Ёзаса Булькі ўжо няма, а яго справа, дзіўны храм жывуць

Прыгажосць выратавала Мосар

Ёзаса Булькі ўжо няма, а яго справа, дзіўны  храм жывуць
НАПРЫКАНЦЫ гэтага тыдня, 27 снежня, спаўняецца 90 год з дня нараджэння святара — ксяндза Ёзаса БУЛЬКІ. Ён шырока вядомы ў Беларусі і за яе межамі як змагар за здаровы лад жыцця. А лекамі ад шкодных звычак зрабіў... прыгажосць. Тэрыторыю вакол касцёла Святой Ганны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна ён ператварыў у райскі куток, які шматлікія турысты называюць яшчэ «беларускі Версаль»: разбіў дэндрапарк і ўстанавіў помнік Іаану Паўлу II, пабудаваў стадыён,  міні-заапарк, адчыніў Музей цвярозасці, стварыў скульптурную кампазіцыю, якую  вянчае галгофа — самы высокі ў Беларусі Крыж. 

Ёзас Булька першы з каталіцкіх святароў атрымаў прэмію  «За духоўнае адраджэнне» і ўзнагароджаны  медалём Францыска Скарыны. Да апошняга, нягледзячы на тое, што яму было 84 гады, Ёзас не толькі вёў службу ў храме, але і працаваў фізічна.

Вёска Мосар была аб’яўлена безалкагольнай зонай. Але не толькі яе жыхары пазбаўляліся ад шкодных прывычак, але і сотні, тысячы паломнікаў з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа пакінулі ў храме Святой Ганны запіскі-клятвы, у якіх цураліся на некалькі год, а то і  на ўсё астатняе жыццё спіртнога. Многія людзі потым вярталіся праз колькі часу ў Мосар, каб шчыра падзякаваць Ёзасу Бульку.

Да апошняга ён абараняў «заваяваныя пазіцыі» ў барацьбе з п’янствам:

— Уяўляеце, камусьці захацелася каля касцёла пабудаваць  кафэ-бар. Няўжо мы хочам вярнуцца да старых часоў, калі мужчына ідзе ў касцёл і б’е паклоны з бутэлькай у кішэні?.. Я так разнерваваўся, што ціск падняўся.

Кафэ-бар той будаваць, вядома, нікому не далі.

Шмат чаго зрабіў ксёндз Ёзас, але яму здавалася, што ўсё мала. У задумках былі рамонт і адкрыццё гасцініцы, узвядзенне на рэчцы вадаспада, папаўненне заапарка, бо дзеці з горада жывёл бачаць толькі на малюнках.

Аднак усё больш падводзіла здароўе. Да таго ж знайшліся нядобразычліўцы з-за мяжы, якія панавыкопвалі ўсялякага бруду ў яго ранняй біяграфіі, таго, да чаго ён не меў аніякага дачынення. У выніку трапіў у бальніцу. У мінскай клініцы яму была зроблена складаная аперацыя на сэрцы, але выратаваць жыццё так і не ўдалося.

У нядзелю, 27 снежня, у Глыбоцкім раёне пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя  90-годдзю з дня нараджэння каталіцкага святара Ёзаса Булькі. У Мосары ў касцёле Святой Ганны пройдзе  святая імша. А ў Цэнтры культуры аграгарадка Удзела  адбудзецца  вечар памяці «Ёзас Булька: пропаведзь даўжынёю ў жыццё».

КОЖНЫ дзень, і асабліва ў выхадныя, у Мосар да касцёла Святой Ганны прыязджаюць на легкавушках, аўтобусах, веласіпедах і проста ідуць пешшу людзі.

Яны дзівяцца таму, што тут зроблена, і многім падаецца, што вось-вось, як і раней, выйдзе ім насустрач ксёндз Ёзас Булька...

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter