Праз цернi — да Саюза

На чым мацуюцца прыступкi iнтэграцыi

На чым мацуюцца прыступкi iнтэграцыi

Без эканамiчнага зблiжэння Беларусь i Расiя не могуць разлiчваць на фармiраванне паўнацэннай Саюзнай дзяржавы. Праблемы унiфiкацыi падыходаў у сферы мытна-тарыфнага рэгулявання паставак аўтамабiляў, пiва, цукру, iншых тавараў, у галiне iнвестыцыйнай дзейнасцi па-ранейшаму застаюцца актуальнымi.

У зоне свабоднага гандлю дзве краiны кантактуюць з 1992 года. Беларусь i Расiя гандлююць памiж сабой без мытных пошлiн. I самая галоўная задача — абаранiць унутраны рынак ад прадукцыi трэцiх краiн. За больш як дзесяць гадоў удзельнiцы Саюзнай дзяржавы ўжо унiфiкавалi свае мытныя пошлiны на 85—86 працэнтаў. “Шляхам перамоў мы прыйдзем да аднаго назоўнiка”, — выказаў перакананне намеснiк дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Валерый Дрозд падчас апошняга тэлемоста, арганiзаванага Пастаянным камiтэтам Саюза.

Штогод на саюзны рынак паступае каля 35 тысяч патрыманых грузавых аўтамабiляў масай звыш 5 тон, звярнуў увагу на праблему гендырэктар фiнансава-прамысловай групы “БелРусАўта” Алег Данiлаў. I гэта больш за палову штогадовай вытворчасцi такiх аўто ў Расii i Беларусi. Заводы дзвюх краiн выпускаюць 65 тысяч машын.
Патрыманыя iмпартныя аўтамабiлi па сваiх тэхнiчных i экалагiчных характарыстыках, як правiла, саступаюць новым расiйскiм i беларускiм. Каб паставiць заслону гэтым пастаўкам, трэба, лiчыць А.Данiлаў, iстотна павысiць мытныя пошлiны.
Беларусь у аднабаковым парадку ўжо прыняла такiя меры. Гэты крок, як паведамiў кiраўнiк цэнтра грамадскiх сувязей РУП “МАЗ” Валянцiн Лопан, дазволiў павялiчыць аб’ём выпуску прадукцыi на мiнскiм аўтазаводзе на 176 працэнтаў, на сумесным прадпрыемстве “МАЗ-MAN” — больш як у 2 разы.
У Расii праблему павышэння ўвазных мытных пошлiн i унiфiкацыi iх з беларускiмi “актыўна абмяркоўваюць”, паведамiла начальнiк аддзела тарыфнага рэгулявання Мiнэканомразвiцця Галiна Маянава. Па яе словах, “рашэнне гэта вельмi сур’ёзнае, патрабуе важных заканадаўчых змяненняў”. У расiйскiх рэгiёнаў транспартная забяспечанасць i фiнансавыя магчымасцi для набыцця тэхнiкi iстотна адрознiваюцца. Таму, падкрэслiла яна, “рашэнне павiнна быць прынята ўзважанае”.
I гэта дае падставу меркаваць, што рашэнне аб унiфiкацыi тарыфаў наўрад цi будзе прынята ў блiжэйшы час.

У апошнi час на гарызонце саюзных адносiн выплылi “цукровыя” супярэчнасцi. Расiйскi бок абвiнавацiў беларускiх вытворцаў у нелегальных пастаўках на iх рынак салодкага прадукту i заявiў пра магчымасць увядзення дадатковых абмежаванняў. Прэтэнзii грунтуюцца на тым, што быццам бы беларусы пад выглядам дазволенага мiжурадавымi пагадненнямi прадукту, выпрацаванага з цукровых буракоў, пастаўляюць тавар з цукровага трыснягу, якi па колеры i смаку не адрознiваецца ад бураковага.
Аб’ём увозу з Беларусi ў Расiйскую Федэрацыю цукру перавышае маштаб беларускай вытворчасцi. Рэспублiка прадастаўляе сваiм заводам такiя прывабныя прэферэнцыi, якiх не маюць расiяне. Беларусь абмяжоўвае ўвоз на сваю тэрыторыю iмпартнага цукру, у тым лiку расiйскага, агучыў сутнасць прэтэнзiй у эфiры тэлемоста старшыня Саюза цукравытворцаў Расii Сяргей Мiронаў.
Беларусь сапраўды закупляе ў замежжы каля 150 тысяч тон цукровага трыснягу, патлумачыў сiтуацыю намеснiк дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы В.Дрозд. Аднак гэтыя пастаўкi неабходны для таго, каб загрузiць магутнасцi перажыўшых мадэрнiзацыю чатырох спецыялiзаваных прадпрыемстваў рэспублiкi. Пашырэнне пасеваў цукровых буракоў у краiне дазволiць у перспектыве ад замежных закупак адмовiцца.
Цяперашняя штогадовая ёмiстасць расiйскага рынку цукру ацэньваецца ў 5,5 мiльёна тон. Пры гэтым на iмпарт прыходзiцца каля 620 тысяч тон, з якiх 70 тысяч пастаўляе Казахстан, 50 тысяч — Кыргызстан, астатнiя 500 тысяч — Беларусь.
“Гэта i ёсць прыкладная нiша, якую можа займаць Беларусь у гандлi цукрам”, — выказаў меркаванне В.Дрозд. Створаная спецыяльная рабочая група вывучае гэту праблему. “Мы жадаем, каб дзве краіны прызналi такi аб’ём, — паведамiў ён. — Падрыхтаваны праект адпаведнага мiжурадавага пагаднення”.
На думку намеснiка дзяржсакратара, вырашэнне праблемы выйшла на заключны этап. Прычына ж узнiкшых супярэчнасцей — звычайныя спрэчкi таваравытворцаў.

Беларускi бок зацiкаўлены ў iнвестыцыях i гатовы аднавiць перамовы з расiйскiмi пiўнымi кампанiямi, заявiў начальнiк галоўнага ўпраўлення iнвестыцый Мiнэканомiкi рэспублiкi Сяргей Трафiмовiч. Аб’ектамi для рэалiзацыi сумесных праектаў могуць стаць заводы ў Слуцку, Оршы, Магiлёве. А тое, што ранейшыя спробы “Балтики”, “Очаково” не прынеслi поспеху, сведчыць толькi пра адно: iнвестары былi недастаткова найстойлiвымi.
Многiя беларускiя пiўзаводы, па яго словах, ужо правялi маштабную мадэрнiзацыю. На гэтыя мэты яны найчасцей выкарыстоўвалi ўласныя сродкi i банкаўскiя крэдыты. У той жа час, напрыклад, у Бабруйску быў задзейнiчаны амерыканскi капiтал, Вiцебску — нямецкi.
Цяпер абмяркоўваецца магчымасць удзелу чэшскiх iнвестараў у рэалiзацыi праекта ў Гродне i венгерскiх — у Iванаве.
У пэўнай ступенi прадметам канфлiкту памiж вытворцамi пiва Беларусi i Расii стала рашэнне нашай рэспублiкi ўвесцi з 18 сакавiка абавязковую маркiроўку кантрольнымi (iдэнтыфiкацыйнымi) знакамi ўсяго пiва, якое пастаўляецца ў гандлёвую сетку краiны.
Дадатковыя выдаткi, занепакоены расiяне, павысяць сабекошт iх прадукцыi i знiзяць яе канкурэнтаздольнасць на рынку. — Але ў гэтым не трэба бачыць якiхсьцi варожых крокаў, Беларусь такiм чынам абараняе свой унутраны рынак ад нелегальных паставак пеннага напою.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter