Прыбытак духоўны. У целе моцнай дзяржавы павінна жыць моцная душа — культура.

Без культуры няма нацыі, а без моцнай дзяржавы паступова, але непазбежна знікае сама нацыя. Гэта ісціна, якая не патрабуе дадатковых доказаў, лічыць Генадзь Давыдзька, старшыня асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў “Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў”, што аб’ядноўвае больш за 10 тысяч лепшых беларускіх творцаў. Разумеючы гэта, дзеячы мастацтва і культуры павінны быць патрыётамі дзяржавы, а дзяржава павінна рабіць усё, каб у яе моцным целе жыла моцная душа — культура.

З боку дзяржавы робіцца ўсё магчымае для падтрымання і росквіту культуры. Працуюць спецыяльныя фонды Прэзідэнта па падтрымцы культуры, мастацтва, таленавітай моладзі. Аднаўляюцца будынкі тэатраў, ладзяцца буйнейшыя міжнародныя фэсты, працуюць музеі, бібліятэкі. Але апошнім часам творчыя саюзы па розных прычынах засталіся крыху ўбаку ад галоўных культурных падзей краіны. Безумоўна, члены саюзаў удзельнічаюць ва ўсіх культурных акцыях Беларусі, але самі структуры саюзаў з іх арганізацыйнымі, метадалагічнымі і валанцёрскімі магчымасцямі застаюцца ад іх убаку. Творцы валодаюць вялікай сілай — магчымасцю ўплываць на духоўны і маральны стан чалавека. Сваёй нераўнадушнай творчасцю яны могуць так паставіць праблемы, што іх вырашэнне будзе для кіраўніцтва першачарговым. У гэтым заключаецца рэальны ўплыў творцаў на беларускую рэчаіснасць.
“Хопіць чакаць і назіраць — трэба ствараць, — заявіў на сходзе Генадзь Давыдзька. —  Для некаторых беларускіх творцаў характэрны рысы спажыўца: “Дзяржава, дай нам, а  мы што-небудзь зробім”. Але ніколі ні ў адной краіне творцы не чакалі многага ад дзяржавы. Яны перш прапаноўвалі самі, а потым дзяржава давала, падхоплівала ідэі, а пасля ганарылася рэальнымі вынікамі працы. І сапраўды, дзе тыя фільмы, спектаклі, канцэртныя праграмы, якімі б ганарылася ўся нацыя? Дзяржава чакае ад нас такіх твораў”.
Большасць творчых саюзаў маюць свае аддзяленні па ўсёй Беларусі, працуюць з замежнымі калегамі і творчымі грамадскімі аб’яднаннямі, шмат робяць для станоўчага іміджу рэспублікі за мяжой. Дзяржаве трэба выкарыстоўваць гэты арганізацыйны і творчы патэнцыял. Для больш паспяховага супрацоўніцтва дзяржавы і творчых саюзаў Генадзь Давыдзька прапанаваў у наступным пяцігоддзі стварыць Дом творчых саюзаў і прыняць новы закон для гэтай катэгорыі грамадскіх аб’яднанняў. Разумеючы эканамічныя праблемы дзяржавы, работнікі культуры ўсё ж занепакоены ўкараненнем у сферу культуры рыначных прынцыпаў. “Рыначныя адносіны павінны існаваць, — разважае Давыдзька. — І дзеячам  культуры ёсць што прапанаваць на гэтым рынку. Але маркетынг у галіне культуры амаль адсутнічае. Дзяржава павінна патрабаваць ад дзеячаў культуры прыбытку, але ў першую чаргу — духоўнага”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter