Супляменнікі з Эстоніі прапануюць паглядзець на Бацькаўшчыну пад новым ракурсам

Проста цуды, проста казка

Супляменнікі з Эстоніі прапануюць паглядзець на Бацькаўшчыну пад новым ракурсам

Нядаўна чытаў у разумнай кнізе: усё, што здараецца з намі, чалавек прыцягвае да сябе, як ні дзіўна, сам... Нібы магніт жалеза. Нешта дрэннае прыцягваецца, калі ўнутры маем недасканаласць. Пераадольваем цяж­касці — і становімся лепшымі. А калі сам імнешся жыць у дабрыні, паварочваешся да свету лепшым сваім бокам, “белым і пушыстым”, то рана ці позна тое ж атрымаеш і ў адказ. Пра тую дзівосную, і ў той жа час вывераную мудрымі людзьмі заканамернасць успомнілася, калі нядаўна ў рэдакцыю прыйшло пісьмо ад нашай зямлячкі з Эстоніі, настаўніцы Ніны Пээрна. “Наша таварыства Беларускі цэнтр вучобы і развіцця EVА-Studiorum і праект “Школы-пабрацімы” ў красавіку 2015-га будзе адзначаць сваё дзесяцігоддзе, — піша супляменніца. — Да падзеі плануем розныя мерапрыемствы. Адно з іх — Міжнародная выстава-конкурс дзіцячых малюнкаў “Казачная Беларусь” — паводле беларускіх казак. Адпраўляю вам Палажэнне аб конкурсе: можа, некаму з іншых суполак будзе цікавым такі наш досвед”.

Дзякуй за цікавую творчую ідэю, спадарыня Ніна! Спадзяюся, да “казачнай” задумы прыцягнуцца — сваім лепшым творчым бокам — юныя казачнікі і мастакі з Эстоніі ды іншых краін. А Беларусь, у сваю чаргу, павернецца да іх — як чароўная хатка на курыных лапках — сваёй казачнасцю, мудрасцю, прыгажосцю. Карацей, як гукнеш — так і адклікнецца... У працяг ідэі можна прапанаваць і такія “павароты” для творчага самавыяўлення дарослых: “Беларусь паэтычная”, “Беларусь турыстычная”, “Беларускі ручнік”, “Беларуская песня”... Ну а з казкамі, з дзіцячай аўдыторыяй — гэта, варта прызнаць, вельмі здорава.

У палажэнні пра конкурс гаворыцца, што падтрымліваюць яго Пасольства Беларусі ў Эстоніі, валасное праўленне Харку, Беларускі цэнтр вучобы і развіцця EVА-Studiorum, а таксама Фонд інтэграцыі і міграцыі “Нашы людзі” (MISA) ды Талінская Мастацкая школа (Tallinna Kunstikool). Сярод медэапартнёраў значыцца і наша газета. Арганізатары хочуць “раскрываць творчы патэнцыял школьнікаў пры дапамозе беларускага фальклору, казак”. Натуральна, скіруецца ўвага дзяцей на нашы казачныя багацці, будуць выяўлены і заахвочаны таленты. Дарэчы, беларускіх казак шмат на сайце kazki.by

Мяркуецца, што ў конкурсе паўдзельнічаюць дзеці з розных краін, а іх малюнкі потым спатрэбяцца пры выданні зборніка беларускіх казак. Будзе зроблена і перасоўная мастацкая выстава. Намінацыі такія: “Вобразы герояў беларускіх народных казак пра жывёл”, “Беларускія чарадзейныя казкі”, “Беларускія побытавыя казкі”. Прымаюцца на конкурс работы ў любых графічных тэхніках, фармат — ад А4 да А1. Паўдзельнічаць могуць юныя таленты ад 5 да 18 гадоў уключна, пераможцы рашэннем журы вызначацца ў чатырох узроставых групах. Дыпломы, граматы — лепшым, а падзячныя пісьмы атрымаюць усе ўдзельнікі конкурсу. Дэталі можна ўдакладніць у арганізатараў — іх сайт evastudiorum.сom, электронны адрас: niina@evastudiorum.com

А галоўны каардынатар праекта — Ніна Пээрна. Нагадаем, працы на конкурс прымаюцца да 20 сакавіка, яго вынікі будуць падведзены ў красавіку. 

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter