
На доўгую памяць
Унікальная баявая машына папоўніць экспазіцыю пад адкрытым небам ля падножжа Кургана Славы. Над маштабным праектам працавалі цэлы год — ініцыятыву Федэрацыі прафсаюзаў падтрымаў Прэзідэнт. І вось гэты дзень надышоў: ва ўрачыстым мітынгу сёння прымуць удзел больш за 250 чалавек: кіраўнікі прафсаюзных арганізацый, міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны вайны і працы, моладзь і прафактыў.Як прэзентуюць баявую машыну, расказаў Арцём Ігнаценка, начальнік Галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай працы ФПБ:
— У дзень адкрыцця экспаната разам з піратэхнічнай службай мы пастараемся візуалізаваць святло, гук і дымавы эфект стрэлу рэактыўнай артылерыі. Пазней адбудзецца святочны канцэрт «Нараджэнне легенды», падрыхтаваны Рэспубліканскім палацам культуры прафсаюзаў. Пасля гэтага ўсе прысутныя едуць да падножжа Кургана Славы, каб ускласці кветкі і аддаць даніну памяці загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Сімвалічна, што дзень адкрыцця «Кацюшы» супадае з датай першых залпаў легендарных баявых машын — яны прагрымелі пад Оршай 14 ліпеня 1941 года.

Арцём Ігнаценка таксама акцэнтуе ўвагу:
— Баявое хрышчэнне «Кацюшы» адбылося ў складзе батарэі пад камандаваннем капітана Івана Флёрава. Першым залпам у ліпені 1941 года батарэя з сямі «Кацюш» знішчыла чыгуначную станцыю каля вёскі Пішчалава разам з нямецкімі эшалонамі, якія знаходзіліся там. Лічыцца, што менавіта тады фашысты спазналі моц рэактыўнай артылерыі. Дарэчы, за гады вайны выпушчана больш за 8000 такіх машын.
Старонкі гісторыі
З гісторыі вядома: падчас вайны такія баявыя машыны прымяняліся на самых небяспечных участках фронту, удзельнічалі ва ўсіх буйных савецкіх аперацыях. «Кацюшы» сталі сапраўдным сімвалам Вялікай Перамогі. Сёння іх прататыпы можна ўбачыць толькі ў некалькіх музеях СНД.У нашай краіне «Кацюшы» ўжо ёсць: яны ўсталяваны ў Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на тэрыторыях гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» і мемарыяла «За нашу Савецкую Радзіму» ў Оршы. Але экспанат ля падножжа Кургана Славы ўнікальны — ён кардынальна адрозніваецца ад іншых. Чым менавіта, з «Р» падзяліўся Леанард Багушэвіч, дырэктар УП «Дом прафсаюзаў»:
— Мы азадачыліся ідэяй аднавіць дакладную копію машыны 1941 года. Менавіта тады рэактыўныя ўстаноўкі манціраваліся на даволі рэдкіх нават тады грузавіках ЗІС-6. Такую варыяцыю мы бачыць не прывыклі, бо практычна ва ўсіх кінастужках і музеях паказваюць «Кацюшы», устаноўленыя на шасі аўтамабіляў «Студэбекера» або пасляваенныя ўстаноўкі, зманціраваныя на шасі аўтамабіля ЗІЛ.

Суразмоўца паказвае, як на эскізах выглядае канчатковы варыянт экспаната. Да ўрачыстага адкрыцця ён накрыты тканінай, але ўжо сёння яго ўбачаць усе жадаючыя.
— Пастамент з нержавеючай сталі выкананы ў выглядзе пяціканцовай зоркі. Вышыня — звыш 4 метраў, шырыня — больш за 9 метраў. Сама «Кацюша» будзе красавацца на адной з граняў зоркі на вышыні амаль 3,5 метра, — Леанард Багушэвіч дэманструе чорна-белыя чарцяжы і яркія малюнкі. — Знакамітая баявая машына рэактыўнай артылерыі на базе грузавіка важыць каля 7 тон, шырыня — 2,2 метра, даўжыня — каля 5 метраў.
Год працы
Над маштабным праектам працавалі цэлы год. Спецыялісты па крупінках збіралі інфармацыю са шматлікіх камандзіровак: ездзілі ў Тулу, Чалябінск, Маскву і Санкт-Пецярбург. Нарэшце, пазнаёміліся з камандай энтузіястаў, якія пагадзіліся стварыць «шкілет» унікальнага экспаната. Так, за аснову ўзялі дэталёвае апісанне сапраўднага мінамёта на базе ЗІС-6, які экспануецца ў Ваенна-гістарычным музеі артылерыі, інжынерных войскаў і войскаў сувязі Міністэрства абароны РФ. Рэстаўратары раздабылі каштоўныя чарцяжы, па якіх вырабілі дакладныя копіі дэталяў машыны пачатку вайны.— Арыгінальныя дэталі ў «Кацюшы» таксама ёсць. Гэта абліцоўка аўто, падножкі, панэль маторнага адсека, кранштэйны пярэдняй рысоры, накіравальныя ўстаноўкі. На пошукі запчастак і зборку экспаната спатрэбілася каля шасці месяцаў, — дзеліцца Леанард Багушэвіч. — Пасля гэтага «шкілет» баявой машыны даставілі ў Мінск. У нас праца працягнулася: мінамёт даводзілі да ладу яшчэ некалькі месяцаў.

«Кацюша» сёння размясцілася ля падножжа Кургана Славы побач з экспазіцыяй артылерыі і танкаў, а таксама па суседстве з легендарным штурмавіком Іл-2, які па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з’явіўся там у канцы жніўня мінулага года.
Дарэчы, Федэрацыя прафсаюзаў з 2004 года шэфствуе над мемарыяльным комплексам, які ўзвышаецца на 21-м кіламетры трасы Мінск — Масква. Ваенны ансамбль штомесяц наведваюць тысячы чалавек. Добраўпарадкаванне Кургана Славы — адна з ініцыятыў нацыянальнага прафцэнтра, за якую ФПБ была ўдастоена прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Арцём Ігнаценка пералічвае:
— За гэты час мы ўжо двойчы правялі маштабную рэканструкцыю. Адрамантавалі стылабат, 482 прыступкі вітай лесвіцы з відам на мемарыяльны комплекс. Замянілі травяное покрыва, усталявалі каскад сонечных батарэй, якія сілкуюць падсвятленне. Таксама ўсталявалі інфармацыйныя стэнды, якія расказваюць аб аперацыі «Баграціён», гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і жыцця незалежнай Беларусі. Летась мемарыяльны комплекс «Курган Славы» адсвяткаваў сваё 50-годдзе.
ypopko@sb.by
Фота прадастаўлена Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі