Пчелиный мед в традициях белорусов символизировал дружбу

Празрысты і чысты, як крынічны струмень

На тэрыторыі Беларусі былі вядомы цэлыя вёскі бортнікаў. Пра гэта сведчаць і назвы паселішчаў: Бортнікі, Бортнавічы, Калоднікі.

Фота з архіва «СБ»

Лета — час сонца, кветак і мёду. З даўніх часоў нашы продкі ведалі, што ласунак гэты не проста смачны, але і карысны. З яго выраблялі лекі, а таксама выкарыстоўвалі падчас знакавых падзей.

Мёд падавалі на стол на вясел-лях. Пры запаленых свечках ім частавалі маладых, сустракаючы ў баць­коўскай хаце. Каша з мёдам была абавязковай стравай падчас хрысціянскіх свят. Беларусы мёд называлі дарам, а пчалу — чароўным стварэннем. Такое стаўленне да крылатых працаўніц растлумачыць проста: мёд у даўнія часы быў адзіным салодкім прадуктам у рацыёне людзей. Бо цукар на нашых землях з’явіўся толькі ў XI—XII стагоддзях і доўга быў даступны выключна для заможных людзей. Таму сяляне стараліся здабываць мёд і займаліся бортніцтвам.

Пчаліны мёд у беларусаў быў сімвалам сяброўства. Па народных павер’ях, нават вораг, якога пачаставалі мёдам, пасля мог стаць сябрам. На беларускіх землях быў вядомы звычай «Сябрыны», калі пчаляр дарыў аднавяскоўцу рой пчол. Затым чалавек, упершыню атрымаўшы мёд, паловай яго дзяліўся з тым, хто яго дарыў. Так захап­ленне мёдам замацоўвала сяброўства на доўгія гады. Дзякаваць суседу за падораных пчол было таго варта. Прадукты пчалярства — воск, праполіс — выкарыстоўвалі пры вырабе розных лекаў, а мёд і воск на нашых землях былі ў ліку асноўных гандлёвых прадуктаў і нават служылі грашовым эквівалентам.

Людзі на сваіх сядзібах заводзілі пчальнікі на сотні вулляў. Для збору мёду вырабляліся і калодныя вуллі. Іх таксама называлі борцямі альбо калодамі. Яны ўяўлялі сабой адрэзак ствала тоўстага дрэва, пустога знутры. Калоды замацоўвалі на дрэвах на вышыні да 15 метраў у ліпавых і бярозавых гаях паблізу лугоў, багатых меданосамі. Пчаляры ўзбіраліся на дрэва, перакінуўшы праз сук доўгую вяроўку, сплеценую з моцных нітак. Пры спрыяльным надвор’і з кожнай борці атрымлівалі па два і больш пудоў мёду. Лепшым лічыўся ліпавы мёд — «ліпавей». Продкі называлі яго «празрыстым і чыстым, як крынічны струмень».

Сустракаліся і вуллі, плеценыя з лазы ці саломы. Іх таксама падымалі на дрэвы. Улетку, калі зацвіталі лугавыя травы, ліпа, грэчка, верас, пчаляры адвозілі вуллі на дзясяткі вёрст у месцы медазбору.

З часам бортніцтва стала менш выгадным. Памяншаліся плошчы лясоў, а потым з’явілася тэхналогія атрымання цукру з буракоў — цана на мёд паступова падала. На змену бортніцтву прыйшло пчалярства.

АД ПРАДЗЕДАЎ

Мёд беларусы елі ў чыстым выглядзе, рабілі мядовую сыту, варылі і настойвалі хмельныя напоі. Быў вядомы празрысты чысты напой з мядовым смакам «ліпец». Мёд разбаўлялі вадой. Адсюль і такія наз­вы: мёд-паўтарак і трайны мёд. Таксама існавалі «вішнёўкі» і «маліннікі», якія гатаваліся з дадаваннем ягад. Быў і напой пад назвай «крупнік», які варылі з гарэлкі з мёдам, карыцай, гваздзікай, мускатным арэхам і іншымі прыправамі.

kuzmich@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter