Простае чалавечае шчасце, зусім не трывожнае

Сярэдняя дачка Iвана Шамякiна доктар філалагічных навук Таццяна Шамякіна расказвае пра іх сумесныя падарожжы, сціпласць хатняй абстаноўкі і «зорную хваробу» бацькі

Іван ШАМЯКІН на дачы, жнівень 1982 г.

Для сваіх чацвярых дзяцей і жонкі Шамякін быў перш за ўсё не пісьменнік, а бацька і муж. Сёння сярэдняя дачка доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Шамякіна расказвае пра іх сумесныя падарожжы, сціпласць хатняй абстаноўкі і «зорную хваробу» бацькі.

— Шамякін часта заяўляў пра свой атэізм, але ў рэальным жыцці паступаў па-боску, кіраваўся евангельскімі прынцыпамі. Гэта асабліва відавочна аказалася ў тыя месяцы, калі смяротна хварэла жонка, і ён сам, ужо надзвычай слабы на ногі, кожны дзень ездзіў да яе ў бальніцу ледзь не на поўныя суткі і ўсяляк падтрымліваў да канца. Увогуле адносіны да жонкі, маці яго дзяцей, усё жыццё самыя кранальныя, пяшчотныя, рамантычныя. У творчасці гэта выявілася выразна, асабліва ў «Трывожным шчасці». Аглядаючы сёння ў памяці сямейнае жыццё бацькоў, я магу з поўным правам сказаць: іх шлюб, можа, адзіны на мільён сямейных саюзаў, сапраўды шчаслівы, гарманічны, нейкі выключна светлы, веснавы ва ўсім. Любоў бацькоў адзін да аднаго і да дзяцей стварала асаблівую сямейную атмасферу.

Самая вялікая наша, дзяцей, удзячнасць за тое, што бацькі кожнае лета ездзілі з намі на Гомельшчыну – на радзіму маці, у любую Церуху. У вёсцы ў першай палове дня Шамякін нязменна працаваў. Яго рабочыя дні ў Церусе – надзвычай плённыя. Пасля абеду, пасадзіўшы поўную машыну дзяцей – сваіх, пляменнікаў жонкі, часта і суседскіх, Шамякін абавязкова вёз нас куды-небудзь у аколіцы вёскі: у лес, на луг, на мяжу з Украінай (мы любілі гэтае месца з альтанкай, тады – сімвалічнае). Часам ішлі вудзіць рыбу. Звычайна пад вечар, калі вада награвалася, купаліся ў рэчцы. У ягады і грыбы таксама ездзілі ледзь не штодня. Так выхоўвалася любоў да прыроды, да вандровак. 

Гады паездак на Гомельшчыну – літаральна кожным летам – былі перыядам поўнага, абсалютнага шчасця, якое толькі можа быць у жыц­ці чалавека. Адчуванне шчасця вынікала ў Шамякіна і з назіранняў за імклівымі зменамі ў краіне, і ад уласных творчых сіл, пісьменніцкай папулярнасці, уключанасці ў эліту грамадства, і ад сямейных радасцей, паколькі бацькі і дзеці ўвесь час былі побач і разам бавілі час.

Татава захапленне – збі­ранне кніг – таксама перадалося дзецям. З усіх яго шматлікіх у савецкі час падарожжаў нешта абавязкова прывозіў, але найчасцей – кнігі, мастацкія альбомы. У Маскве заў­сёды заходзіў у «Кнігарню пісьменні­ка» і вёз нам такія шыкоўныя кнігі, якія ў Мінск ніколі не траплялі. Чытаў мне ўслых. Акрамя шматлікіх казак, памятаю яго чытанне «Новай зямлі» Якуба Коласа. З дзяцінства паэма сваёй слоўнай музыкай увайшла ў свядомасць. Нездарма я выбрала яе тэмай маёй дыпломнай работы. Усе бацькавы захапленні і я пераняла ў сваім жыцці – дзецям чытала ўслых, кнігі і мастацкія альбомы апантана збіраю і цяпер.

Удзельнікі 3-га з`езда пісьменнікаў БССР (злева направа):
А. ПРАКОФ`ЕЎ, К. СІМАНАЎ, С. МІХАЛКОЎ, Я. КОЛАС, Х. ГУЛЯМ,
П. БРОЎКА, К. КРАПІВА, І. ШАМЯКІН, Г. МУХТАРАЎ, г. Мінск, 1954 г.

У першым класе я захварэла і некалькі месяцаў не наведвала школу. Вучылі мяне дома. У асноўным мама і старэйшая сястра, але вельмі часта і бацька, прычым па-свойму, што і дало найлепшы эфект. Гэта той выпадак, калі няма ліха без дабра: хатняе навучанне заклала трывалае жаданне вучыцца, вучыцца заўсёды і ўсюды. З іншымі дзецьмі тата ўрокамі звычайна не займаўся; школы нашы, аднак, наведваў, але пераважна для выступленняў: запрашалі яго настаўнікі часта. У настаўнікаў, як і ва ўрачоў, Шамякін – адзін з любімых аўтараў. 

Калі тата быў на працы, а тлуму ў Саюзе пісьменнікаў заўсёды хапала, ён, тым не менш, не ленаваўся зайсці ў сталоўку ЦК (на рагу вуліц Кірава і Энгельса) і купіць мне маленькую шакаладку. Увогуле ўсё жыццё любіў радаваць падарункамі.

Ніколі ён не хварэў на «зорную хваробу». Наадварот, перад калегамі нібы адчуваў віну за свой поспех у чытачоў, а таму, як ніхто з усіх кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў, хадзіў і хадзіў у розныя інстанцыі і выбіваў для калег узнагароды, выданні кніг, розныя прывілеі. Вельмі многія пісьменнікі савецкай эпохі абавязаны яму сваімі званнямі, прэміямі, кватэрамі. На той час, нагадаю, кватэры даваліся бясплатна. Але каб атрымаць іх, неабходна было менавіта добра-такі пахадзіць па кабінетах чыноўнікаў. 


Перад родзічамі майму бацьку было няёмка за сваё багацце, таму ўсе ганарары шчодра раздаваў: каму хату пабудуе, каму на машыну грошы дасць. Некаторым родным рэчы, прадукты слаў (рукамі мамы) рэгулярна. Кватэру Шамякін атрымаў даволі вялікую – пяць пакояў, праўда, ужо калі ўсе чацвёра дзяцей ажаніліся і сям’я намнога разраслася. Але ўсе, хто прыходзіў да нас, здзіўляліся сціпласці абстаноўкі.

У сталым узросце нішто яго так не радавала, як поспехі дзяцей і ўнукаў. Сапраўды, сын – геолаг, удзельнічаў у будаўніцтве мінскага метро; дзве дачкі – кандыдаты навук, а я – неўзабаве і доктар, прафесар, член Саюза пісьменнікаў Беларусі; унучкі выдатна вучацца і выяўляюць імкненні да творчасці. Ганарыўся гэтым намнога больш, чым сваёй папулярнасцю, і думаў толькі пра нас. А мне ён успамінаецца маладым, вясёлым і энергічным. Такую ствараў і атмасферу дома. 

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости