Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Чарговы Фестываль беларускай песні ў Літве прымаў горад Швянчоніс

Праз песні — да сэрцаў

На пачатку кастрычніка ў Швянчонісе прайшоў ХХІ фестываль беларускай песні. Ладзіла яго Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, якое ўзначальвае Ларыса Слесарава. Між тым галоўную ў гадавым календары лiтоўскiх беларусаў музычную iмпрэзу даўно падтрымлiваюць Дэпартамент нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Лiтвы i Амбасада Беларусі ў Лiтве. А ўнікальнасць фэсту ў тым, што кожны год ён праходзіць у розных гарадах Літвы. Прычым у тых, дзе працуюць беларускiя суполкi: Вільнюс, Клайпеда, Панявежыс, Вісагінас, Шальчынінкай, Шаўляй, Друскенінкай, Швянчоніс. З гадамі свята стала маштабным, яно ўзбагачае шматнацыянальную культуру Лiтвы, да таго ж пашырае там нашу беларускую песню. 

На сцэне ў Швянчонісе — беларускі гурт “Світанак” з Вісагінаса

Вядучыя на фестывальным канцэрце Сяргей Шабадалаў і Валянціна Іванова ад самага пачатку задалі імпрэзе лірычны тон, аздабляючы яе вершаванымі радкамі. Гледачоў і ўдзельнікаў канцэрта віталі ганаровыя госці: дарадца-пасланнік Амбасады Беларусі ў Літве Людміла Татарыновіч і дарадца Вольга Дашыневіч, загадчык аддзела па сувязях з нацыянальнымі меншасцямі пры Урадзе Літвы Раса Палюкене, дырэктар Дома культуры, член савета горада Швянчоніса Іаланта Аляхновіч, дырэктар Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе Жанна Раманоўская, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька. На свяце былі й старшыні беларускіх суполак Літвы Алег Давідзюк, Рэгіна Дзьмухоўская, Мікалай Логвін, Іван Саковіч, Валянцiн Стэх. Сустракала, частавала гасцей і была гаспадыняй фэсту Марыя Рабовіч, намесніца старшыні Швянчонскай суполкі беларусаў. Шмат зрабіла дзеля таго, каб фэст адбыўся, і старшыня суполкі Ніна Сусвіла, ды не змагла на ім пабыць па стане здароўя.

У сёлетнім фэсце паўдзельнічалі розныя беларускія вакальныя гурты: “Сябрына” з Вільнюса (мастацкі кіраўнік Валянціна Кавальчук), “Сузор’е” і “Світанак” з Вісагінаса (імі кіруюць адпаведна Ніна Мельнікава і Алена Пішчыкене), “Раніца” з Шальчынінкая (Францішак Міцкелевіч), “Купалінка” з Клайпеды (Валянціна Снігур). Ганаровымі гасцямі фэсту сёлета былі запрошаны гурты “Купалінка” з Даўгаўпілса (Латвія, Вячаслаў Пятроў) і “Жытніца” з Ашмянаў (Беларусь, Аляксандр Пашкоўскі). Са сцэны прагучала багата беларускіх народных і аўтарскіх песен, якія цёпла сустракалі гледачы.

Шматгадовае сяброўства, плённае супрацоўніцтва склалася ў паэта Станіслава Валодзькі з рознымі творчымі гуртамі беларусаў Лiтвы: амаль кожны мае ў рэпертуары песні на яго вершы. Станіслаў жа быў на фэсце ганаровым госцем, і аддадзена была яму заслужаная даніна павагі: гучалі тыя песні. Сяргей Шабадалаў спяваў песню “Ода Беларусі”, прэм’ера якой адбылася на фестывалi (музыка Сяргея Ціханава), Сяргей Юрэцкі — песню “Ручнік” (музыка Альберта Белуся), ансамбль “Раніца” — песню “Зязюля“ (музыка Аляксандра Рудзя), ансамбль “Купалінка” з Клайпеды — песню “Дзічка” (музыка Міколы Яцкова). Напрыканцы святочнага канцэрта ўсе ўдзельнікі фестывалю, ды й зала спявалі песню на словы Станіслава Валодзькі (кампазітар Аляксандр Рудзь) “Беларускі дом”: гэта гімн Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, які гучыць на ўсіх афіцыйных мерапрыемствах.

Выказваем удзячнасць Дэпартаменту нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Лiтвы i Амбасадзе Беларусі ў Лiтве — за падтрымку фестывалю. Дзякуем Згуртаванню беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, намаганнямі якога фестываль быў створаны, сталеў — і стаў святам, якое паядноўвае беларусаў. Цяпер жа можна ўбачыць, паслухаць ды іншым паказаць плён вялікай, сістэмнай працы ўсіх беларусаў Літвы: наша песенная Кветка-фестываль прыгожа глядзіцца ў вянку адметных культур народаў краіны.

Сяргей Цыбуля, г. Вiсагiнас, Літва

Голас Радзімы № 43 (3547), чацвер, 16 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter