У Мінску пабывалі кіраўнікі творчых гуртоў беларусаў замежжа

Прыехалі павучыцца

У Мінску пабывалі кіраўнікі творчых гуртоў беларусаў замежжа

Курсы прайшлі ў Мінску напрыканцы мінулага года, іх традыцыйна ладзяць Інстытут культуры Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур і Таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом “Радзіма”. Якія ўражанні? Ніна Менцюкова з Неапаля ўпершыню была на курсах, яна — з ліку тых суайчыннікаў, што збіраюцца рэгістраваць у італьянскім горадзе яшчэ адну культурную суполку беларусаў. Па словах Ніны, там яе з нецярпеннем чакаюць з новымі праектамі больш за 50 сяброў-аднадумцаў. І яна павезла з Радзімы шмат творчых ідэй. Сама Ніна ўмее майстраваць цудоўныя дрэвы… з каштоўных камянёў. “На курсах асвоіла азы саломапляцення, — радуецца яна. — Гэтую ружу-брошку, што ў мяне на сукенцы, зрабіла сама. Хочацца развіваць атрыманыя навыкі: спатрэбяцца ў рабоце”. Па словах Ніны, беларускі ў Італіі вельмі працавітыя: хто вяжа, хто вышывае, хто з воўны робіць шалікі ды жакеты… А ствараюць новую суполку ў Неапалі і дзеля таго, каб разам ладзіць выставы кірунку “Handmаdе”, прадстаўляць па краіне незвычайныя для італьянцаў вырабы з беларускім каларытам.

Анастасія Трубянкова з Новасібірска і Таццяна Пучок з Паўладара
Анастасія Трубянкова з Новасібірска і Таццяна Пучок з Паўладара

Самыя маладыя ўдзельніцы стажыроўкі Анастасія Трубянкова з Новасібірска і Таццяна Пучок з казахстанскага Паўладара больш звярталі ўвагі на дэталі. “Сорамна прызнацца: каля дзесяці год стаўлю беларускія танцы ў дзіцячых і падлеткавых калектывах, а паклон мы робім, аказваецца, няправільна! — кажа Таццяна. — То будзем хуценька выпраўляць памылкі”. Для Насці Трубянковай, якая пакарыла сэрцы гледачоў сваімі спевамі пад час канцэртаў Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету, важна было сабраць як мага больш метадычнай літаратуры. Працуе яна мастацкім кіраўніком пры Новасібірскім цэнтры беларускай культуры, а пры ім — аж 15 клубных суполак, і ўсім патрэбна дапамога. Радавалася Насця і сцэнарыю Калядак. Казала, выкарыстае яго пры падрыхтоўцы свята ў Новасібірску.

Ніна Бура, Гелена Шчыгол, Гелена Датчук і Пётр Скепка з Польшчы пазітыўна ацанілі ўвогуле ўсю праграму курсаў. Казалі: кожны занятак — дарэчы і ў тэму. Жанчынам спадабалася і праграма вольнага часу: экскурсіі па Нацыянальнай бібліятэцы, Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, культпаход у Вялікі тэатр оперы і балета. Сустракаліся землякі і з артыстамі народных ансамбляў “Пінская шляхта” і “Вербіца” — тыя дзяліліся з калегамі сакрэтамі майстэрства.  

Прагра­ма была настоль­кі насычаная, што, па прыз­нан­ні кіраўні­цы асацыяцыі  “Bellarus” з Італіі Таццяны Пумпулевай, “у галаве колазварот з ведаў і ўражанняў, якія з часам пераўтворацца ў буйныя праекты, розгалас ад якіх абавязкова будзе чутны і на Радзіме”.

Пра свае ўражанні ад праграмы курсаў, цікавыя сустрэчы і знаёмствы гаварылі Зоя Садоўнікава з Латвіі ды Валянціна Снігур з Літвы, Віктар Зіновіч з расійскага Валгаграда. А вось Алена Калягіна з Эстоніі, Інга Карлінская з Латвіі ды Алена Пісчыкеня з Літвы так здружыліся, што вырашылі стварыць яшчэ адзін гурт — інтэрнацыянальны: з артыстаў сваіх гуртоў. І ў такім складзе час ад часу выязджаць на гастролі.

Відавочна, стажыроўка была карыснаю, пасадзейнічала нараджэнню новых ідэй. А як яны рэалізуюцца — пакажа час. Галоўнае ж, па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіла Рыбакова, што адбываецца ўзаемадзеянне: суайчыннікі за мяжой з ахвотай прадстаўляюць родную культуру, а ў Беларусі ёсць людзі і ўстановы, гатовыя ім дапамагаць.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter