Литератор Сергей Чигрин ждет гостей Дня белорусской письменности в своем родном Слониме

Правінцыі сёння не існуе

Вядомы паэт, пісьменнік, літаратуразнавец, краязнавец, перакладчык і даследчык Сяргей Чыгрын — знакавае імя для літаратурнай Слонімшчыны, якая сустрэне 1 верасня 26-е свята Дня беларускага пісьменства. Сяргей Мікалаевіч усё жыццё вывучае гісторыю і культуру Беларусі і замежжа. Выпусціў больш за 60 кніг, апублікаваў сотні артыкулаў, прысвечаных вядомым дзеячам беларускай гісторыі і культуры, актыўна заахвочвае моладзь да вывучэння сваёй спадчыны і на творчы пошук.

— Сяргей Мікалаевіч, якія сюрпрызы падрыхтавалі вы да свята?

Фота з асабістага архіва.
— У выдавецтве «Беларусь» выйшла мая кніга «Слонімшчына: гістарычныя нататкі». Яна ўжо паступіла ў кнігарні Слоніма і, магчыма, ужо ёсць у кнігарнях Мінска. Гэта незвычайнае выданне, падобнага яшчэ не было ў Беларусі. Кніга складаецца з невялікіх гістарычных нататкаў, аздобленых здымкамі. Ужо прайшла яе прэзентацыя ў нашым новым кніжным магазіне «Санэт» сеткі «Белкніга». Яго ўрачыстае адкрыццё адбудзецца 31 жніўня пры ўдзеле міністра інфармацыі Алеся Карлюкевіча і гасцей Дня беларускага пісьменства. Там будуць прэзентавацца і іншыя выданні па Слонімшчыне.

Акрамя таго, убачыла свет мая «Гістарычная мазаіка Слонімшчыны» ў дзвюх кнігах. Выйшаў набор маіх паштовак «Пісьменнікі слонімскай зямлі», а таксама кніга «Літаратурная Слонімшчына» і шэраг іншых выданняў.

— А чым будзе здзіўляць гасцей сам Слонім?

— Слонім — такі горад, што і без вялікага свята заў­сёды здзіўляе… Гэта горад турыстычны. Горад, які мае вялікую гісторыю. Горад, дзе пражываюць лю­дзі многіх нацыянальнасцей і веравызнанняў. У нас ёсць і касцёлы, і праваслаўныя храмы, дзве сінагогі (праўда, яны не дзейнічаюць) і татарская мячэць, якая дзейнічае. Усё гэта вельмі ўпрыгожвае горад.

Да свята на плошчы Леніна каля Слонімскага драматычнага тэатра ўстанавілі помнік дзяржаўнаму дзеячу, вялікаму канцлеру ВКЛ Льву Сапегу. Аўтарскую групу па стрварэнні помніка ўзначаліў народны мастак Беларусі, вядомы скульптар Іван Міско, які сам родам са Слонімшчыны. Гэты салідны помнік вельмі добра ўпісаўся ў наш горад. Яго ўрачыстае адкрыццё адбудзецца раніцай 1 верасня пры ўдзеле творчай інтэлігенцыі і групы яго аўтараў з Мінска — Івана Міско, Уладзіміра Піпіна і Сяргея Логвіна.

На свяце будзе дзейнічаць 16 пляцовак пад назвамі «ЛІТАРАльна наш тэатр», «ЛІТАРАльна наша мова», «ЛІТАРАльна наша мастацтва» і гэтак далей. Зроблена шмат графіці, дзе адлюстроўваецца гісторыя беларускай кнігі. Добраўпарадкоўваецца канал Агінскага. Слонімскі драматычны тэатр пакажа спектакль «Камедыя», а Купалаўскі тэатр на сцэне раённага цэнтра культуры — пастаноўку «Вечар» па п’есе Аляксея Дударава. Сваё майстэрства прадэманструе мноства калектываў мастацкай самадзейнасці, пройдуць выставы кніг, будзе працаваць паэтычная пляцоўка, дзе выступяць розныя літаратары.

Падчас свята адбудзецца ўрачыстае ўзнагаро­джанне Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. Сярод лаўрэатаў гэтага года — наш слонімскі пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік, які атрымае ўзнагароду за свае дзіцячыя выданні апошніх гадоў.

— Калі зазірнуць у мінулае, як змянялася літаратурная сітуацыя ў Слоніме? Вы маглі б сказаць, што нейкі час быў асабліва ўдалым, адметным, залатым перыядам?

— Слонімшчына — адзін з багацейшых рэгіёнаў у Гродзенскай вобласці па літаратурных талентах. Магчыма, на Навагрудчыне іх троху болей, але я нават і не ўпэўнены. І такі залаты перыяд для слонімскай літаратуры, мне здаецца, быў у кожным стагоддзі — і ў XIX, і ў XX… І цяпер вельмі шмат літаратараў пражывае на Слонімшчыне. Калі ўспомніць даваенны час, то тут жыў вельмі цудоўны і таленавіты паэт, мастак, музыкант Гальяш Леўчык. Яго хатка знахо­дзілася на Чырвонаармейскай вуліцы і захоўвалася там да 1962 года. Ён быў і калекцыянерам, збіраў усё беларускае. У Варшаве меў аднапакаёвую кватэру, якая была запоўнена старымі беларускімі выданнямі. Але ўсё гэта бясследна знікла, Гальяш Леўчык загінуў у Варшаве ў 1944-м пры нявысветленых ­абставінах. У 1912 годзе ён выдаў свой першы зборнік «Чыжык беларускі», падрыхтаваў яшчэ 4 кнігі. Але ім не суджана было пабачыць свет, толькі ў 1980 годзе Янка Саламевіч выдаў яго выбраныя творы пад вокладкай зборніка «Доля і хлеб».

На Слонімшчыне нарадзіўся вельмі таленавіты празаік, драматург і паэт Кандрат Лейка. Калі браць час крыху бліжэйшы, літаратурная Слонімшчына — гэта празаік і паэт Сяргей Новік-Пяюн і паэт Анатоль Іверс, аўтар вядомых драматычных паэм Мікола Арочка (ён пахаваны ў вёсцы Вецявічы), прафесар, доктар філалагічных навук Алег Лойка, які сышоў ад нас у 2008 годзе. На жаль, няма сярод нас і Івана Сяргейчыка, які вельмі таленавіта пісаў пра Афганістан, і энцыклапедыста Янкі Саламевіча, і перакладчыка Уладзіміра Сакалоўскага.

— Сяргей Мікалаевіч, а як вам самому ўдалося напісаць больш за 60 кніг?

— Беларускім мастацтвам, літаратурай, тэатрам і кіно я цікаўлюся недзе з шостага класа, як, мабыць, і адзін з маіх герояў — Гальяш Леўчык. Збіраў інфармацыю і дакументы, якія перш за ўсё датычыліся Гродзеншчыны, Слонімшчыны. Паступова складваліся вялікія архівы. Усе яны ляглі ў аснову маіх даследаванняў. Рана пачаў друкавацца ў слонімскай раённай газеце «За перамогу камунізму», у часопісах і газетах «Бярозка», «Піянер Беларусі», «Зорька», «Чырвоная змена», «Гродзенская праўда», у розных альманахах. Паступова атрымалася шмат публікацый — дзясяткі тысяч. Іх трэба было ўжо неяк аб’яднаць, скампанаваць па тэмах і кнігах. Так яны і складаліся, выдаваліся рознымі шляхамі: дзе за ўласны кошт, дзе спонсары дапамагалі. Паціху і назбіралася гэтая лічба выданняў.

— На ваш погляд, сучаснаму Слоніму ўдалося захаваць атмасферу мінуўшчыны часоў Сапегі, Агінскага?

— Цяжка сказаць… Напрыклад, Слонім мае багатыя тэатральныя традыцыі. Ужо ў другой палове XVIII стагоддзя Міхал Казімір Агінскі стварыў тут тэатр, які стаў знакамітым на ўсю Еўропу. Агінскі пабудаваў тэатр дзякуючу Льву Сапегу, які вельмі любіў Слонім і быў калісьці слонімскім старастай. У пастаноўках прымалі ўдзел італьянскія, французскія, нямецкія, польскія і, вядома ж, беларускія артысты. Тэатр праіснаваў каля 20 гадоў — прыблізна з ­1775-га па 1790-я.

Міхал Казімір Агінскі не толькі стварыў тэатр, але пабудаваў малы канал, які праходзіць праз Слонім, і вялікі канал, які злучае Ясельду са Шчараю. А Леў Сапега раней за Агінскага пабудаваў вельмі шмат храмаў у Слоніме. Тут адбываліся сеймікі Вялікага Княства Літоўскага. Па маёй інфармацыі, у слонімскай друкарні Сапегаў набіраўся статут ВКЛ, які потым друкаваўся ў Вільні. Менавіта Сапега зрабіў Слонім такім вялікім, багатым, прамысловым і культурным горадам…

Сёння тэатральнае жыццё ў горадзе працягваецца. 1 студзеня 2020 года Слонімскі дзяржаўны драматычны тэатр адзначыць 30 гадоў свайго існавання. Зараз я працую загадчыкам літаратурнай часткі тэатра. Бачу, як амаль з першых дзён традыцыі, якія заклаў Міхал Казімір Агінскі, працягваюцца. Тут нарадзілася больш за 100 пастановак па творах беларускіх драматургаў і аўтараў з іншых краін — Расіі, Польшчы, Італіі, Украіны, Францыі. Вельмі шмат спектакляў ідзе на беларускай мове. І я пераклаў на яе дзесьці 20 п’ес. Тэатр шмат працуе для дзяцей. Мэтай яго стварэння ў 1990 годзе была прапаганда тэатральнага мастацтва ў глыбінцы. Каб ён ездзіў на гастролі ў тыя мясціны і рэгіёны, куда не змогуць даехаць сталічныя калектывы — Купалаўскі ці Вялікі тэатр оперы і балета. Гэта ўсё ўдалося зрабіць.

Гадоў пяць таму мы пераехалі ў новы будынак. Ён узведзены на месцы былога Народнага дома. Нават захавалі некалькі сцен гэтага гістарычнага аб’екта. Чаму захавалі? Ды таму, што ў сценах былога Народнага дома выступалі такія вядомыя артысты, як Фёдар Шаляпін, Галіна Вішнеўская, Ян Капура, Міхась Забэйда-Суміцкі і многія іншыя. Цяпер наш прыгожы тэатр знаходзіцца ў самым цэнтры Слоніма на плошчы Леніна. Побач узвышаецца помнік Льву Сапегу. На будынку тэатра — мемарыяльная шыльда, якая сведчыць аб тым, што тут пра­цягва­юц­ца традыцыі Міхала Казіміра Агінскага. Пасля Дня беларускага пісьменства мы плануем адкрыць яму бюст недалёка ад тэатра.

— А ці ёсць на Слонімшчыне новае пакаленне пісьменнікаў?

— Вядома ж, ёсць. Але, на жаль, сучасныя літаратары ўжо стараюцца жыць у вялікіх гарадах — Мінску, Гродна, Брэсце ці дзесьці за мяжой. Аднак яны часта бываюць тут, таму што ў Слоніме жывуць іх бацькі і дзяды, яны хвалююцца за горад, адсочваюць навіны ў інтэрнэце, кантактуюць са мной.

Напрыклад, шмат дзе друкуецца вядомы бард і паэт Яўген Барышнікаў, атрымлівае шмат літаратурных прэмій Даша Бялькевіч, часта друкуецца Святлана Варонік, якая працуе ў Брэсцкім універсітэце, на гістарычную тэму пішуць Сяргей Герасімчык і Сяргей Ёрш. Ёсць школьнікі, якія спрабуюць пісаць па-беларуску. Нядаўна я падрыхтаваў і выпусціў першы нумар слонімскага літаратурнага альманаха «Паланэз» пры фінансавай падтрымцы Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
Мы разам з гісторыкам Сяргеем Яршом ужо некалькі гадоў выдаём інтэрнэт-часопіс «Слонімскі край», які карыстаецца вельмі вялікай папулярнасцю. Кожны месяц выстаўляем свежы нумар на 20 старонках. Там публікуецца ўсё, што звязана з гісторыяй, культурай і мінуўшчынай Слоніма. Сёння вельмі многа таленавітых людзей жыве ў рэгіёнах і глыбінцы, аднак беларусы пра іх не ведаюць. Ведаюць толькі творчыя людзі, якія з імі кантактуюць. Гэта і Ігар Пракаповіч у Паставах, і Міхась Казлоўскі ў Маладзечна, і Мікола Быхаўцаў у Валкавыску, і Лявон Лаўрэш у Лідзе… Спіс гэтых людзей, што жывуць і працуюць у глыбінцы, якія пішуць сур’ёзныя даследаванні пра свае рэгіёны і нават спрабуюць іх выдаць невялікімі накладамі, можна працягваць.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter