Праз паўвека.

“Са сваёй сяброўкай Любоў КРЫЎКО, 1936—1938 года нараджэння, я вучылася ў Гомельскім медвучылішчы.

“Са сваёй сяброўкай Любоў КРЫЎКО, 1936—1938 года нараджэння, я вучылася ў Гомельскім медвучылішчы.

Затым яна паехала ў Віцебск і там працягвала вучобу. Я ў 1955 годзе закончыла вучылішча, і мяне накіравалі на працу ў Віцебскую вобласць. Там выйшла замуж і жыву дагэтуль. Хачу знайсці сяброўку, сувязь з якой даўно страчана. Марыя Рыгораўна Пла-вінская (Аўраменка), Віцебск”.
“Шукаю сяброўку Юлію АПЕНКА (прозвішча дзявочае), 1934—1935 года нараджэння. У далёкія 1944—1950-я гады мы разам вучыліся ў Навасёлкаўскай школе Дзяржынскага раёна. Юля з братамі Васем і Мішам жыла ў дзіцячым доме. Мы вельмі сябравалі і кляліся не забываць адна адну ніколі. Праз некаторы час Юлю накіравалі ў Мінск у прафесійна-тэхнічнае вучылішча, а я паступіла ў Мінскі політэхнічны тэхнікум. Наша сувязь абарвалася, калі Юля паехала працаваць у горад Саратаў, а я — на Брэстчыну. Увесь час памятала сяброўку, старалася знайсці, але безвынікова. Нядаўна даведалася, што ў Беларусі жывуць яе сваякі. Можа, яны падкажуць адрас Юлі. Аляксандра Пятроўна Гармаза, Маларыта”.

Родныя людзі

“Дапамажыце знайсці сястру Ніну Цімафееўну БРЫЦІКАВУ, 1925 года нараджэння. Рассталіся мы ў 1943 годзе. Я захварэла на тыф, і Ніна адвезла мяне ў полацкую бальніцу. Калі паправілася, трапіла ў канцлагер. Пра лёс Ніны нічога не ведала. У 1946 годзе яна прыслала цётцы ў Полацк ліст з Ленінградскай вобласці. “Калі даведаюся, што вы жывыя, напішу яшчэ”, — паведамляла Ніна. Цётка паслала ёй ліст, але адказу не атрымала.  Яўгенія Станіславаўна Чайкоўская (Каваленка), Полацк”.
“Шукаю стрыечных брата і сястру. Брата завуць Фёдар Афанасьевіч ТКАЧОЎ, прыкладна,1953—1954 года нараджэння. Сястра Людміла Афанасьеўна ТКАЧОВА нарадзілася ў 1956 годзе. Жылі яны ў Паўднёва-Сахалінскай вобласці. Пакуль быў жывы дзядзька Афанасій Фёдаравіч Ткачоў, паміж намі існавала сувязь. А як яго і маёй маці не стала, абарвалася. Іван Лаўрэнавіч Салдаценка, Чэрыкаў”.
“Шукаю стрыечнага брата Івана Нічыпаравіча ПРАХАРЭНКУ, 1942 года нараджэння, ураджэнца вёскі Даўляды Нараўлянскага раёна. Нас разлучыла чарнобыльская бяда. Жыхары вёскі былі вымушаны пераехаць на іншае месца жыхарства. Брат з сям’ёй жыў у Комі АССР. Раней яны часта прыязджалі ў Даўляды да маці. Мяне ў Мінску таксама наведваў брат. Але сталася так, што мы страцілі сувязь. Юлія Пракопаўна Чарнышова, Мінск”.
“Раней мая сястра Валянціна Сідараўна СІМЯНКОВА, прыкладна 1933 года нараджэння, жыла на вуліцы Ангарскай у Мінску, працавала на аўтазаводзе. Затым памяняла месца работы і кватэру. Так сувязь і была страчана. Я ўжо ў сталым веку і вельмі хачу ўбачыць сястру. А таксама брата Аляксея Сідаравіча СІМЯНКОВА, 1930 года нараджэння. Ён адслужыў у войску. Затым уладкаваўся на працу ў Ленінградскай вобласці, ажаніўся, мы доўгі час перапісваліся, а потым страцілі сувязь. Надзея Сідараўна Макарава, Мінск”.
“Мой брат Юрый Дзмітрыевіч СЕМЯНЮК, 1934 года нараджэння, адслужыў у войску, але дамоў не вярнуўся, застаўся жыць у горадзе Тальяці. Мы перапісваліся. А потым я павіншавала Юру з днём нараджэння. Пісьмо маё вярнулася з паведамленнем, што ён там больш не жыве. Хачу даведацца пра лёс дарагога чалавека.  Марыя Дзмітрыеўна Андрасюк, Брэст”.

Назаўжды ў сэрцы

“Мне ўжо 85-ты год, а я кожны дзень думаю пра свайго брата Лазарчыка Аляксандра Яўстаф’евіча, які ў 1944 годзе прапаў без вестак. Апошняе пісьмо ад яго атрымалі ў верасні 1944-га. Я папрасіла ўнука, ён зняў копію, якую і высылаю вам (у пісьме прывітанні родным і знаёмым, піша, што жывы і здаровы, пісьмо і паштоўку атрымаў). Таксама высылаю копію адказу Упраўлення па ўліку загінуўшага і прапаўшага без вестак радавога і сяржанцкага саставу НКА СССР ад 14 мая 1945 г. (У адказе пазначана: “Па наведзеных даведках устаноўлена, што Лазарчык Ал-др Яўстаф’евіч быў паранены 30.10.1944 г. і эвакуіраваны ў шпіталь для лячэння. Для навя-дзення далейшых даведак звярніцеся ў Даведачнае бюро аб параненых і хворых Лячэбна-эвакуацыйнага ўпраўлення па адрасу: Масква, Варшаўская шаша, д. № 9а”.) Хачу знайсці яго след. Можа, ён пахаваны дзесьці на чужым баку, а можа, знойдуцца людзі, якія ў апошні раз бачылі Аляксандра. Вера Яўстаф’еўна Некрашэвіч, Смалявіцкі раён”.
“Мой бацька Сцяпан Трыфанавіч ЯКУШАЎ, ураджэнец вёскі Масток Магілёўскага раёна, пайшоў на фронт, калі мне было пяць гадоў. Памятаю, як маці і сёстры плакалі, калі атрымалі паведамленне, што ён загінуў. Дзе гэта здарылася, не ведаю, і спытаць няма ў каго, бо родныя мае памерлі. Дапамажыце знайсці магілу бацькі. Марыя Сцяпанаўна Засядацелева, Магілёўская вобласць”.
“Хачу даведацца, дзе загінуў і пахаваны мой муж Уладзімір Іванавіч ПЯТРАШКА, 1914 года нараджэння, з вёскі Хадакі былога Плешчаніцкага раёна. У 1939 годзе мы пажаніліся і жылі ў Халопеніцкім тады раёне на Міншчыне. Калі пачалася вайна, муж працаваў спачатку ў ваенкамаце, а потым з супрацоўнікамі быў накіраваны на фронт. На наступны дзень у Халопенічах з’явіліся фашысты. Надзеі, што муж з таварышамі засталіся жывыя, не было. Аднак яны вырваліся з варожых ціскоў і змагаліся на фронце. У 1943 годзе я атрымала паведамленне, што мой дарагі чалавек, старшы лейтэнант У.І.Пятрашка прапаў без вестак. Двое яго братоў таксама загінулі. Маці не вынесла гора, памерла. Я таксама не магу забыць гэта.  Ганна Сямёнаўна Знак, Новалукомль”.
“Шмат гадоў шукаю брата лейтэнанта Фёдара Цімафеевіча СЫЧОВА, 1920 года нараджэння, ураджэнца вёскі Жукаўка Хоцімскага раёна. Ён закончыў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум і працаваў аграномам. Затым быў накіраваны на вучобу ў ваеннае вучылішча. 16 чэрвеня 1941 года быў выпуск маладых лейтэнантаў. Пасля яго брата накіравалі на абарону заходніх рубяжоў нашай краіны. Хутка пачалася вайна, з якой дарагі чалавек не вярнуўся. Хачу даведацца пра ваенны лёс брата.  Уладзімір Цімафеевіч Сычоў, Хоцімск”.
“Нядаўна даведалася, што мой дзядзька Міхаіл Мікалаевіч АЛІМАСАЎ, 1906 года нараджэння, пасля службы ў ваенна-марскім флоце на крэйсеры “Камінтэрн” змагаўся з ворагам на тэрыторыі Беларусі ў складзе 409-га стралковага палка, 137-й стралковай дывізіі і 19 лютага 1944 года памёр ад ран. Пахаваны ў брацкай магіле ў Светлагорскім раёне. Звяртаюся да ветэранаў, якія вызвалялі Гомель і Гомельскую вобласць: адгукніцеся, хто ведаў дзядзьку і можа расказаць, як ён ваяваў і загінуў. Надзея Рыгораўна Алімасава, Салігорск”.
“Дагэтуль не ведаю, як загінуў і дзе пахаваны мой дзядзька Міхаіл Міхайлавіч ЗВЯРКОВІЧ. Калі была ў гасцях у цёткі Ганны Міхайлаўны, у Сібіры, яна расказвала, што дзякуючы Міхаілу яны і выжылі ў час вайны. Ён перавозіў на Урал параненых, рознае абсталяванне, скідваў пасылкі з харчам сваім вяскоўцам. Ляціць яго самалёт, людзі бягуць сустракаць з на-
дзеяй, што нешта ім скіне. Загінуў Міша за 19 дзён да перамогі, калі вёз у Германію на перамовы нейкіх важных асоб. Можа, адгукнуцца тыя, хто ведаў Міхаіла падчас вучобы ў Мінскім медыцынскім інстытуце, дзе ён вучыўся два гады на зубнога ўрача, або хтосьці з яго баявых сяброў. Ніна Іванаўна Рак, Гродна”.

Замуж за абодвух

“З Галінай Аляксандраўнай ПАЎЛАВАЙ мы разам вучыліся ў Мінскім педінстытуце. Прайшло больш за 50 гадоў, як мы рассталіся, і зараз, на схіле веку, часта ўспамінаю розныя цікавыя гісторыі нашай маладосці. Напрыклад, як Галіна выходзіла замуж. Была яна прыгожая, вясёлая, іграла на акардэоне, амаль усе хлопцы былі ад яе ў захапленні, а яна ніяк не магла выбраць свайго суджанага. А потым адразу за двух выйшла замуж. Як гэта ў яе атрымалася, невядома, але гісторыя была вельмі цікавая. Хачу ведаць, як склаўся лёс Галіны, ці шчаслівая яна? У Мінску жыве і наша сяброўка Вольга МАЦКЕВІЧ (прозвішча дзявочае). Магчыма, у яе ёсць адрас Галіны Паўлавай. І яшчэ. У нас, у Бабруйску, у дзіцячым садку быў таленавіты хлопчык Славік Цяцерын, які вельмі хораша спяваў. Калі вучыўся ў чацвёртым ці пятым классе, прыязджаў кампазітар Уладзімір Алоўнікаў і прапанаваў Славіку і яшчэ аднаму хлопчыку ехаць вучыцца спевам у Мінск. Цікава, як склаўся лёс Вячаслава ЦЯЦЕРЫНА. Марыя Паўлаўна Вараб’ёва (Немцава), Бабруйск”.

Не забываецца

“Цікава, як склалася жыццё майго дарагога чалавека Валянціна Сяргеевіча ДОЎГАГА, 1938 года нараджэння. Вельмі хочацца, каб быў ён шчаслівы. З 1959 па 1965 год Валянцін вучыўся ў Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце, супрацоўнічаў з часопісам “Маладосць”, дзе быў змешчаны яго фотаздымак. Калі ён пазнае, хто піша, і ўспомніць мяне, няхай адгукнецца. Вера Аляксандраўна, Уздзенскі раён”.
“Шукаю сябра маладосці Мікалая Васільевіча ЦУРКАНАВА, 1935 года нараджэння. Пазнаёміліся мы ў 1955-м, калі Мікалай праходзіў тэрміновую ваенную службу ў Полацку, а родам ён з Ташкента. Пасля паехаў дадому. Потым ён жыў у горадзе Фрунзе ў Кіргізіі, вучыўся ва ўніверсітэце на гісторыка. У 1967 годзе ў нас была сустрэча. Прайшло больш за 40 гадоў, а ўсё не магу забыць Мікалая. Аліна Дзмітрыеўна Лыскова, Наваполацк”.

Як гартавалася дружба

“У 1963 годзе я была ў санаторыі “Краскі” ў Ваўкавыскім раёне і пазнаёмілася з цудоўнай, жыццярадаснай дзяўчынкай Ірынай БУТОВІЧ, 1954 года нараджэння. У школу мы тады не хадзілі, я ляжала ў ложку каля года, Ірына не ведаю колькі. Нас, вучняў 2—3-га класаў, насілі на руках. Школьныя заданні мы выконвалі алоўкамі. Хто мог сядзець, пісалі на крэслах у пасцелі, ляжачыя — на дошцы. Успамінаю, як мы вучыліся есці. Такія капрызныя! Рыбін тлушч зусім не падабаўся. Ірына, адгукніся. Вельмі хачу даведацца пра твой лёс. Любоў Васільеўна Шэпяцюк-Цабрук, Навагрудак”.

У хустках з махрамі

“Хачу даведацца, як склалася  жыццё чалавека, з якім мяне звёў лёс у час Вялікай Айчыннай вайны. А гісторыя такая. Жылі мы ў вёсцы Харчычы Бярэзінскага раёна. Сям’я была маладая, мела траіх дзяцей. Жылі добра, але раптам пачалася вайна. Дом наш стаяў на канцы вёскі, недалёка ад лесу. Партызанам, відаць, было зручна прыходзіць да нас, каб пагрэцца, пасушыць вопратку, паесці. Памятаю, маці шыла для іх маскіровачныя халаты. Аднойчы партызаны прывялі ў наш дом хлопчыка, які быў апрануты ў дзве вялікія хусткі з махрамі. Звалі малога Слава. Ён застаўся ў нас жыць. 2 мая 1945 года памерла наша маці, якой было 25 гадоў. Нас траіх узяла бабуля, а Славу, пакуль рыхтавалі дакументы ў дзіцячы дом, прытулілі суседзі. Хлопчыка ўзялі ў дзіцячы дом у Беразіно, а мы пасяліліся ў дзіцячым доме ў Чэрвені. Дзядуля ездзіў, наведваў нас і Славу. Затым сувязь абарвалася. Адкуль, хто, чый быў хлопчык, ніхто не ведае. Мама, магчыма, ведала, але атрымалася так, што яна нікому пра гэта не паспела сказаць. Я, старэйшая, 1939 года нараджэння, сёстры з 1941-га і з 1943-га. Узрост Славы прыкладна такі ж. Валянціна Рыгораўна Дудко, Беразіно”.

Паехаў па дровы

“Дапамажыце, людзі добрыя, знайсці брата Георгія Уладзіміравіча АРЭХАВА, 1950 года нараджэння, жыхара Полацка, які сем гадоў даглядаў старэнькую маці ў вёсцы Запруддзе Глыбоцкага раёна, трымаў там агарод, гаспадарку. Летась у верасні Георгій узяў даведку на выдачу дроў, пашпарт і на веласіпедзе паехаў у Глыбокае заказваць на зіму дровы. У горадзе ён быў, там бачылі яго сваякі. А потым прапаў. Мы звярталіся ў міліцыю, аднак пошукі станоўчых вынікаў пакуль што не далі. Магчыма, з братам здарылася няшчасце: можа, ён страціў памяць, трапіў у бальніцу ці блукае па вёсках. Характар у яго спакойны, стрыманы, рукі ўмелыя. Калі Георгій ад’язджаў з дому, быў апрануты ў чорную скураную куртку, светлы джэмпер, чорныя кепку, штаны і туфлі. Можа, хто бачыў яго, паведаміце. Леаніда Уладзіміраўна Чарняўская, Полацк”.

Піражок для сяброўкі

“Я нарадзілася і жыла ў раённым цэнтры Чачэрску. У нашым горадзе быў дзіцячы дом. Я вучылася ў школе і сядзела за адной партай з дзяўчынкай Дусяй — выхаванкай гэтага дзіцячага дома. Бацькі Дусі загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Я вельмі сябравала з ёй. Усе тады жылі бедна, і калі Дуся была дзяжурнай на кухні ў дзіцячым доме, прыносіла мне піражок. Я гэта памятаю ўсё жыццё. Пасля заканчэння пачатковай школы Дусю перавялі на вучобу ў горад Ветку. Здаецца, яна была адтуль родам. Там Дуся вучылася і працавала потым швачкай. Мы з ёй перапісваліся,
і яна прыслала мне свой фотаздымак. А потым сувязь была страчана. Вельмі хачу ўбачыць Еўдакію ГАЙДАШАВУ, пагаварыць з ёй. Людміла Фёдараўна Васілеўская Карлікава), Мінск”.

Самы харошы

“Я закончыла факультэт замежных моў Ленінградскага педінстытута імя Герцэна. У нас на факультэце былі на стажыроўцы два пяцікурснікі з горада Барнаула. Адзін з іх Віктар НЕХАРОШАЎ, 1947—1948 года нараджэння, закахаўся ў мяне. Мне ён таксама спадабаўся. Мы сустракаліся некалькі разоў, а праз два месяцы я выйшла замуж за іншага. Вельмі хачу даведацца, як склаўся лёс Віктара, як ён жыве, а можа, нават і сустрэцца. 40 гадоў не магу забыць яго погляд, рамантычны стан душы, слёзы, якія былі на яго вачах, калі я сказала, што выходжу замуж. Прыкладна дваццаць гадоў таму я звярталася ў Барнаул, у стол даведак, і мне далі адрас Віктара. Я напісала, але мой ліст, відаць, не дайшоў да яго. Дапамажыце знайсці Віктара Нехарошава, і ў той жа час, як высветлілася, такога мілага, дарагога для мяне чалавека. Лілія Іванаўна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter