Праз усё жыццё.

“Хачу расказаць пра  рамантыку, якая ўсё жыццё суправаджае мяне. У 1961 годзе я паехала ў горад Брацк на камсамольскую новабудоўлю. Туды з горада Астрахані па камсамольскай пуцёўцы прыехаў і Юрый  Мацвееў. Аднойчы мы працавалі ў тайзе. Каля нас  спынілася машына, хлопцы, якія ехалі ў ёй, падышлі да нас. Дзяўчаты нашы былі ўсе як на падбор. Завязалася гутарка. Юра Мацвееў некалькі разоў нас сфатаграфаваў. Ён мне адразу запаў у душу. Фотаздымкі нам прынеслі на танцы. Я там якраз дзяжурыла і адразу ўсіх прапусціла на танцпляцоўку. Юра потым запрашаў  мяне ў кіно, на каток, на спартыўна-масавыя і культурныя мерапрыемствы. Я была такая шчаслівая, але гэта працягвалася нядоўга. Юра па тэлеграме маці паляцеў дадому. Пасля гэтага я доўга не магла супакоіцца, думала, што жыццё маё ў Брацку спынілася. Адпрацавала два тыдні і паехала на сваю малую радзіму. Пазней мы з Юрам перапісваліся. Ён вучыўся ў вучылішчы грамадзянскай авіяцыі ў горадзе Крамянчугу на Палтаўшчыне. Пісаў, што  па-ранейшаму мой сябар, але перапіска наша хутка спынілася. Ведаю, што пасля вучылішча Юрый Мікалаевіч МАЦВЕЕЎ працаваў па спецыяльнасці ў Растове-на-Доне. У 2001 годзе, а дакладней 18 чэрвеня, я была ў Маскве. Ля аднаго з фантанаў здымалі праграму “Жди меня”, і я з яе дапамогай павіншавала Юрыя з шасцідзесяцігоддзем. Гэта паказалі па тэлевізары намнога пазней і вельмі скарацілі, але мой верш пра юбіляра застаўся. Не ведаю толькі, ці бачыў гэты сюжэт Юрый Мікалаевіч Мацвееў, які заўсёды ў маім жыцці, сэрцы. Я жыву ўспамінамі пра таго Юрыя. Іншага не ведаю, не бачыла. Спадзяюся, што лёс сябра склаўся ўдала і ён шчаслівы.  Ніна Цярэнцьеўна, Мазыр”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter