за некалькі метраў ад нашай рэдакцыi. Сканірую «здабычу» поглядам — звычайны двухколавік з лагатыпам кампаніі на ярка-жоўтым фоне. Але, шчыра кажучы, каб не ведала яе назву, то падумала б, што гэта назва фірмы-вытворцы. Астатнія адметныя знакі нейкія несамавітыя: ёсць QR-код з подпісам «разблакіруйце ў дадатку» і наклейка на падножцы, якая паведамляе пра «адказнасць за супрацьпраўныя дзеянні згодна з Крымінальным кодэксам». Якія такія дзеянні? Не вельмi зразумела. Тым больш наўрад ці старэйшае пакаленне, якое дрэнна разбіраецца ў новых тэхналогіях, ведае, што абазначае гэты QR-код (нагадаю, выглядае ён як мноства маленькіх квадрацікаў на адным вялiкiм квадраце).



Дапусцім, што на папярэджанне, напісанае дробным шрыфтам, я ўвагі не звярнула і вырашыла ўсё ж прысвоіць безгаспадарны самакат. А ён, аказваецца, цяжкі, кілаграмаў 12 важыць, такі доўга не пранясеш. Але як толькі стаўлю яго на зямлю і спрабую каціць, уключаецца сігналізацыя — аглушальны гук адразу прыцягвае ўвагу мінакоў і прымушае хутка збегчы з месца злачынства. Выснова: у прынцыпе, электрасамакаты без асаблівых апазнавальных знакаў могуць увесці ў зман людзей, таму інфармацыйны цюнінг ім не перашкодзіць.

Не чапай чужое

У службе інфармацыі пракуратуры Мінска паведамілі, што ў сталіцы ў апошні час павялічылася колькасць крадзяжоў пракатных электрасамакатаў. Адной з умоў для здзяйснення правапарушэння, лічаць у ведамстве, з’яўляецца недасведчанасць людзей. Таму пракуратура ўнесла прадстаўленне кіраўніку кікшэрынгавай кампаніі і запатрабавала абсталяваць транспарт дадатковымі знакамі, каб не спрыяць супрацьпраўным паводзінам грамадзян.

— Многія людзі крадуць электрасамакаты, абрэзваюць правады, разбіраюць. Тэарэтычна, яны могуць апраўдацца тым, што не ведалі, чый гэта транспарт, хоць такая адгаворка даволі слабая, — кажа Уладзімір Галуза, прадстаўнік кікшэрынгавай кампаніі. — На нашых самакатах ёсць наклейка з назвай кампаніі, унізе напісана пра крымінальную адказнасць. Зараз не зусім зразумела, што адказнасць датычыцца менавіта крадзяжу, таму новыя наклейкі, якія мы распрацавалі па загадзе пракуратуры, расставяць кропкі над «і». Мы пішам адкрытым тэкстам: гэты самакат належыць нашай кампаніі, яго можна ўзяць у арэнду. Спробы прысвоіць, украсці ці пашкодзіць самакат цягнуць адказнасць аж да крымінальнай.


— Вы, напэўна, у курсе, што пракатныя веласіпеды, якія не маюць стаянкі, закідваюць у сметнікі, на казыркі пад’ездаў, на дрэвы. У вас такой праблемы няма?

— У нас яна была, калі мы толькі-толькі стартавалі. Але з дапамогай СМІ і сваіх сацсетак мы расказваем, як трэба абыходзіцца з самакатам. Ну і некалькі крымінальных спраў было заведзена за крадзеж — многія зразумелі, што так рабіць нельга. Крадуць, дарэчы, розныя людзі, нейкага тыповага партрэта няма. Але часцей гэта тыя, хто выпівае ці ўжо сядзеў у турме. Яны, хутчэй за ўсё, хочуць прадаць самакат — каштуе ён каля 900 рублёў.

Непазбежная расплата 

Кацярына Гарлінская, афіцый­ны прадстаўнік УСК па Мінску, расказала, што з 1 мая па 26 лiпеня следчыя зарэгістравалі 18 крымінальных спраў па фактах крадзяжоў пракатных электрасамакатаў:

— Асабліва «гарачымі» аказалі­ся 5 і 6 ліпеня — у гэтыя дні зарэгістра­валі 7 крымінальных спраў. Насамрэч, у праваахоўныя органы пастаянна звяртаюцца прадстаўнікі пракатных арганізацый з паведам­леннямі аб крадзяжах. Бывае так, што найбольш адказныя людзі (у асноўным гэта пенсіянеры) забіраюць «знойдзеную» рэч, каб такім чынам зберагчы яе ад крадзяжу. Вядома, у такіх сітуацыях крымінальныя справы не распачынаюцца, але ўявіце, колькі затрачваецца часу і сіл на разбор. Часта здараецца і такое, што людзі наўмысна крадуць самакаты, каб іх потым разабраць і прадаць.


Успамінае Кацярына і некалькі паказальных выпадкаў. Напрыклад, 58-гадовы мужчына на працягу некалькіх дзён прыходзіў рыбачыць на раку Свіслач каля вуліцы Арлоўскай і пастаянна бачыў, што там стаіць самакат.

— У адзін з такіх прыходаў ён вырашыў яго прысвоіць. Пачаў разбіраць, каб разблакіраваць тормаз, адкруціў два балты. Але раптам да яго падышоў супрацоўнік пракатнай кампаніі. У выніку зараз Цэнтральным раённым аддзелам СК расследуецца крымінальная справа. Яшчэ адзін выпадак здарыўся ў Маскоўскім раёне: 56-гадовы мужчына заўважыў, што каля дома на праспекце Дзяржынскага доўгі час стаіць электрасамакат. Вырашыўшы, што транспарт нікому не належыць, ён занёс яго ў гараж і разабраў. Дарэчы, мужчына раней не быў судзімы і на момант крадзяжу не знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Як ён тлумачыў, зацікавіла незвычайная канструкцыя самаката, таму і вырашыў паглядзець на яго дэталі. У адносінах да яго таксама распачата крымінальная справа.

Дарэчы, правапарушэнні згодна з часткай 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса караюцца, напрыклад, папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, абмежаваннем або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. Сур’ёзная расплата, ці не так? СК яшчэ раз звяртае ўвагу: пракатныя самакаты «безстанцыйныя»: для іх не створаны спецыялізаваныя паркоўкі, пасля пракату іх можна пакінуць у любым месцы горада. Акрамя таго, электрасамакаты абсталяваны GPS-антэнай, якая перадае інфармацыю аб іх месцазнаходжанні службе падтрымкі арганізацыі, — супрацоўнікі заўсёды бачаць, дзе знаходзіцца іх транспарт.

glushko@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter