Прыгажосць адчулі сэрцам

Цюменьскія беларусы расказалі чытачам абласной бібліятэкі пра “Зямлю з блакітнымі вачамі”
У той дзень у Цюменьскай абласной спецыяльнай бібліятэцы было шумна і шматлюдна, гучала руская і беларуская гаворка. Пры ўваходзе чытачоў сустракалі людзі ў нацыянальных беларускіх касцюмах. Гэта было сумеснае мерапрыемства бібліятэкі і аддзела беларускай культуры Дома нацыянальных культур “Строитель”. Інтэрактыўная праграма “Зямля з блакітнымі вачамі” ладзілася да Дня славянскага пісьменства і культуры.


Людміла Татарынцава (справа) правяла майстар-клас

На выставе “Родная мова” — кнігі на беларускай мове і спецыяльныя выданні беларускіх аўтараў у рэльефна-кропкавым шрыфце і “размаўляльным” фармаце. Пра народныя традыцыі, звычаі беларусаў займальна расказала Людміла Татарынцава. Кожны ахвочы мог памацаць старадаўнія ільняныя ручнікі, нават папрасаваць іх драўляным “рублём”. З цікавасцю даведваліся невідушчыя чытачы пра такія народныя промыслы, як пляценні з лазы і саломкі, выраб лялек-абярэгаў. Перфоманс “Дотык да вытокаў” даваў магчымасць тактыльна абследаваць нацыянальны касцюм, прымераць галаўныя ўборы. Такая задумка творчага калектыву ўсім спадабалася.

І канцэртная праграма з сімвалічнай назвай “Святло слова” давала слухачам новыя ўражанні. Выступаў моладзевы ансамбль “Верас” (кіраўніца — Клаўдзія Зуева, гарманіст Аляксандр Вахнічаў). Гучалі песні лірычныя і вясёлыя, сучасныя і народныя: “Радзіма мая”, “Лявоніха”, “Рускі сувенір”,  “Бульба” ды іншыя. Вершы на беларускай мове чыталі юныя Даша Акшэнцава і Дыяна Каржуева. Спецыяльна, каб наведаць майстар-клас Людмілы Татарынцавай, якая ўмее стылізаваць звычайную кнігу пад старадаўнюю, прыехала ў бібліятэку Алена Яснова. Цяпер яна таксама ведае сакрэты майстэрства. 

Сустрэча з цюменьскімі беларусамі атрымалася цёплай, яркай, запамінальнай. Невідушчыя чытачы настолькі прасякнуліся беларускімі матывамі, што й самі выходзілі падпяваць на імправізаваную сцэну. Кацярына Бруй, напрыклад, выканала на беларускай мове народную партызанскую песню.

Наталля Расамахіна, г. Цюмень
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter