Праз гады з хлебам і соллю. Гэты раён пазнаеш адразу.

Па капрах, якія днём і ноччу дастаюць з зямных нетраў камень урадлівасці — сільвініт. Па беласнежнаму прыгажуну Салігорску — гораду шахцёраў, абагачальнікаў, будаўнікоў, трыкатажнікаў. Па мноству помнікаў і мемарыяльных знакаў: у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна дзейнічалі 8 партызанскіх брыгад, у радах якіх змагалася каля 7 тысяч патрыётаў, пяцёра іх землякоў сталі Героямі Савецкага Саюза. Сёння з раёна больш як у паўсотні адрасоў вагоны, параходы вязуць каштоўныя калійныя ўгнаенні, з горада на ўзвядзенне розных аб’ектаў едуць адны з лепшых у Беларусі будаўнікоў, ва ўсе вобласці рэспублікі і ў краіны блізкага замежжа адпраўляюцца высакаякасная бялізна і верхняе адзенне. Раён вырабляе горназдабываючую тэхніку. Атрымлівае малако, мяса, хлеб. Летась хлебаробы раёна намалацілі 125 тысяч тон збожжа, такога важкага караваю не ведала зямля салігорская.

Па капрах, якія днём і ноччу дастаюць з зямных нетраў камень урадлівасці — сільвініт. Па беласнежнаму прыгажуну Салігорску — гораду шахцёраў, абагачальнікаў, будаўнікоў, трыкатажнікаў. Па мноству помнікаў і мемарыяльных знакаў: у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна дзейнічалі 8 партызанскіх брыгад, у радах якіх змагалася каля 7 тысяч патрыётаў, пяцёра іх землякоў сталі Героямі Савецкага Саюза. Сёння з раёна больш як у паўсотні адрасоў вагоны, параходы вязуць каштоўныя калійныя ўгнаенні, з горада на ўзвядзенне розных аб’ектаў едуць адны з лепшых у Беларусі будаўнікоў, ва ўсе вобласці рэспублікі і ў краіны блізкага замежжа адпраўляюцца высакаякасная бялізна і верхняе адзенне. Раён вырабляе горназдабываючую тэхніку. Атрымлівае малако, мяса, хлеб. Летась хлебаробы раёна намалацілі 125 тысяч тон збожжа, такога важкага караваю не ведала зямля салігорская.

РУП “ВА “Беларуськалій”
Вытворчае аб’яднанне “Беларуськалій” — адзін з буйнейшых на тэрыторыі СНД вытворцаў і пастаўшчыкоў калійных угнаенняў для сельскай гаспадаркі. Гісторыя аб’яднання пачынаецца з 1949 года, калі было адкрыта Старобінскае радовішча калійнай солі, якое ўтварылася каля 300 мільёнаў гадоў таму. Сёння “Беларуськалій” — гэта чатыры рудаўпраўленні, дапаможныя цэхі, у якіх працуе каля 20 тысяч спецыялістаў самых розных прафесій. Здабываецца руда на глыбіні ад 400 да 1200 метраў. Вырабленыя ўгнаенні ідуць больш як у 50 краін розных кантынентаў. Акрамя іх аб’яднанне рэалізуе соль кухонную, кармавую і тэхнічную. Дзякуючы намаганням салігорскіх шахцёраў не толькі павялічылася ўраджайнасць нашых палёў, але і ўзнік адзін з прыгажэйшых гарадоў Беларусі — Салігорск.

Парк Чатырох стыхій
Створаны да 50-годдзя Салігорска, гэты парк — любімае месца адпачынку не толькі гараджан, але і шматлікіх гасцей. Падобныя арыгінальныя канструкцыі, якія сімвалізуюць стыхіі агню, зямлі, вады і паветра, наўрад ці сустрэнеш яшчэ дзе-небудзь у Беларусі... На ўваходзе ў парк стыхію агню сімвалізуюць сцягі вогненна-чырвонага колеру, замацаваныя на дузе даўжынёй паўсотні метраў. Стыхію зямлі прадстаўляе танцавальная пляцоўка, летняя эстрада з навесам, трыбуна з дзёрну.  Стыхія вады — чатырохузроўневы фантан з дэкаратыўнай падсветкай дыяметрам 32 метры і глыбінёй адзін метр, які пераліваецца рознымі колерамі вясёлкі, побач — каскад маленькіх фантанчыкаў. Стыхія паветра — гэта дэкаратыўны вятрак і алея трубак, якія гучаць ад подыху ветру.

Спартыўна-відовішчны комплекс
Першая чарга комплексу здадзена ў эксплуатацыю да 50-годдзя Салігорска, якое адзначалася ў жніўні 2008 года. Галоўны яе элемент — лядовая пляцоўка 30х61 метр. Яна лёгка можа трансфармавацца ў эстраду для выступленняў з трыбунамі на 1800 месцаў. Пасля заканчэння будаўніцтва ў комплекс акрамя Лядовага палаца будуць уваходзіць універсальная спартыўная зала для вучэбна-трэніровачных заняткаў па баскетболу, тэнісу, спартыўнай і мастацкай гімнастыцы, а па валейболу тут можна будзе праводзіць нават міжнародныя спаборніцтвы.

Ракаскарпіён
У музеі працоўнай славы РУП “ВА “Беларуськалій” знаходзіцца незвычайны экспанат — кавалак сільвініту з рэшткамі ракаскарпіёна, якія добра захаваліся. Гэты членістаногі драпежнік з шасцю парамі канечнасцей, адна з якіх была калючай ці хапальнай, жыў у тутэйшых мясцінах 350—370 мільёнаў гадоў таму. Даўжыня — 25 сантыметраў, але асобныя экземпляры ў тыя даўнія часы, сведчаць геолагі, дасягалі і 1—1,8 метра. Знаходкай зацікавіліся беларускія навукоўцы, так як ракаскарпіён — гэта продак цяперашняга скарпіёна, які з марскога асяроддзя перабраўся на сушу і палажыў пачатак заваяванню зямлі членістаногімі. Дасталі старадаўні экземпляр шахцёры Другога рудніка з глыбіны 640 метраў. Яго пакрылі спецыяльнай плёнкай. Цяпер ён даступны не толькі экскурсантам, але і навукоўцам для даследаванняў.

Браты Цубы
Зімой 1943 года гітлераўцы блакіравалі партызанскае злучэнне Васіля Каржа. Мясцовыя жыхары разам з ляснымі салдатамі адыходзілі ўглыб Палесся. У вёсцы Навіна засталіся толькі браты Міхаіл і Іван Цубы, якім ужо пераваліла за 70. Фашысты патрабавалі паказаць дарогу да партызанскай базы. Міхаіл Самуілавіч адмовіўся катэгарычна, і яго тут жа забілі. Іван Самуілавіч згадзіўся стаць правадніком. Але замест партызанскай базы завёў атрад у непраходнае месца на беразе ракі Лань. Пасмяротна Іван Цуба ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

Спелеалячэбніца
На Першым рудніку ў адпрацаваным забоі размяшчаецца рэспубліканская спелеалячэбніца. Гэта унікальная для Беларусі і блізкага замежжа ўстанова, дзе адзін комплекс лячэбных палат знаходзіцца ў масіве каменнай, другі — у пласце калійнай солі. Там людзі і пазбаўляюцца ад цяжкіх захворванняў органаў дыхання... Звычайнае паветра, якое падаецца з паверхні праз шахтныя ствалы, праходзіць па трохкіламетровым лабірынце, дзе ад солі насычаецца гаючымі лёгкімі іонамі. Пры пастаяннай тэмпературы
16 градусаў, умеранай вільготнасці яны ў першую чаргу і аздараўляюць хворых на бранхіяльную астму. Спецыфічны мікраклімат горных выпрацовак, сцвярджаюць спецыялісты, па свайму характару адпавядае крымскаму, сочынскаму.

“Зялёны Бор”
Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зялёны Бор” знаходзіцца ў сасновым бары за 14 кіламетраў ад Салігорска. Унікальнасць “Зялёнага Бору” — 11 палат, дзе сцены выкладзены з блокаў калійнай солі — ад іх паветра насычаецца лёгкімі іонамі, ствараецца штучны мікраклімат, які вельмі дапамагае хворым на бранхіяльную астму, астматычны бранхіт, ён станоўча ўздзейнічае і на дыханне, кровазварот, нервовую сістэму. Рацыянальнае, правільна збалансаванае харчаванне, шматлікія сюжэтна-ролевыя гульні, 6 студый для заняткаў па інтарэсах — усё гэта прыдае энергіі і здароўя хлопчыкам і дзяўчынкам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter