Пражыць, як песню спець

Генадзь Паўлавіч Дзямешка ў свае амаль сто гадоў без справы не сядзіць

Ён злуецца, калі пенсію называюць заслужаным адпачынкам, і ў свае амаль сто гадоў без справы не сядзіць

Ён злуецца, калі пенсію называюць заслужаным адпачынкам, і ў свае амаль сто гадоў без справы не сядзіць


У АКУРАТНЫМ двары, каля дабротнай ашаляванай хаты стаяў прыкрыты палімернай плёнкай самаробны трактарок.

— Яго Паўлавіч зладзіў сам, — патлумачыў мне мэр самага малога беларускага горада — Дзісны — Аляксандр Качан. — Абрабляў агароды — і сабе, і людзям. 

Пастукалі ў дзверы, але ніхто доўга не адчыняў, і мы было павярнулі назад, як неўзабаве на парозе паказаўся мужчына багатырскага росту. Цяжка паверыць, што Генадзю Паўлавічу ДЗЯМЕШКА амаль сотня год.


Генадзь Паўлавіч ДЗЯМЕШКА.

— Мы — доўгажыхары, — расказваў потым ён. — Дзед Васіль, напрыклад, які ваяваў яшчэ ў турэцкую, пражыў больш за сто гадоў. Мая маці, Дар’я Францаўна, пражыла 98 і магла б «пераваліць» таксама за сотню, калі б не няшчасны выпадак. Яе сястра пражыла 102 гады. 

І, трохі памаўчаўшы, працягваў пра сваё жыццё: 

— Нарадзіўся я ў Траскунах, 14 хат якіх месціліся на пагорку. Жылі ў Заходняй Беларусі пад панскай Польшчай. Зямлі было мала, і бацька арандаваў яе ў багатых гаспадароў. Мы, дзеці, дапамагалі яму. У шэсць год я ўжо ўпраўляўся з каровамі. Памятаю, пасвіў іх у лесе разам з авечкамі, як раптам выскаквае з-за кустоў воўк і хапае беленькае ягня. А ў мяне ў руцэ толькі маленькі дубчык. Замахнуўся я на злыдня, воўк павярнуўся, скінуў авечачку і заляскаў зубамі. Напэўна б, разарваў, але тут каровы і бык як зараўлі, як кінуліся на ваўка, што той рвануў наўцёкі. 

А яшчэ запомнілася, як ледзь не стаў амерыканцам. Аднаго разу бацька вярнуўся з Міёраў і сказаў, што падпісаў кантракт на работу ў Амерыцы, куды павінна выехаць і ўся наша сям’я. Маці загаласіла: »Як жа мы паедзем, калі на руках чацвёра дзяцей?!» Маці паддаквала бабуля: «Куды валачыся за той акіян? Хату во новую пачалі ставіць...» На лямант збегліся ўсе суседзі. Гоман стаяў да позняй ночы. Я з бабуляй лёг на печы, яна гладзіла мяне па галоўцы і супакойвала: «Не паедзеш, унучак, у Амерыку, не паедзеш! Не пушчу!...» Ніхто ў тую ноч так і не заснуў, а раніцою бацька «здаўся». Праўда, радасць была нядоўгай: бабуліна сэрца, якая ніколі не скардзілася на недамаганне, не вытрымала перажыванняў... 

Я па-ранейшаму батрачыў па чужых людзях: кароў пасвіў, іншую чарнавую работу выконваў да васямнаццаці год. І вось надакучыла так бадзяцца — захацеў набыць спецыяльнасць. А па суседству жыў столяр, які і пагадзіўся ўзяць мяне ў памочнікі. Пакуль вучыўся, перабраў усе інструменты — ад сякеры да рубанка, — але навучыўся справе. У каго бочка рассыпалася — дно ўстаўлю, каму ложак зладжу, вокны, дзверы....

— Генадзь Паўлавіч, чуў, што вы самі сабе выпісалі павестку на службу?

— Было такое. Працаваў я тады сакратаром Ліпацінскага сельскага Савета і вёў таксама ваенны ўлік. Калі прыйшла пара ісці ў армію, выпісаў сабе павестку і з ёй падаўся ў ваенкамат. Мяне хацелі пакінуць, адгаворвалі, што граматны, ведаю работу і больш патрэбен дома. Але я настаяў на сваім: трэба служыць — пайду!

— Дзе сустрэлі вайну?

— Каля Чарнігава, у летніх лагерах. Там размяшчалася тады наша палкавая школа. Першы дзень немцы бамбілі вялікія гарады, а апоўдні 23 чэрвеня вырашылі мы з таварышамі памыцца ў рацэ. Толькі распрануліся, аж глядзім — прама на нас самалёты з крыжамі ляцяць. Мы ў ваду — так засталіся тады жывыя. Потым з цяжкімі баямі адступалі праз увесь Данбас і далей на ўсход. Смерць нейкім чынам літавала. 

Але, як ні парадаксальна, загінуць мог не ад кулі і бомбы. Выйшла так, што ў 1942 годзе пад Сталінградам трапіў ў шпіталь. А там ва ўрачэбным персанале аказалася фашысцкая дыверсантка. Яна атравіла амаль усіх нашых байцоў. Мяне цудам выратавала медсястра. Праўда, колькі не шукаў потым яе, так і не знайшоў, каб падзякаваць. 

У свой полк вярнуўся, калі нашы ўжо гналі немцаў на Захад. Вайна для мяне закончылася ў канцы 1944 года, калі быў залічаны на курсы малодшых лейтэнантаў.

— Закончылася, можна сказаць, умоўна, бо адразу пасля яе вы вярнуліся ў родныя мясціны і пайшлі служыць у міліцыю, дзе быў той жа фронт, толькі часта нябачны.

— Так, было ўсяго, асабліва ў першыя гады. Памятаю, аднойчы прыходзіць да мяне жыхар мястэчка Леванполь і заяўляе: «Хачу застрэліць старшыню калгаса!» Я гавару: «Вы ж ведаеце, што за забойства чалавека пагражае?» А ён стаіць на сваім. Прычына ж была наступная. Чалавек жыў па суседству са старшынёй. Той быў надта капрызны, і невядома як, напэўна, памылкова, трапіў на гэту пасаду. Аднойчы сабраў усю калгасную тэхніку і пераараў у чалавека агарод, выкарчаваў яблыні ў яго садзе. Вось і наважыўся гаротнік паквітацца. Маўляў, лепш у турме буду сядзець. 

Я ўсё-такі ўгаварыў яго напісаць скаргу ў газету. Прыехалі разбірацца, а мяне ўзялі за сведку. Старшыня вельмі раззлаваўся, што я стаў не на яго бок. Пачаў мне помсціць: нацягнуў паміж сосен, якія раслі па два бакі дарогі, калючы дрот. Выратавала мяне тое, што рухаўся на матацыкле памалу і фара добра свяціла... 

Праслужыў ў міліцыі трыццаць гадоў. Пабудаваў вось дом, мэблю справіў. Усё сваімі рукамі зрабіў. Гэта было даволі няпроста, бо шмат часу адымала служба. Натхняла яшчэ тое, што меўся абзавясціся сям’ёй, калі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Глафірай Міхайлаўнай.

Шчыра кажучы, у мяне яшчэ да вайны была дзяўчына Валя, з якой я і збіраўся звязаць свой лёс. Але немцы, адступаючы, забралі яе ў Германію, і там яна загінула ў горадзе Эссене пад бамбёжкай. Цяжка было змірыцца са стратай, аднак жыццё ёсць жыццё. І вось аднойчы я зайшоў у Дзісне ў друкарню і там пазнаёміўся з Глафірай. 

Далей — болей: пачалі сустракацца. Аднойчы кажу ёй: «Глафіра, трэба паказацца неяк тваім бацькам?» І пайшлі мы ў вёску Рыжмонты да іх. Цешча, як убачыла мяне ў міліцэйскай форме, адразу загаласіла: «Ай-яй-яй, а ў яго ні кала ні двара. Адна зарплата!..» А яны тады на сваёй гаспадарцы жылі, калгасаў яшчэ не было. Я не захацеў сваркі: калі маці не жадае — нічога не зробіш. Адзін раз не пайшоў на спатканне, другі, а потым яна сустракае і кажа: «Калі не будзем разам, то кінуся ў рэчку!» Так мы і сыйшліся. Цешча доўга не прызнавала мяне, але, калі захварэла і я вазіў яе па ўрачах, перамянілася: «Не ведала я, што ты такі харошы!» На жаль, Глафіра Міхайлаўна пайшла ўжо з гэтага жыцця. Дзяцей у нас двое. Сын Мікалай — у Наваполацку, а дачка Зіна — у Мінску. Ёсць унукі і адна праўнучка. Зімаваў сёлета ў дачкі ў Мінску, а як пацяплела, вярнуўся ў Дзісну, у сваю хату. Не магу сядзець без занятку...

— Генадзь Паўлавіч, кажуць, што вы і цяпер спяваеце ў хоры гарадскога Дома культуры?

— Стараюся. А ўвогуле я роўна дваццаць год быў кіраўніком хору Дзісненскага гарадскога Дома культуры. Голас да таго ж у мяне быў добры. Шмат выступалі.

— А адкуль у вас паэтычны дар і такая цудоўная беларуская мова?

— Яшчэ пры Польшчы мне хацелася вучыцца далей, не абмяжоўвацца пачатковай школай, але на гэта патрабаваліся вялікія грошы. Мой сусед Пётр Лаўрычонак заплаціў 500 злотых, каб паступіць у Віленскую гімназію. Яму дапамог багаты дзядзька. У мяне такой магчымасці не было. Але Пётр па сяброўству даваў мне падручнікі, па якіх вучыўся ў гімназіі. Я самастойна іх штудзіраваў. Выпісваў газету «Шлях моладзі», якая выходзіла ў Вільні і ў якой друкаваліся творы Міхася Машары і Максіма Танка. Напісаў сам карэспандэнцыю ў газету аб бядотах нашых вяскоўцаў, якая наўздзіў хутка была змешчана. Даслаў яшчэ адзін ліст, але газета больш не выходзіла. Натхненне чэрпаю ад людзей і прыроды роднага краю. Паэзія прыдае сілы. Маладзееш, забываеш пра свае гады. У мяне нярэдка пытаюцца: «Як ты, Дзямешка, дацягнуў да такога ўзросту?» «Дацягнуў» — кепскае слова. Як і тое, што пенсію называюць заслужаным адпачынкам. Ад чаго адпачынак? Ад жыцця?!

saulich@bk.ru

Міёрскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?