Праверка веры

Некаторыя справы ці падзеі, рэчы ці асобы з’яўляюцца для чалавека малазначнамі, іншыя — важнымі ці вельмі важнымі
Некаторыя справы ці падзеі, рэчы ці асобы з’яўляюцца для чалавека малазначнамі, іншыя — важнымі ці вельмі важнымі. Для хрысціяніна важна сфарміраваць у сваім жыцці правільную іерархію каштоўнасцей і яе трымацца.

Калі Хрыстос выбраў 12 мужчын, каб яны былі яго апосталамі, ён не адразу даручыў ім важнае заданне пашырэння яго навукі. Гэтаму папярэднічала своеасаблівая падрыхтоўка. Яна заключалася не толькі ў паглыбленні ведаў і завучванні нейкіх ідэй. Езус паступова адкрываў сябе апосталам, якія амаль пастаянна былі побач. Так яны змаглі пазнаёміцца не з нейкай чарговай ідэалогіяй, а з асобай Богачалавека.

Праверка таго, як вучні ўспрымаюць Хрыста, адбылася ў час размовы, якая запісана ў Евангеллі паводле Лукі. На пытанне Езуса, кім лічаць яго людзі, вучні адказалі: “Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёй, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос”. І тады Ён спытаўся ў іх: “А вы кім лічыце Мяне?”. Гэта пытанне кожны дзень адгукаецца рэхам у жыцці хрысціяніна. Хто для мяне Хрыстос? Хто ён для мяне сёння? Ці, выбраўшы дарогу з Хрыстом, мы далей яе выбіраем? Даволі проста згаджацца з тым, што Бог — гэта любоў, прыгажосць, святасць і гэтак далей. Больш складана самому любіць і быць верным так, каб Бог заняў у нашым жыцці належнае месца.

Пасля таго як апостал Пётр ад імя вучняў назваў Хрыста Божым Месіяй, яны пачулі складаныя словы: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною”. Для нас гэтае заахвочванне таксама складанае. Можа, таму мы бачым у асобе Хрыста пагрозу, таго, хто хоча абмежаваць нашу свабоду, навучаючы, што не належыць падманваць, крыўдзіць, маніпуліраваць, а неабходна прабачаць, любіць, быць справядлівым і імкнуцца да дасканаласці.

Калі кожны дзень наш адказ на пытанне: “Хто для мяне Хрыстос?” будзе падобны да адказу Пятра, калі ў Хрысце мы распазнаем свайго Збаўцу, які нас любіць, калі яго Евангелле будзе для нас словам, якое дае вечнае жыццё, то тады мы пройдзем праверку нашай веры. Так мы пачнём будаваць іерархію каштоўнасцей, якая абапіраецца на духоўнае.

Узяць крыж і ісці за Хрыстом азначае прайсці дарогу, якая правядзе нас праз цемру ўласных падзенняў і цярпенне да вечнага святла. Калі расчараванне ў сваёй слабасці прыгнятае нас, з’яўляецца абыякавасць да магчымасці змен да лепшага, тады мы можам нагадаць сабе, што Бог ніколі не пакідае нас сам-насам з нашымі праблемамі.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter