Прыгажосць з нацыянальным каларытам

У Даўгаўпілсе зрабілі незвычайную выставу­-паказ вырабаў Валянціны Абушкевіч
У Даўгаўпілсе зрабілі незвычайную выставу­-паказ вырабаў Валянціны Абушкевіч

Валянціна Абушкевіч (справа) і Жанна РаманоўскаяНі для каго не сакрэт: прыгажэйшыя на свеце менавіта беларускія дзяўчаты. Не ўсе, аднак, умеюць ствараць для прыгажуняў модныя дэталі адзення. Варта павучыцца ў Валянціны Абушкевіч, адной са старэйшын у нашым таварыстве “Уздым”. Нядаўна актывісты суполкі ладзілі ў Беларускім цэнтры выставу-паказ яе вязаных вырабаў. Пачалі з песні пра маці, спявала трыа “Ластаўкі”. Ну вядома ж: усё лепшае мы бярэм ад матуль... Я расказала, што родам Валянціна Пятроўна з Магілёўшчыны, з сям’і патомных настаўнікаў, ды сама стала медыкам, закончыўшы ў 1959-м Віцебскі медінстытут. Працавала на вёсцы, у райцэнтры Дуброўна, і ўжо сорак гадоў — у Даўгаўпілсе, у бальніцы чыгуначнікаў, адкуль і выйшла на адпачынак. Выхавала з мужам двух сыноў, шмат дабра зрабіла людзям. Яна займаецца і вязаннем, вельмі любіць паэзію, сама піша прыгожыя вершы. На вечарыне Валянціна Пятроўна чытала як свае творы, так і любімых паэтаў.
Памкненне жыць у прыгажосці — гэта, бадай, нацыянальная рыса беларусаў. Пра тое казала Людміла Сінякова, рыхтуючы гледачоў да наступнай дзеі. І вось на сцэне — дзяўчаты-мадэлі: прыгажунi дэманструюць вырабы Валянціны Абушкевіч. Вачэй не адвесці: ад дзяўчат, ад вязаных ажурных каўнерыкаў на іх — рознай формы і ўзораў. Было такіх, дарэчы, больш за 25. Вязаныя вырабы — на ўсе густы. Апладысменты не сціхалі. А мадэлі выходзілі на подыум пад мелодыі беларускіх народных песен, якія віртуозна грала Таццяна Піменава.
Потым быў паказ і вельмі прыгожых понча: таксама ўнікальных, шматколерных. І гэтыя цуды стварылі талент і залатыя рукі спадарыні Валянціны. У канву паказу арганічна ўпляталіся песні гурта “Спадчына”.
Мы дзякавалі Валянціне Пятроўне за сустрэчу з прыгажосцю, за яе адкрытую душу, добрае сэрца. Шчырыя кампліменты, дарэчы, выяўляліся і ў вершах, песнях сяброў і знаёмых. На заканчэнне адметнай імпрэзы кіраўнік Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская прапанавала і надалей праводзіць творчыя выставы спадарыні Валянціны — бо ў яе шмат творчых планаў і задумак.

Вольга Паўловіч, сустаршыня суполкі “Уздым”, г. Даўгаўпілс

На здымку:
Валянціна Абушкевіч (справа) і Жанна Раманоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter