Да 73-й гадавіны Перамогі над фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне тэлеканалы падрыхтавалі тэматычныя святочныя эфіры. Яны будуць насычаны трансляцыямі ўрачыстых мерапрыемстваў, ігравымі і дакументальнымі фільмамі, спецыяльнымі праектамі і канцэртнымі праграмамі.
На «Беларусь 1» святкаванне пачнецца ўжо 5 мая — адбудзецца прэм’ера цыкла дакументальных фільмаў «Як мы жылі на вайне», якія выкананы ў стылістыцы музычнага кіно 1940—1950-х гадоў XX стагоддзя. Аўтары праекта ў чатырох серыях раскажуць пра цырульні, лазні, палявую кухню, пошту і пасылкі таго часу.
З 5 мая на «Беларусь 1» цыкл дакументальных фільмаў «Як мы жылі на вайне»
Маладзёжная праграма «ПИН_КОД» падрыхтавала спецыяльны праект 8 мая. Яго аўтары раскажуць пра дзейнасць цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі і «Школы мужнасці», дзе выхоўваюць смелых і фізічна развітых маладых людзей, рыхтуюць школьнікаў да маючай адбыцца службы ў радах Узброеных Сіл, даюць арыенціры, якія дазваляюць у будучыні атрымаць адну з адказных прафесій.
З самай раніцы 9 мая на розных каналах Белтэлерадыёкампаніі — ваеннае кіно. На «Беларусь 1», напрыклад, патрыятычная драма «Брэсцкая крэпасць», на «Беларусь 2»
— ваенны фільм «Вышыня 89», потым дэтэктыў «Ялта-45». «Беларусь 3» на працягу ўсяго дня будзе паказваць стужкі пераважна вытворчасці «Беларусьфільма»: «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Чорная бяроза», «Вазьму твой боль», «Праз могілкі» і іншыя.
На галоўным канале медыяхолдынга ў 11 гадзін пакажуць прамую трансляцыю ўскладання кветак і вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску, крыху пазней — урачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя Дню Перамогі, вечарам — урачысты тэатралізаваны канцэрт майстроў мастацтваў «Плошча Перамогі». Але найперш музыка зайграе ў гэты дзень на «Беларусь 3»: у дзесяць гадзін можна паглядзець тэлеверсію гала-канцэрта XXI тэлевізійнага фестывалю армейскай песні «Зорка». Яшчэ адна нагода ўключыць менавіта гэты канал — дакументальны цыкл «Дзённікі беларускага падполля», у якім раскажуць аб антыфашысцкім падполлі ў найбуйнейшых гарадах краіны — Мінску, Брэсце, Гомелі і Магілёве. Цікава, што на працягу ўсяго святочнага дня тэлеканал не будзе дэманстраваць рэкламныя блокі.
Шмат эфірных гадзін будзе прысвечана 9 мая і на «Беларусь 24». Раім паглядзець чарговы выпуск праграмы «24 пытанні», у якім вядучы Аляксандр Мартыненка пагутарыць з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрыем Шляхціным.
Прамую трансляцыю Парада Перамогі, які будзе праходзіць у Маскве на Краснай плошчы, можна будзе ўбачыць на тэлеканале «НТВ-Беларусь» у 10 гадзін.
АНТ пачне святочны эфір ужо з «Нашай раніцы». Вядучыя праграмы будуць працаваць на «Лініі Сталіна» і каля стэлы «Мінск — горад-герой». Яны пагутараць з ветэранамі і самі прымуць удзел у рэканструкцыі баёў на «Лініі Сталіна». Яшчэ адзін цікавы праект канала — дакументальны фільм пра кінастужку «У бой ідуць адны «старыя». Фільм прымеркаваны да 45-годдзя карціны і да 90-годдзя рэжысёра Леаніда Быкава. Аўтар праекта Тэнгіз Думбадзэ сустрэўся з тымі, хто ствараў гэты фільм, і блізкімі людзьмі рэжысёра.
ДАРЭЧЫ
9 мая ў 16.55 Белтэлерадыёкампанія далучыцца да хвіліны маўчання, прысвечанай памяці ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны.
stepuro@rambler.ru
Да 9 Мая – на тэлеканалы краіны выйдуць шмат цікавых эксклюзіўных праектаў
Пройдзем Дарогамі вайны
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.