Прэч i смутак, i нуда! У Зэльву, на кiрмаш пара

26 лiпеня ў Зэльве адкрываўся адзiн з буйнейшых кiрмашоў – Ганненскi

Чаму, на думку нашых продкаў, жыхары беларускага мястэчка адзiнаццаць месяцаў у годзе сумавалi, а адзiн жылi?

На працягу шматлiкiх гадоў у Зэльве, якая з першай паловы XVII стагоддзя лiчылася прыватнаўласнiцкiм свецкiм мястэчкам, 26 лiпеня, у дзень святой Ганны, адкрываўся адзiн з буйнейшых у тагачаснай Беларусi кiрмашоў – Ганненскi. Па велiчынi i размаху гандлёвых сувязяў ён выходзiў далёка за межы ўнутрыгубернскага мясцовага рынку. Увогуле, тагачасныя зэльвенскiя кiрмашы па сваёй значнасцi ўступалi толькi знакамiтым лейпцыгскiм. Гэта тлумачылася зручным размяшчэннем мястэчка на скрыжаваннi гандлёвых шляхоў з Беларусi ў Польшчу i з Прыбалтыкi ва Украiну.

Патрапiць у Зэльву лiчылi за гонар купцы не толькi з Беларусi i Лiтвы, але i з Масквы i Пецярбурга, Варшавы i Рыгi, са Смаленскай, Калужскай, Уладзiмiрскай, Нiжагародскай, Кiеўскай, Палтаўскай, Валынскай, Чарнiгаўскай губерняў. Кiрмаш меў мiжнароднае значэнне i з’яўляўся сувязным звяном памiж велiкарускiмi губернiямi i замежжам. Iншаземцы прыязджалi ў мястэчка з Францыi, Саксонii, Баварыi, Нiдэрландаў, Аўстрыi, Прусii, Iталii, Данii, Швецыi i iншых краiн. Сярод гандляроў былi i купцы з Каралеўства Польскага, якое з’яўлялася тады часткай Расiйскай iмперыi.

Праходзiў кiрмаш на даволi добраўпарадкаваным гасцiным двары ў цэнтры Зэльвы. Тут мелася каля 200 крам, пакрытых чарапiцай, два леднiкi для захоўвання прадуктаў, а таксама, што немалаважна, калодзеж, бо ў сярэдзiне лета, калi як раз i праходзiў кiрмаш, пажары былi даволi частай з’явай.

Што ж везлi гандляры ў Зэльву? Купцы з Расii, якiя прыязджалi на кiрмаш амаль заўсёды першымi, прывозiлi футра, жалеза, шкло, прыганялi коней. Украiнскiя купцы, а таксама прадстаўнiкi краiн Балканскага паўвострава – вiно, розныя бакалейныя вырабы, масла, тытунь, чай i таксама коней, якiя карысталiся вялiкiм попытам у памешчыкаў. Конскi торг, дарэчы, — адна з характэрных рысаў Зэльвенскага кiрмашу. Бывала, што прадавалi iх тут па некалькi тысяч.

Кiрмаш у Зэльве быў i часовым, на перыяд сваёй работы, забаўляльным цэнтрам. Сюды прыязджалi тэатральныя калектывы, жанглёры, фокуснiкi, цыганы з дрэсiраванымi мядзведзямi. Шматлюдна i весела было ў мястэчку на працягу цэлага месяца.

Аднак паступова Зэльвенскi кiрмаш пачаў прыходзiць у заняпад: у 40—50 гады ХIХ стагоддзя кошт прывазных тавараў быў яшчэ высокi, але скарацiўся працэнт прададзеных. Гэта было выклiкана як часовымi з’явамi (неўраджаямi, высокiмi кiрмашовымi зборамi, больш пiльным кантролем за кантрабандным гандлем, якi таксама атрымаў распаўсюджанне ў Зэльве, Крымскай вайной), так i аб’ектыўнымi эканамiчнымi заканамернасцямi: развiццём капiталiстычных элементаў ва ўсiх галiнах эканомiкi, у тым лiку i ў гандлi.

У 1902 годзе кiрмаш адрадзiўся i дзейнiчаў да пачатку Першай сусветнай вайны, але пераважаў ужо кiрмашовы тып яго правядзення.

«Новае дыханне» Ганненскi кiрмаш атрымаў у 2001 годзе, калi перарос у раённае свята – адно з самых масавых i жаданых для жыхароў i гасцей Зэльвеншчыны. У падрыхтоўцы да яго задзейнiчана амаль усё насельнiцтва. Акрамя таго, аддзел культуры Зэльвенскага райвыканкама прыняў удзел у праграме ААН «Устойлiвае развiццё на мясцовым узроўнi», дзе праект правядзення кiрмашу атрымаў грант у 18 мiльёнаў рублёў.

Той, хто патрапiць на кiрмаш, зможа акунуцца ў атмасферу мiнулага – арганiзатары старанна адраджаюць традыцыi продкаў. Сёлета аргкамiтэт аб’явiў конкурсы на самае арыгiнальнае афармленне двароў i балконаў у стылi XVIII стагоддзя, на адмысловае прадстаўленне каня i ўпрыгожванне павозкi. Будуць вызначаны лепшыя расказчыкi «шляхецкага анекдота», гарманiсты i прыпевачнiкi.

Падчас свята будзе працаваць Горад майстроў. Запланаваны i баль-маскарад. Але права на бясплатны ўваход на яго атрымаюць толькi тыя, хто прыйдзе ва ўбраннi XVIII стагоддзя. Касцюм можна пашыць самастойна цi набыць у раённым прадпрыемстве бытавога абслугоўвання, якому даручаны iх выраб.

Нагадаем, 21 жнiўня на гарадской плошчы разгарнецца сапраўднае свята. Яго удзельнiкаў, безумоўна, чакае шмат забаў i сюрпрызаў, конкурсаў i атракцыёнаў. «Вялiкi Ганненскi кiрмаш» заўсёды рады вiтаць сваiх гасцей.

Валянцiн СЕМЯНЯКА, намеснiк старшынi Зэльвенскага райвыканкама

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter