Прыгажэй, Бабруйск!

29 чэрвеня Бабруйск адзначае вызваленне і сваё 625-годдзе

29 чэрвеня Бабруйск адзначае чарговую гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 625-годдзе. Бабруйчане — гэта асаблівыя людзі, і ў іх ёсць пачуццё локця. Аднойчы пазнаёміўшыся з імі, адчуваеш патрэбу ўбачыцца зноў...

Не пакрыўдзіць людзей

Пачаць свой расказ хочацца са старшыні гарвыканкама Дзмітрыя Бонахава. І не толькі таму, што ён — першая асоба горада, ён — адзін з самых маладых кіраўнікоў “вертыкалі” ўлады: не было і трыццаці пяці, калі прыняў горад. Чалавек, можна сказаць, заезджы (хаця і працаваў на высокай пасадзе ў суседніх Асіповічах). Як у яго пойдуць справы, ці па ім будзе такі няпросты “воз”? Аднак, да гонару новага кіраўніка, ён адразу знайшоў “ключык” да сваіх падначаленых: “Ты бабруйчанін? Дакажы справай!” Ну і сам, як кажуць, не разгінаўся. У ім глыбіня, разважлівасць, гэткая сялянская (родам з Мсціслаўскага раёна) падкаванасць. Перш чым праводзіць рабочыя планёркі, пабывае на гаспадарчых аб’ектах, кожнай вулачцы, у завулачку — у курсе ўсяго. І ўсялякі раз падкрэслівае: “Глядзіце, не пакрыўдзіце людзей, бо не яны — для нас, гарадскіх упраўленцаў, а мы — для іх!”

Вось ужо шосты год Дзмітрый Міхайлавіч кiруе. Горад, абапіраючыся на такія буйныя вытворчасці, як “Белшына”, “Бабруйскаграмаш”, завод “ТДіА” і іншыя, значна прасунуўся ў сваім сацыяльна-эканамічным развіцці. Мікрараён Заходні прыкметна папрыгажэў. Пачалі будаўніцтва новага мікрараёна, упарадкавалі вуліцу Гогаля. Ажыццявілі адно — намячаюць другое. Што называецца, у пастаянным руху і абнаўленні.

Нямала добрых слоў гучыць у адрас Бонахава, а ён нібыта і не заўважае: “Нам яшчэ столькі трэба зрабіць!”

Цягнуць свой “вазок” далей

Дырэктар завода “Універсал-Бабруйск” Уладзімір Аўчыннік размяняў чацвёрты дзесятак на гэтай пасадзе — такі кіраўніцкі стаж рэдка знойдзеш у вобласці і рэспубліцы. Тым больш давялося прайсці і перабудову, і няпростыя дзевяностыя мінулага стагоддзя, і ўсялякую эканамічную, фінансавую “непагадзь”. Тым не менш Уладзімір Мітрафанавіч цвёрда трымаецца. Ён прытрымліваецца дэвіза: перш чым стаць кіраўніком, навучыся паважаць работнікаў. Заўжды адкрыты людзям, адгукваецца на любую просьбу. Хай не на ўсе сто працэнтаў выканае, дык напалову, на трэць, але да праблемы безуважным не застанецца. Зычлівасць, як і патрабаванасць, у яго характары.

Адным словам, Аўчыннік — прыкметная фігура ў горадзе, да яго ідуць, з ім раяцца. Сёлета Уладзіміру Мітрафанавічу споўнілася шэсцьдзесят пяць, а з ім у галіновым міністэрстве зноў на пяць годоў заключылі кантракт. Канешне, гэта не толькі знак павагі, але і ацэнка высокай чалавечай, прафесійнай годнасці. “Буду збірацца з сіламі, — жартаўліва гаворыць ён, — і цягнуць свой “вазок”. Не ведаю, як вытворчасць без мяне, але я без яе сябе не ўяўляю!”

Удалося выйсці на Крамянчугскі аўтамабільны завод Украіны, Камскі — Расіі, куды сёння пастаўляюцца ў вялікай колькасці камплекты люстэркаў, іншая прадукцыя. Нязменнае правіла — своечасовае выкананне заказаў. На прадпрыемстве кожны «пятачок» вытворчых плошчаў задзейнічаны. Зараз рэалізуецца праект па стварэнні інструментальнага і механазборачнага цэхаў, набываецца адпаведнае абсталяванне.

Аўчыннік — кавалер ордэна Пашаны, адзначаны медалём «За працоўную доблесць», заслужаны работнік прамысловасці рэспублікі.

На палотнах — родны горад

— Ну, землячкі, расказвайце, што ў вас новенькага? — звычайна пасля прыезду з Санкт-Пецярбурга ў Бабруйск пытае Абрам Ісакавіч.

Рабкін часцей бывае ў Бабруйску, чым у горадзе на Няве, дзе зараз жыве. У яго тут рабочая майстэрня, усё блізкае, дарагое. Вось стары дом, кусты бэзу, ля якіх развешана бялізна... Перадае ўсё гэта на палатне. Стары Бабруйск — любімая тэма мастака. Пісаў, працягвае пісаць, не дае пэндзлю прасушвацца: «Дворык маленства», «Шасэйная», «Белагура» і іншыя. Свае творы пад назвай «Мая Радзіма — Бабруйск» выстаўляў у Санкт-Пецярбургу, Бабруйску і іншых гарадах. І заўсёды меў поспех.

Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Рабкін, дарэчы, абараняў Ленінград, шмат пісаў на ваенныя тэмы. Ды, лічы, з іх і пачынаўся як творца. Пісаў партрэты партызанскіх камандзіраў, радавых народных мсціўцаў, яго работы знаходзіліся ў тагачаснай мастацкай галерэі, экспанаваліся на разнастайных міжнародных выставах, нямала іх заняло пачэснае месца ў Бабруйскім краязнаўчым музеі.

Заслужаны мастак Расійскай Федэрацыі, Абрам Ісакавіч праявіў сябе ў новай ролі, парадаваў мастацка-дакументальным творам «Уніз па Шасэйнай», які надрукаваў у часопісе «Нява». Галоўная дзеючая асоба ў ім, вядома ж, родны Бабруйск, яго людзі, як кажуць, з’явы і праявы. Цёпла, з тонкім гумарам напісана, чытаеш — і нібыта сам удзельнічаеш у тых падзеях, якія адбываліся з паўстагоддзя ці болей таму. Нездарма гэты твор адзначаны прэміяй часопіса, атрымаў шмат ухвальных водгукаў чытачоў і крытыкаў.

«Я не ў гасцях — дома!»

Прозвішча настаяцеля Сафія-Нікольскага храма айца Дзмітрыя Баркар — малдаўскае. Ён родам з-пад Ціраспаля. Там прыйшоў да веры праваслаўнай. І таму пасля школы не стаяла пытанне, куды паступаць, — у Жыровіцкую духоўную семінарыю. Вучоба яму давалася лёгка, быў прыкметнай асобай сярод семінарыстаў-аднакурснікаў.

Аднаго разу (потым будзе казаць, Гасподзь звёў) погляд упаў на маладую дзяўчыну, якая, мяркуючы па ўсім, прыехала ў Жыровічы з азнаямленчай паездкай. Паломніца, якую звалі Воля, прыехала з Віцебска. Так і завязалася сяброўства, якое перарасло ў нешта большае — жаданне бачыць адзін аднаго, знаходзіцца побач. Не дзіва, што па заканчэнні вучобы Дзмітрый папрасіў рукі Вольгі. Вызначыліся і з месцам служэння Дзмітрыя: Бабруйск. Спачатку ён іерэй аднаго з храмаў, а потым настаяцель другога, можна сказаць, калыскі праваслаўнай веры ў горадзе. Апрача таго, пры ім адкрыўся духоўны цэнтр з філіялам гарадской гімназіі з праваслаўным ухілам. Тут жа нядзельная школа, праца з дзецьмі і іх бацькамі. Клопатаў хапае, без памочнікаў не абыходзіцца. Ну а галоўнае — службы, якія праводзіць айцец Дзмітрый. Радуе, што прыхаджан у храме прыбывае. Нярэдка сюды з малым Ільюшкам наведваецца і жонка Вольга.

І ўсё ж перажываеш за айца Дзмітрыя: хаця б у яго на новай радзіме ўсё было добра... Падзяліўся з ім гэтай думкай, а ён у адказ: «Дык чаго хвалявацца, я не ў гасцях — дома!»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter