Простыя рэчы

У Мінску адкрыецца выстава «Рэчы паміж жыццём і смерцю»

Выстава «Рэчы паміж жыццём і смерцю» адкрыецца 17 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі. Экспазіцыя складаецца з тысячы дробных прадметаў, неабходных для выжывання ў акопах. Усё тое, што магло знаходзіцца ў кішэнях салдатаў. Фотаздымкі родных, лыжкі, карты для гульні, прылады для галення, музычныя інструменты, лекі, вайсковы рыштунак самых розных краін і войнаў ХХ стагоддзя. Але гэта адны і тыя ж рэчы. Амерыканцы, немцы, рускія, японцы маюць адны і тыя ж патрэбы. Гэтыя рэчы сімвалізуюць розніцу паміж жыццём і смерцю, а таксама тое, што і на вайне ёсць будні, калі салдат гатуе, бавіць час, сумуе, жартуе, мыецца, паліць. Чалавек застаецца чалавекам.

Выстава распавядае пра паўсядзённае жыццё ў час войнаў, носіць апалітычны і гуманістычны характар. Яна падрыхтавана ў Швецыі Музеем арміі ў Стакгольме ў супрацоўніцтве з вядомым калекцыянерам Турб’ёрнам Ленскугам, які сабраў і адабраў для паказу ўсе экспанаты.

Вялікі праект тэрмінам у год мае на мэце ахапіць як мага больш зацікаўленых гледачоў і прадэманстраваць выставу ў буйнейшых гарадах краіны. Яго ініцыятарам у Беларусi выступіў Нацыянальны гістарычны музей.

Выстава «Рэчы паміж жыццём і смерцю» прэзентавалася ў Швецыі ў 2010 годзе, яна ўзнагароджана Залатой прэміяй і названа самай эстэтычнай выставай года. Да гэтага часу пабывала ў Нарвегіі, Бельгіі, Польшчы.

З красавіка з экспазіцыяй знаёміліся ў Гродне. Да верасня яна прабудзе ў Мінску, а пасля накіруецца ў Гомель, Магілёў і Брэст.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter