Пружанскі тандэм. Шлях Пружаншчыны ў гісторыі быў багатым на падзеі, звілістым, як каранаваная змяя на гербе цяперашняга райцэнтра.

Але рэкі Ясельда ды Мухавец, а таксама Белавежская пушча напаўнялі людзей сіламі, жыццё працягвалася. Захаваць раўнавагу на хвалях быцця гэтаму краю дапамагалі два тандэмы: дзве гістарычныя восі — Пружаны і Ружаны, а таксама арганічная повязь спадчыны продкаў і набыткаў сучаснікаў.

Але рэкі Ясельда ды Мухавец, а таксама Белавежская пушча напаўнялі людзей сіламі, жыццё працягвалася. Захаваць раўнавагу на хвалях быцця гэтаму краю дапамагалі два тандэмы: дзве гістарычныя восі — Пружаны і Ружаны, а таксама арганічная повязь спадчыны продкаў і набыткаў сучаснікаў.

Белыя лаўкі
Гандлёвыя рады ў цэнтры Пружанаў, пабудаваныя ў 1869 годзе, і сёння з’яўляюцца месцам сустрэчы прадаўцоў і пакупнікоў.

Імператарскія масты
Іх пабудавалі ў 1890-я гады на тэрыторыі Белавежскай пушчы па загаду імператара Аляксандра ІІІ. Поўнасцю захаваліся толькі на тэрыторыі Пружанскага раёна.

Вяжнянская гаючая крыніца
Гэты водны скарб меліяратары “адшукалі” ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Пазней крыніцу добраўпарадкавалі, зрабілі купальню. Цяпер тут праходзяць набажэнствы, сюды імкнуцца людзі, каб пазбавіцца ад хвароб. Лічыцца, што калі тры разы акунуцца ў вяжнянскую гаючую ваду, то пра неўрозы і радыкуліт можна забыцца.

Палацавы комплекс Сапегаў у Ружанах
Жывым сведкам пераемнасці традыцый стаў палацавы комплекс Сапегаў у Ружанах — найпрыгажэйшая ружа ў багатым букеце, пакінутым у спадчыну прадстаўнікамі гэтага старажытнага роду. Рэшткі палаца і сёння ўражваюць сваёй велічнасцю. Сучасныя архітэктурныя абрысы комплекс набыў у ХVII—XVIII стагоддзях. Гісторыкі сцвярджаюць, што акрамя “вяршыні айсберга” былі і развітыя падземныя камунікацыі: двухпавярховыя скляпенні ды патаемныя праходы. Як распавядае легенда, у гэтага комплексу, як і ў кожнага іншага значнага старажытнага помніка, быццам быў падземны ход, які вёў ажно да не менш таямнічага Косаўскага замка. Сталыя людзі расказваюць, што ім у дзяцінстве і сапраўды даводзілася блукаць па цёмных скляпеннях сапегаўскага палаца. Аднак сёння праверыць гэта складана: сведка былой велічы спадчыны Сапегаў часткова згарэў падчас Першай сусветнай, а потым і Другой сусветнай вайны. Уваходы ў яго скляпенні мясцовыя жыхары засыпалі пяском, каб у дзяцей не было спакусы да нябеспечных гульняў. І хто ведае, што яшчэ тояць старажытныя сцены?

Троіцкі касцёл
Высокі храм, пабудаваны Янам Бекерам, архітэктарам палаца Сапегаў, у нядаўнім мінулым прыняў рэстаўратараў і цяпер вабіць усіх гасцей Ружанаў разважліва-стрыманым прывітаннем.

Санаторый “Ружанскі”
Гэты дзіцячы санаторый стаў добрым дадаткам да спадчыны продкаў. Ён размясціўся на тэрыторыі заказніка “Ружанская пушча” — на беразе возера Паперня. Артэзіянская свідравіна з мінеральнай вадой, фізіяпрацэдуры, аквапарк і многае іншае — усё гэта дапамагае падмацаваць сілы і здароўе. Нямала значных “здаровых” аб’ектаў ёсць і ў Пружанах. Ужо ў наш час у райцэнтры вырас вялізны Лядовы палац. Побач з ім былі выдзелены плошчы пад аквапарк, тэнісныя корты, іншыя спартыўна-аздараўленчыя аб’екты.

Пружанскі палацык
Гэтая арыгінальная рэзідэнцыя, якая калісьці належала Валенцію Швыкоўскаму, была пабудавана ў ХІХ стагоддзі. Вакол яе Швыкоўскія залажылі багаты на экзатычныя дрэвы парк. У спецыяльна пабудаванай аранжарэі былі апельсінавыя і лімонныя дрэўцы, пальмы, мірты і іншыя экзоты, якія ў летні час упрыгожвалі парк. На жаль, потым усё прыйшло ў заняпад. Частку спадчыны ўдалося адрадзіць. Цяпер у будынку, які размяшчаецца непадалёк ад цэнтра горада, знаходзіцца знакаміты музей-сядзіба “Пружанскі палацык”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter