Праверка на шчодрасць і культурнасць

Чаму добрыя калядныя спевы сёння замяняюцца вулічна-дваровымі?

Чаму добрыя калядныя спевы сёння замяняюцца вулічна-дваровымі з брыдкаслоўем?

«Жадаем вам зорнага неба на Каляды, інею на дрэвах, снегу і мяцеліцы». Менавіта з такімі пажаданнямі звярталіся да сваіх блізкіх, знаёмых нашы далёкія продкі ў час Калядаў. Зорнае неба на куццю абяцала ўраджай ягад і грыбоў, іней на дрэвах — багатую квецень у садах, снег і мяцелі-ца — будуць добра раіцца пчолы.

Да Калядаў рыхтаваліся, іх чакалі, іх святкавалі весела. Увечар перад старым Новым годам калядоўшчыкi пераапраналіся ў жывёл і птушак, абыходзілі хаты, выконвалі калядныя песні, у якіх віншавалі гаспадароў, жадалі ім дабра і заможнасці.

Закрануўшы калядную тэму, немагчыма не ўспомніць адзін з гэткіх вечароў, толькі ў сучаснай пастаноўцы. Мы з жонкай, як і кожны год, чакалі на стары Новы год дзяцей-калядоўшчыкаў. І яны прыйшлі. Чатыры дзяўчынкі 10—13-гадовага ўзросту, павітаўшыся, пачалі спяваць прыпеўкі, падобныя на вулічныя, дваровыя, у якіх, акрамя брыдкаслоўя, нічога да слыху не даходзіла. Мяне гэта моцна ўразіла, але жонка, як жанчына, маці і бабуля, не магла, нягледзячы на спеўкі гора-калядоўшчыкаў, ім не ад-дзякаваць. Таму хочацца расказаць, як мы, вясковая дзятва, вадзілі “казу” ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў вёсцы майго дзяцінства Карніцы, што на Глушчыне.

Рыхтавалі “казу” да скокаў загадзя. Па хатах шукалі новы аўчынны кажух і, вывернуўшы поўсцю наверх, апраналі на спецыяльна зробленую дугу. Упрыгожвалі пафарбаванай у розны колер асінавай габлюшкай. Падбіраліся некалькі моцных, але нізкарослых хлопцаў, якім даручалася вадзіць “казу”. Трэба сказаць, што скакаць унутры кажуха, трымаючы адной рукой дугу, а другой рукой звонячы невялікім званочкам, нялёгка. “Козлік” праз дзве-тры хаты быў “у мыле”.

У гурце калядоўшчыкаў было каля дзесяці чалавек, і кожны меў свае абавязкі. Пачыналі вадзіць “казу” з пачатку вёскі, з першай хаты. Адзін з калядоўшчыкаў заходзіў у хату, віншаваў усіх са святам, а затым пытаў дазволу “козачцы” паскакаць. Калі яго атрымлівалі, дык першай у хаце з’яўлялася “каза”, якая пачынала скакаць, а хлопцы-калядоўшчыкi спявалі.

Калі песня заканчвалася і “козачка” станавілася на каленцы, гаспадар, каб падняць яе, адорваў рознымі пачастункамі — грашыма, хлебам, салам, каўбасамі... У кожнай хаце стараліся сустрэць “казу” як мага лепш. Была прыкмета: калі ў хаце скача “каза”, дык у ёй усё добра, а калі “казу” не пускалі, нешта ў хаце здарылася.

Каляды — наш беларускі карнавал, у якім кожны можа забыцца пра штодзённыя клопаты і абавязкi, адчуць сябе дзіцём і трошкі падурэць. Бо кожны чалавек у душы дзіця, і яму хочацца верыць у казкі і ў тое, што наперадзе — радасць і шчасце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter